Толькі багі адразу нараджаюцца багамі, а чалавек — ён ад грахоўнага семені. І таму яно зусім ня проста выгадаваць зь вісклівага курдупеля нешта людзкае. Тым болей, што чорт дзяцей любіць і ад сябе не пушчае.
Беларусы пра гэта добра ведаюць і зь першых дзён немаўляці пачынаюць змагацца з інфэрнальнымі сіламі. Хаваюць пестуна ад злога вока, шэпчуць розныя паганскія замовы, нясуць да папа хрысьціць, вешаюць над калыскай асьвенчаны крыжык ці загавораныя знахаркай зёлкі… Цяжка сказаць, наколькі ўсё такое дапамагае, але ж людзі — яны не дурныя, і калі гэтак вычвараюцца, то пэўна бачаць у тым нейкі сэнс. Хаця, як на мой розум, дык праблема ня столькі ў нячысьціках абок дзіцяці, колькі ў ім самім. Бачыце, я мяркую, што дзеці — гэта зусім і ня дзеці, а проста апранутыя ў кашулю чарцяняты. І ўжо адно ад дарослых залежыць, ці здолеюць яны з гэтых нашчадкаў граху вырабіць штосьці паважна чалавечае. Нездарма беларусы кажуць: дзетак ня родзяць, а робяць.
Зразумела, выштукаваць чалавека зь няведама чаго — справа не аднаго дня. Тут похапкам ніяк ня ўправісься. Да таго ж патрэбная пэўная сыстэма. У беларусаў яна неверагодна простая, але надзвычай эфэктыўная. І хаця фармулюецца па-рознаму, аднак заўсёды вельмі ляканічна. Да прыкладу: дзеці растуць ад матчынага блінца, а разумнеюць ад бацькавага дубца. Інакш кажучы, як толькі нешта нялюдзкае зробіш, дык адразу і атрымай бацькаву ласку, каб ніколі не забываўся, што цябе на чалавека рыхтуюць, а не на некага там каго…
Хаця пакуль жэўжык яшчэ маленькі, яго толькі даланёй пляскаюць па азадку. І ня так дзеля ўтаймавання, а каб д’яблавы хвасток з копчыка лішне не вытыркаўся. А як трохі падрасьце і пачне ўжо рожкі паказваць, то яго за вуха круцяць. Круціць пажадана не на адну, а хаця б на дзьве закруткі, і пры гэтым цягнуць вуха да гары. Тады неслух аж на дыбкі становіцца і рожкі адразу з патыліцай раўняюцца…
Потым трэба каб яшчэ капыткі адваліліся. Тут найлепей па голых пятах лінейкай колькі разоў добра ўпражыць. Прынамсі, лінейкай злоўжывала мая маці, але ж яна была краўчыхай, а чым дзеля гэтай паважнай справы іншыя карыстаюцца, то я і ня ведаю.
Пакрысе жэўжык сталее, набіраецца розуму, але гэта яшчэ ні пра што ня кажа, бо дзіця да дванаццацці год чорту работу робіць. Таму далей больш эфэктыўна побач зь фізычнымі ўжываць маральныя мэтады ды прыёмы. Тэхналягічна самы просты — гэта паставіць бэйбуса ў кут тварам да сьцяны… І каб не варушыўся! Няма ў такім узросьце большай пакуты, чым застацца бяз руху і сьвету белага перад вачыма. Недахоп гэтага мэтаду ў тым, што самому нельга куды адысьціся, бо чарцянё адразу закруціцца на месцы, як юла, а то і язык высалапіць табе ў сьпіну. Таму ў кут пажадана ставіць на калені. Па-першае, укленчаны нягоднік, нават калі над ім і няма абраза, усё роўна мацней адчувае свой грэх, чым выпрастаны. А па-другое, тады і табе на якую хвілю можна адвярнуцца, бо з калень не адразу ўскочыш.
А цяпер колькі словаў пра адмысловы прыём, у якім карны геній беларусаў спраўдзіўся як найлепей. Што тут і казаць, у маленстве кожнага раз-пораз здараюцца гісторыі, пасьля якіх паставіць у кут, хай сабе і на калені — сьмеху варта. А вось калі пад калені насыпаць гароху ці грэчкі, дык будзе самае тое… Быць укленчаным на роўнай падлозе — усяго толькі замольваць грахі, а як на гароху — дык гэта, не раўнуючы, пры жыцьці патрапіць у пекла…
Пакуль у нас гаворка вялася адно пра мэтодыку хатняга кшталтаваньня — у тым сэнсе, што неслух заўсёды пад рукой, у чатырох сьценах. Такое пераважна здаралася глыбокай восеньню ці ўзімку, калі на вуліцу носа не высунеш і з ранку да ночы ўсе разам у цеснай хаце таўкліся: і дзеці, і дарослыя. Тлум быў нязносны, і бацькам нэрваў не хапала.
— Дзеці, дзеці, добра з вамі ўлеце, а як зімою, дык хоць аб печ галавою, — казалі яны тады.
Але, дзякаваць Богу, у нас не Сібір і большую пару году падшыванцы бавяць час на падворку ля хаты, а як трохі падрастаюць, то і на рэчцы ці ў лесе. Вядома, на вольным прасторы ў кут не паставіш, ды і за вуха не заўсёды ўхопіш, бо які дурань будзе чакаць экзэкуцыі, калі можна даць лататы і ператрываць дзе-небудзь у завугольлі, пакуль бацькоўскі гнеў хоць трохі ахлыне. Таму дзеля гэтай сытуацыі рэпрэсіўная сыстэма мадэрнізавалася. Шкада толькі, што пры гэтым яна губляла сваю разнастайнасьць, але затое робілася больш гнуткай, паколькі галоўным карным начыньнем цяпер абіраўся дубец.
Дарэчы, дубец у вясковым жыцьці ўвогуле ўнівэрсальная прылада. Ім і карову з пашы на падворак заганяюць, і парсюка ў загарадку, і чужых курэй на сваім гародзе прэсінгуюць, але перадусім, натуральна, неслухаў сьцёбаюць. На хлапца не шкадуй дубца, — слушна раіць народная мудрасьць.
Пра дубец іншым разам я можа нават і паэму напішу, бо ён варты таго. Але тут запынюся толькі на яго самай пякучай вэрсіі — крапіве. У пэўным сэнсе крапіва, прынамсі, па лютасьці пакараньня, не саступае гароху . І, адпаведна, ужываецца адно тады, калі злыдзень сваім свавольствам давядзе чалавека да такога шаленства, што той, не шкадуючы ўласных рук, выдзярэ з пад-плоту пук крапівы, дагоніць нягодніка, куды б ён ні схаваўся, і адлупцуе па голай срацы, каб аж скура курэла…
Час, вядома, ляціць імкліва. Не пасьпееш азірнуцца, як малеча вымахала ў бэйбуса з бацьку ростам. Ясная рэч, што такога доўбню лашчыць дубцом — адно людзей весяліць. І тут ўжо ніяк не абысьціся без папругі. Па-першае, яна заўсёды пры бацьку, гэта значыць, у кожны патрэбны момант якраз пад рукой. Па другое, у залежнасьці ад наробленай шкоды, можна хвастаць скурай, а можна і жалезнай пражкай. А па трэцяе (і гэта, бадай, самае істотнае), папруга — сакральны атрыбут мужчыны. І таму хоць і крыўдна, і балюча, калі бацька лупцуе папругай, але і ганарова, бо тым самым цябе ўжо як бы ў мужчыны пасьвячаюць.
Звычайна папругай і канчаецца складаны працэс штукаваньня спраўнага беларуса. Бо калі ня ўзяў чорт малога, то і вялікага ня возьме. А як узяў, дык ужо таўчы потым аболтуса ў каршэнь ні таўчы, а толку ўсё роўна ня будзе…
Зусім верагодна, што некага мае папярэднія развагі моцна абураць. Маўляў, можна падумаць, быццам гадаваць дзяцей па-беларуску, гэта ўсяго толькі круціць ім вушы, трымаць па кутах на каленях, сьцёбаць дубцом і лупцаваць папругай… І абураныя будуць мець рацыю. Бо хіба ж мы вылюдкі якія? Нічуць ня горшыя за хоць каго! А што да дзяцей, дык беражэм і песьцім іх, бадай, нават і залішне, бо з уласнага досьведу ведаем, што доля беларуса гаротная — дык хай хоць у маленстве з жыцьця пацешацца.
Дарэчы, і караем неслухаў досыць рэдка, часьцей абыходзімся адно віртуальнымі пагрозамі кшталту: от ты ў мяне зараз заробіш, якія зазвычай пустым гукам чэзнуць у паветры. А яно і навошта без патрэбы рукамі махаць? Галоўнае, каб гадаванец трымаўся межаў чалавечага і як пацеры ведаў, што калі самахоць перакрочыць у нялюдзкае, дык вось тады хай сам на сябе і наракае.
І апошняе. Народная пэдагогіка беларусаў надзвычай багатая як на прыватныя парады, гэтак і на канцэптуальныя прапановы, але асабіста мяне найболей чаруе кранальная прастата і геніяльная завершанасьць наступнага выслоўя:
— Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, зь сямі — пасі як авечку, тады і выйдзе на чалавечка.