Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 2 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“ЛіМ”, 1933 год, расповед пра агітцягнік ЦК КП(б)Б пад загалоўкам “Паход у палі”:

“Брыгада пісьменьнікаў паехала разам з агітцягніком, кампазытары і музыкі дагналі цягнік у дарозе. Калі прыехала брыгада музыкаў — атрымаўся сваяасаблівы канвэер палітагітацыі. Малады кампазытар Любан напісаў музыку на верш Чарота “Мы за тэмпы”. Простая, але пераканальная музыка. Першы раз песьня выконвалася ў Воршы. Посьпех вялікі. Запомніліся матыў і словы.

Тэмпы дужа браў марудна
Першамайскі наш калгас…

Гэтыя два радкі назаўтра ведаў кожны калгасьнік. Зараз цяжка казаць аб тэй прадукцыі, якую дасьць брыгада пісьменьнікаў пасьля звароту з пасеўнай, але тое, што напісана зараз, у часе прарыву ў сяўбе, досьвіткам, на полі, у часе абеду ў хаце калгасьніка, вечарам у пракураным пакоі праўленьня — носіць баявы характар”.

“Чырвоная змена”, 1963 год, допіс Янкі Маўра з нагоды апошняга званку ў школах:

“Некаторыя хлопчыкі і дзяўчаты не падрыхтавалі сябе да гэтага выбару і цяпер разгублена рашаюць — куды ісьці? Сапраўды, куды? Якую прафэсію выбраць? Хто адкажа на гэтае пытаньне? Я думаю, што ніхто. Гэта трэба вырашаць самому. Ісьці ў жыцьцё яго нялёгкімі і шырокімі шляхамі (неабавязкова адразу паступаць вучыцца ў тэхнікум ці ў інстытут), і абавязкова знойдзеш сваё месца, сваю мару. Дарогі клічуць сьмелых і ўпартых, тых, хто не шукае лёгкага хлеба. Так, насустрач песьням, ветру і сонцу — туды, дзе чакае прызваньне, радасьць, праца!”


“Народная газета”, 1993 год, Аляксандар Класкоўскі з Сочы пра пачатак “Адкрытага Расейскага кінафэстывалю”:

“Так цяпер афіцыйна называецца фэстываль, што праходзіць гэтымі днямі ў Сочы і больш вядомы сярод прафэсіяналаў і аматараў “дзясятай музы” пад традыцыйнай назваю “Кінатаўр”. На ўрачыстым ягоным адкрыцьці шчодрая доля воплескаў была адрасавана і менскаму бізнэсмэну Валерыю Мацулевічу — кіраўніку фірмы “ВІТТ”. За папярэднія гады “Кінатаўр” заваяваў ужо рэпутацыю прэстыжнага кінафоруму са сваёй, так бы мовіць, ідэалёгіяй. А сутнасьць яе, як адзначыў той жа Валеры Мацулевіч, вельмі простая — прапагандаваць і падтрымліваць сапраўды добрае кіно. Вось толькі адзін штрых, які сьведчыць пра ўзровень адбору кінапрацаў для паказу ў двух конкурсах: фірма “ВІТТ”, нягледзячы на фундатарскі статус, так і не змагла “ўклініцца” ў праграму са “сваёй” стужкаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG