Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ў войску служаць


Алег Дашкевіч, Менск

— Адкуль байцы твае, зямеля? — зьвярнуўся да старлея Цэхановіча нейкі, шэрага выгляду, пяхотны маёр.

— Беларусы, — глянуўшы на нас, апранутых у новую вайсковую форму новапрызваных, адказаў старлей.

— Ат, бля, шанцуе вам, рэжымнікам, а наш полк заўжды толькі да шапачнага разбору дапускаюць, — скардзіўся маёр. — Вунь адны “бабаі” засталіся, — і паказаў у той бок вагону, які быў запоўнены нашымі раўналеткамі з сонечнай Азіі.

— Ну што, — зьедліва зьвярнуўся маёр да бліжэйшага са свайго набору, — па-рускі “канэшна нэ панымаіш?”

Той напружана й крыху напалохана глядзеў на маёра.

— Ніче-ё, скора, бля, всё панімаць будешь, ур-р-рюк, — рыкнуў маёр і дастаўшы цыгарэту выйшаў у тамбур.

Так, напачатку васьмідзясятых, у пасажырскім вагоне цягніка Будапэшт–Вэспрэм, што вёз да месца службы ва Ўгоршчыне новы прызыў, для мяне сталіся відавочнымі дзьве рэчы: першае, што міжнацыянальныя адносіны ў СССР не зусім тое, што было напісана ў школьных падручніках; другое, што беларусы ў савецкім войску мелі нягоршы, як бы сказалі цяпер, імідж. Далей мае высновы толькі пацьвярджаліся. Але й беларусы квецілі суворую армейскую рэчаіснасьць фарбамі сапраўднай драматургіі.

Гомельскі хлопец, шараговы Саша Пачатак, з прычыны прозьвішча меўшы мянушку Альфа, быў выдатным зьвязовым запявалам, героем усіх “строевых смотров” і круціў раман з афіцэрскай жонкай, сакавітай расейскай барышняй Машай. Маша была старэйшая на пяць гадоў і сумавала ў гушчарах перадальпійскае флёры па роднай маскоўскай тусоўцы, пакуль не пачула Сашавых запевак. Тры летнія месяцы доўжыўся іх кароткачасовы агнявы кантакт, але надышла восень і каханкі пагарэлі, пагарэлі выпадкова.

Падчас чарговага дзяжурства Машынага мужа, у цёмную ноч Саша скочыў з другога паверху казармы, каб бегчы на спатканьне, але, прызямляючыся, выпадкова трапіў абцасам армейскага бота ў вока навабранцу, грузіну Гію, які выйшаў уначы папаліць на ганак санчасткі. Навабранец з “фарай”, якая налілася махровым цьветам у адзін сэкунд, пранізьліва й ашалела заенчыў, чым прымусіў выпаўзьці са свайго бярлогу начальніка санслужбы, які ціха карыстаў з калегамі сьпісаны сьпірт. Нічога путнага Гія патлумачыць ня здолеў, толькі цьвердзіў, што калі ён падняў голаў зірнуць на “зорнае нэба”, адтуль на яго звалілася невядома што і, зьбіўшы з ног, пакацілася праз хмызы ў бок харчовых складоў.

Доктар з калегамі, не вагаючыся, рушылі ў акрэсьленым кірунку і неўзабаве застукалі ў самым адчайным становішчы Сашу і Машу.

— Ну во табе, альфа і амэга, — разгублена скалямбурыў п’яны доктар.

Да ашуканага мужа вестка дайшла раней, чым скончылася ягонае баявое дзяжурства. Кінуўшы пост і даслаўшы патрон у патроньнік свайго “макарава”, ён памкнуў пакараць “шчанюка”. Запявалу пасьпелі паведаміць пра небясьпеку перад тым, як у казарму ўварваўся разьятраны сужэнец каханкі. Стрэлы хоць і прагучалі, але шкоды Пачатку не нарабілі. Тры дні Сашу хавалі ў камэры каравульнага памяшканьня, а ягонага апанэнта трымалі пад хатнім арыштам. Пасьля прыехала начальства і, вырашаючы, каму даслужваць у прэстыжнай Вэнгрыі, а каму выпраўляцца ў Саюз, аддало перавагу беларусу.

Гэтая гісторыя прымусіла мяне задумацца аб сваіх сяброўках-аднаклясьніцах і спарадзіла дзівосны сон, у якім крочыў я поруч зь дзяўчынай берагам празрыстае рэчкі, дзе хвалі, як у кіно, дыямэнтамі гралі на сонцы, і было так добра, як можа быць толькі ў сьне. Калі я раптам прачнуўся і ўбачыў ламаную доўгую шчыліну на казармавай столі, то стогну расчараваньня і адчаю стрымаць ня здолеў. Пабуджаны сябра на суседнім ложку, утаропіўшыся ў мяне соннымі вачыма, спытаў:

— Што, жывот баліць?

— С-с-срака, — прашыпеў я ў адказ ды пайшоў паліць. Да пад’ёму заставалася паўгадзіны, а да дэмбэлю — больш за паўтара году.

Вайсковая служба несла шмат цікавага досьведу. Наша сакрэтная частка мела сатэлітарную антэну, на якую лавіліся тэлеканалы Аўстрыі, Нямеччыны, Італіі, Швайцарыі, а кіраваў антэнай нясьвіскі беларус Віця Кохан. Пасьля адбою “дзяды” ценямі сьлізгалі за бранявыя дзьверы аддзелу касьмічнай сувязі глядзець Кубкі чэмпіёнаў, рок-канцэрты альбо, калі шанцавала, эратычныя каналы. Але тое было на другі год службы, на першы ж усё было іначай.

Два Васылі-галычаніны з-пад Івана-Франківська — Ерэмыця і Баланюк, з выгляду клясычныя “бэндэраўцы” з савецкага кіно ( зрэшты, іх так і звалі), заўжды сварыліся словам “маскаль”. Неяк па абедзе ў курылцы, ня вытрываўшы, я ў іх запытаў: “А што такое маскаль?”

— От, Василю, — хітра скрывіўшыся, зьвярнуўся Ерэмыця да Баланюка, — поясни “бульбі”, що такє москаль, а то він сказився, не знає. — І сам жа працягнуў: — Як де побачиш яку гадюку, так знай, що це — москаль.

Курылка зарагатала.

За “маскаля” іх чамусьці ніхто не чапаў, ні “дзяды”-расейцы, ні “асобы аддзел”, лічыўшы, відаць, што маскалі — гэта масквічы, да якіх стаўленьне было ня надта прыязнае.

Неяк пасьля году службы мы выправіліся са свайго лесу ў найбліжэйшы Секешфехерварскі полк па боепрыпасы. Вечарам прыйшоўшы класьціся спаць у палкавую казарму, убачылі выстраеных уздоўж сьценкі “маладых”. Рукі яны трымалі за галовамі, ногі на шырыні плеч. “Дзяды”, пераважна азэрбайджанцы, адпрацоўвалі на іх прыёмы каратэ. Сярод “выстраеных” былі ўкраінцы, расейцы, літоўцы, армяне й беларусы. Нашае зьяўленьне спыніла “трэнінг”, але пагаварыўшы зь землякамі, я зразумеў, што зь месцам службы мне надта пашанцавала, бо Секешфехерварскі полк лічыўся азіяцкім, астатніх нацыянальнасьцяў было значна менш, асабліва даставалася армянам.

Але былі гісторыі весялейшыя. Валодзя Джафараў нарадзіўся ў самым гарачым месцы СССР, туркмэнскім горадзе Кушка, быў чорны як воран, меў мігдалавыя вочы, нос, як янычарава шабля, і запіс у пашпарце ў графе “нацыянальнасьць” — беларус. Да таго ж быў вясёлы гультай, за два гады так ніводнага разу і ня здолеў падцягнуцца на турніку, за што, у гонар Шварцнэгера, быў “ахрышчаны” на Арнольда. Аднойчы на вечаровай паверцы, якую праводзіў падпалкоўнік Энгаватаў, на яго зычную каманду: “Ч-а-а-асьць, сьмірна-а”, — з шэрых салдацкіх шэрагаў нехта гучна скамандаваў: “Вольна-а-а!”Апошняе “а” пакрыў салдацкі рогат. Так паўтарылася тройчы. Прапаршчык Сучкоў, які выявіў асаблівы спрыт у вышуку, вывеўшы Арнольда перад строем, зьедліва ставіў задачу: “Ноч будзеце драіць гальюн, таварыш салдат. Пасьля ранішняй паверкі я прыходжу і ў кожным унітазе бачу сваё адлюстраваньне. Задача ясна?”

— Ясна, таварыш прапаршчык, — гугнеў Арнольд.

— Паўтарыць.

— Пасьля паверкі, вы прыходзіце і бачыце сваё адлюстраваньне ў кожным унітазе.

На наступны ранак ў кожным з ь пяці ўнітазаў, намёртва прыклееныя адмысловым армейскім клеем, красавалі фатаграфіі прапаршчыка.

— Арыгінальна, арыгінальна, — хіхікаў нават дзяжурны падпалкоўнік, прыбегшы падзівіцца на Арнольдаў пэрформанс.

Вярнуўшыся дадому, мы дзяліліся адзін з адным пражытым за два гады. Сустрэты школьны прыяцель імпэтна распавёў, як ён рэзаў вены і больш за год туляўся па дурдамах, каб “закасіць” ад войска, і ўрэшце атрымаў “белы білет” з красамоўным дыягназам. Я ж глядзеў на яго ружовыя шнары і падумаў — кожнаму сваё.

Мой прыяцель Саша Зяленка, калега ў занятках спортам, быў добры баксэр і служыць патрапіў у спартроту ў сваім Бабруйску. Прыняўшы прысягу, ён памяняў боты на звыклыя баксэркі й казарму на ўласную кватэру. Але не прайшло й тыдня, як па Сашу прыйшоў нарад міліцыі з аўтаматамі. Пільныя суседзі прасыгналілі, куды трэба, пра дэзэртыра, які ўжо тыдзень, як уцёк з арміі і хаваецца ад ганаровага абавязку пад ложкам ва ўласнай хаце.

Ваню Цітову, таксама сябру ў спорце, у падначаленыя трапіў зямляк, які адмаўляўся браць у рукі зброю з рэлігійных прычынаў. Вырашыўшы пераканаць саслужбоўца ў размове па душах, Іван прамовіў: “Ведаеш, я ж таксама хрысьціянін”. На што, проста і сумна глянуўшы на камандзіра, падначалены адказаў:

— Крестьянін ты, Ваня, а не хрысьціянін.

Іван так прыклаўся справа, што зламаў хлопцу сківіцу. Зямеля Івана ня здаў, але зброю ў рукі, вярнуўшыся са шпіталю, так да канца службы й ня ўзяў.

“Партызаны” — прызыў рэзэрвістаў на вайсковыя зборы — песьня ў беларускім кантэксьце асобная. Першы, каго я ўбачыў скрозь дэпрэсіўнае асьвятленьне сырой партызанскай зямлянкі ў 1990 годзе пад Крупкамі, быў барадаты мужык на добрым падпітку, які падняўся са сваіх нараў каля ўваходу і паказаў мне вольнае месца. Больш у вэртыкальным стане “бараду”, так яго звалі, я ня бачыў аж да маршу на палігон. Доўгі й кашчавы Барада дзень і ноч хроп як мерын, зь яго заўжды адкрытага рота пёр такі духман, што рабілася млосна. Аднойчы, ускочыўшы ў зямлянку, дзяжурны па зборы маёр, адчуўшы водар таго, што вырывалася з партызанавых нетраў, нема зароў:

— Што за бардак разьвялі, п’янь валяецца і сьмярдзіць, як керагаз, запалку паднось і патэльню стаў.

І, чыркнуўшы запалкай, насамрэч паднёс яе да рота Барады. Далей адбылося нечаканае. Ад партызанскага роту шуганула сіняе полымя і апаліла афіцэрскі шынэль. Начальнік змоўк, нібы атрымаў пад дых, глянуў на скурчаныя валаскі апаленага месца і, выскачыўшы зь зямлянкі на паветра, доўга, гучна і мацерна лаяўся пра дзесяць нарадаў па-за чаргой, пра партызанаў і пра сваю несамавітую долю. З таго часу Барада стаў Керагазам.

Трое нашых сяброў, цішком выехаўшы на выходныя дадому, вярнуліся на зборы толькі праз чатыры дні, так дамоў і не даехаўшы. Зялёныя, як іншаплянэтныя істоты, яны яшчэ суткі не вылазілі зь зямлянкі, аж да выезду на полацкі палігон Дрэтунь. Літровы слоік самагонкі, набыты ў добразычлівай бабулькі на блізкай станцыі Навасады, увёў іх у такое піке, што тры дні яны не былі здольныя нармальна рухацца і правялі ў нейкай закінутай халупе, адольваючы адлегласьць адно да бліжэйшае студні, якая іх і выратавала. Прычынай была якасьць прадукту, у які дзеля большага эфэкту дадавалася рознае дурні, кшталту курынага памёту ці пральнага парашку.

Але ўсе гэткія прыгоды асабліва не ўплывалі на агульную партызанскую дзеяздольнасьць, гаўбіцы былі своечасова раскансэрваваныя і гатовыя для марш-кідку пад Полацак на начныя стрэльбы. Нерухомыя падсьветленыя мішэні, аддаленыя на дзясятак кэмэ, накрываліся з зайздроснай дакладнасьцю, калі раптам адна зь мішэняў пачала мітусьліва й беспарадкава совацца з аднаго боку ў другі. Вызначыўшы верагодную траекторыю руху, партызанскі разьлік даў залп, на сэкунду мішэнь застыла, але пасьля зноў памкнула зь месца.

— Гэтым разам накрыем, — запэўнілі мужыкі, аж раптам зьбялелы афіцэр, адарваўшыся ад рацыі, закрычаў:

— Адставіць! Адставіць! Мішэнь не павінна рухацца!

Высьветлілася, што гэта некалькі агаладалых у дарозе партызанаў вырашылі зьлётаць у вёску па харчы, заблукалі ўпоцемку ды патрапілі на сваім “Урале” акурат на палігон. На наступны дзень камандаваньне вайсковае акругі аб’явіла збору рэзэрвістаў падзяку за выдатныя стрэльбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG