Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт – ідэальны зяць


Сяргей Дубавец, Вільня

Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у суседняй Літве, дзе да ўлады прайшоў новы кіраўнік краіны, канчаткова аформілася тая заканамернасьць, якая яшчэ ўчора не выглядала так пераканаўча: у Беларусі і вакол яе першыя пасады займаюць людзі аднаго пакаленьня, падобнага чалавечага тыпу, вобразу і з падобнымі электаральнымі матывацыямі абраныя. У Беларусі, Польшчы, Расеі і Літве кіруюць маладыя палітыкі, аматары спорту і змагары з карупцыяй. Новы літоўскі прэзыдэнт Раландас Паксас таксама дэкляруе парадак і барацьбу з хабарнікамі, ён прафэсійны лётчык, ганяе на матацыкле і абяцае ўвесьці сьмяротную кару за распаўсюд наркотыкаў. Натуральна, у кожнай з названых краінаў склалася свая сыстэма засьцярогі ад свавольства прэзыдэнта, а таксама свой грамадзкі стэрэатып нацыянальнага шляху, і новыя кіраўнікі маюць розныя магчымасьці перабудоўваць сытуацыю "пад сябе". Але гэта аб'ектыўныя ўмовы. Мы ж сёньня гаворым пра суб'ектыўны фактар, пра падабенства біяграфіяў і тыпажоў, а таксама пра тое, чаму менавіта гэтым людзям аддалі перавагу іхныя народы – беларусы, палякі, расейцы і цяпер вось – літоўцы.

Пры ўсёй маладосьці цяперашніх прэзыдэнтаў, яны ўсе выйшлі з савецкае школы. Лукашэнка – з саўгасу, Квасьнеўскі – з польскага камсамолу, Пуцін – з КГБ, Паксас – са зборнай СССР па паветранай акрабатыцы. Яны ўсе хутчэй правінцыялы з паходжаньня, зь сем'яў, дзе не было ані культурных інтэлігенцкіх традыцыяў, ані дысыдэнцтва. Усе прайшлі камсамол і школу скончылі ў часы Леаніда Ільліча Брэжнева. На знакавым узроўні яны – рэваншысты ў дачыненьні да сваіх папярэднікаў. Гэтак Лукашэнка – апалягет саветызму, які перамог незалежніка і заходніка Шушкевіча. "Левы" Квасьнеўскі прыйшоў сьледам за салідарнасьцёўцам Валэнсам. Пуцін зьмяніў рэвалюцыянэра Ельцына і вярнуў савецкую атрыбутыку. Паксас перамог амэрыканца Адамкуса, якога ўвогуле ніякім чынам не кранула савецкая эпоха. Што да герояў нашае перадачы, дык менавіта ў савецкай эпосе трэба шукаць перадгісторыю іхнага зьяўленьня на прэзыдэнцкіх пасадах.

Такім чынам, пачнем зь перадгісторыі. А менавіта з Уладзімера Ільліча Леніна. Ленін быў чалавекам без узросту і нават бяз полу. Хоць цяпер і папісваюць пра Леніна-мужчыну, але сам правадыр старанна ахоўваў свой вобраз бесьцялеснага пэрсанажа казкі пра камунізм. Сталіну было 46, калі ён адчуў у руках неабмежаваную ўладу. Хрушчову – 57, Брэжневу – 58. Канец эпохі Брэжнева стаў пачаткам пяцігодкі палітычных хаўтураў, як яе тады называлі. Лядашчыя члены палітбюро працавалі хто "ад сеткі", хто "ад батарэек", яны не маглі ўцямна гаварыць, самастойна рухацца і нават думаць. Атмасфэра пансіянату для састарэлых нарадзіла тады вобраз "вечна маладога" камуніста-бальшавіка. Як заўважыў адзін эмігранцкі пісьменьнік: вечна малады, хоць і мёртвы... Гэта тады ў тэлевізіі сталі паказваць фільм "Рэцэпт яе маладосьці", у дзяржаўныя сьвяты на цэнтральнай плошчы вывешвалі агромністыя падхарошаныя партрэты членаў палітбюро, змаляваныя зь іх колішніх здымкаў – пералік заўсёды сканчаўся загадкавымі прозьвішчамі – Капітонаў, Катушаў... Гэта тады прыдворная савецкая кампазытарка Пахмутава піша песеньку пра "вечна маладога".

"Не расстанусь з камсамолам, буду вечна малады..." Гэта ж партрэт Дарыяна Грэя, які ў жыцьці творыць бясчынствы і застаецца з выгляду маладым, бо ўсе тыя бясчынствы і цёмная сутнасьць характару – усё гэта адлюстроўваецца на ягоным партрэце. Вось дзе кантэкст. Яны пяялі "не расстанусь з камсамолам", бо хацелі, каб камсамол быў іхным партрэтам Дарыяна Грэя. Няхай ТАМ адлюстроўваюцца ўсе іхныя спайкі, пролежні і склерозы з маразмамі...

Камсамол тым часам пыжыўся адпавядаць гэтым жаданьням, быць карцінай са скопішчам усяго самага брыдкага, што ёсьць у чалавеку, кагэбізм, падхалімаж маладых, ломка лёсаў, цемрашальства з асаблівым цынізмам...

"Не расстанусь з камсамолам, буду вечна маладым" – грымела ў часы Брэжнева, Андропава, Чарненкі. І нібы наклікалі гэтыя нямоглыя дзяды маладога. Прыход Гарбачова ня мог ня стацца пачаткам радыкальных пераменаў ужо ў сілу біялягічнае маладосьці кіраўніка. І Ельцын – аднагодак Гарбачова (ён таксама з 1931 году) зусім не лядашчым дзедам узлазіў на танкі ў Маскве ў 1991-м, калі стаў першым нумарам у краіне. Кажуць, ён і сёньня здаровы як мядзьведзь. Пра ўяўную старасьць Ельцына, унутрана гатовы да пажыцьцёвае ельцынскае эпохі расейскі народ нават анэкдот склаў:

"Навагодні зварот ЕБН (так яны скарочана і любоўна-іранічна яго называлі – Ельцын Барыс Нікалаевіч). Дык вось, зварот:

– Дарагія, панімаеш, расіяне! Наступае год выбараў. Калі вы мяне выбераце, у вас будзе новы прэзыдэнт. Ну а калі вы мяне не выбераце, у вас будзе стары прэзыдэнт..."

Але, паўтаруся, Ельцын як для палітыка і кіраўніка дзяржавы і сёньня не стары. А што мог праспаць дыпляматычны прыём або іншыя конікі выкідваць, дык зусім не з-за старасьці, а з-за таго, што... Эпохі памяняліся. Тое савецкае абяцаньне "буду вечна маладым" нібы зьдзейсьнілася, але ўжо не ў савецкім, а ў чыста расейскім шлягеры. Песьні загучалі іншыя...

"Я мог бы выпіць мора, я мог бы стаць другім,
Вечна маладым, вечна п'яным..."

Расея нібы ўсімі жыламі напружылася, каб выявіць сваю спрадвечную перадвызначанасьць. І Пуцін, як кіраўнік, як вобраз, узыходзіць ужо не да Леніна-Сталіна, і нават не да Мікалаяў з Аляксандрамі, а некуды туды, у пасьлякацярынінскую эпоху.

Толькі надта ж далёка гэта для параўнаньня. Таму лепей сказаць, што Пуцін – зусім новае слова на расейскім "Полі цудаў". Слова, якога яшчэ ніхто не разгадаў. Адно энтузіязм прапуцінскі бянтэжыць. Бо ў Расеі заўсёды – чым большы энтузіязм вакол асобы кіраўніка, тым страшней ягонае праўленьне сканчаецца. Відаць, гэта маштаб краіны так уплывае. Страсьці вакол аднаго чалавека павялічваюцца ў мноства разоў. Ня тое што ў Беларусі, альбо тым больш – у суседняй Літве.

* * *

Але ня толькі ў гадох справа. Можна і так сказаць – Хлапец, Мужык, Дзед. Ужо ў гэтых тыпажах закладзеная і матывацыя паводзінаў. Прычым без асаблівай залежнасьці ад узросту. А яшчэ – паходжаньне, "зь якой сям'і", ну і маштаб даверанай тэрыторыі. Тыя, што прыйшлі цяпер – усе раўналеткі. Лукашэнка з Квасьнеўскім і зусім з аднаго году, Пуцін на два гадкі старэйшы, Паксас – на два маладзейшы. Ясна, што не дзяды і, бадай, не мужыкі. Хлапцы, бо з кожнага вылазіць нешта хлапечае, амаль дзіцячае.

Вобраз Паксаса, які сфармаваўся ў грамадзкай думцы, дапамагае вызначыць усё гэтае пакаленьне і сам гэты тып кіраўніка зусім выразна. Гэта – ідэальны зяць. Вось за што і ў якой вобразнай абалонцы іх усіх выбіралі. І адносіны да іх ва ўсіх народаў падобныя. Няхай сабе і называюць Лукашэнку бацькам – але ж ёсьць тут адкрытая іронія, калі ў расейскамоўным тэксьце праскоквае "беларускі бацька". Дзеля параўнаньня, "отцом" цяперашняга прэзыдэнта Беларусі ніхто ніколі не называў. Бо "отец" – бацька народаў – гэта Сталін. Нават ягоны самазваны нашчадак Садам Хусэйн называе сябе ўсяго толькі дзядзькам арабскіх народаў.

Такім чынам, ідэальны зяць. На такое азначэньне кіраўніка жыва адгукаецца і беларуская традыцыя.

У Слоўніку Свабоды, які з дня ў дзень зьбіраўся на радыё ў 2000 годзе, сярод старанна адабраных знакавых словаў ХХ ст. слова Прэзыдэнт няма. Няма там і Бацькі або Правадыра, Кіраўніка ці яшчэ нечага, што пазначала б гэтую зьяву – таго, хто на чале краіны, дзяржавы, нацыі. Улічваючы вагу Слоўніка Свабоды, можна меркаваць пра ступень неасэнсаванасьці асобы кіраўніка краіны ў цяперашняй Беларусі.

А што на гэты конт кажа старая традыцыя? У Слоўніку Насовіча, натуральна, прэзыдэнта няма. Ёсьць КНЯЗЬ, прычым толькі ў адным значэньні:

"КНЯЗЬ, з дадаткам прыметніка МАЛАДЫ. Жаніх.

Пытайся мама ў дочкі: ці мая?
– Не твая, мамачка, не твая;
Ды таго князя маладога,
З кім на вянцы стаяла.

Вясельная песьня."

А ўсе Купалавы паэмы пра князёў – добрых і злых, якія абавязкова занятыя сваім сужэнствам – яны ўзыходзяць да казак і песень, што складаліся спакон веку.

Колькі ж блытаніны ў паняційны апарат народу прыўнесьлі каляніяльныя ўлады са сваімі губэрнатарамі ды асаднікамі, пасьля – савецкі час са сваімі першымі сакратарамі і вось нарэшце прэзыдэнт – пэўна ж пашыранае народнае ўяўленьне ўзьвяло яго туды, да князя, які й можа быць толькі жаніх, толькі малады. Гэта калі галасаваць зусім шчыра, ад сэрца.

У Беларусі кіраўнік і разглядаецца як князь-жаніх. Можа быць у тым ліку і таму канкурэнты, якія не адпавядаюць гэтаму вобразу, ня маюць шанцаў.

Падобная сытуацыя ў Літве – ужо колькі гадоў менавіта нацыянальныя апытаньні называюць Паксаса ідэальным зяцем. Дапускаю, што гэткі матыў у народаў нашага рэгіёну ідзе з самае глыбіні душы. І калі выбіраюць не маладога і ня князя, гэта сьведчыць альбо пра глыбокі недавер да сыстэмы выбараў і ўсёй палітыкі разам, або пра абыякавасьць.

Чамусьці на папярэдніх выбарах у Літве Валдаса Адамкуса ягоны пажылы век не адыграў колькі-небудзь істотнай ролі. Думаю, што літоўцаў падкупіла тое, што ён – амэрыканец, прычым у ЗША зрабіў пасьпяховую кіраўнічую кар'еру. Але за пяць гадоў менавіта ўзрост ператварыўся ў галоўны контараргумэнт. Прэзыдэнта этычна называюць не старым ці пажылым, а стомленым. Кажуць, што прэзыдэнт абраў спакойнае і ўтульнае жыцьцё, а народ хоча перамен і парадку. Так самі літоўцы матывуюць перамогу Паксаса.
Вось жа цяпер і ў нас, і вакол нас кіруюць амаль спрэс маладыя князі, жаніхі або ідэальныя зяці.

Дзеля паўнаты карціны згадаю, што ў астатніх нашых суседзяў кіраўнікі пад названую тыпалёгію не падпадаюць. Кучма – хутчэй савецкага яшчэ тыпу кіраўнік, чыноўнік, дырэктар, хто заўгодна, толькі не Хлапец, не Мужык і ня Дзед. Ну і ў Латвіі, само сабою, асаблівая сытуацыя – там прэзыдэнтам жанчына.

Увогуле сам па сабе біялягічны ўзрост мала пра што гаворыць, бо ў кожнага чалавека свой час для росквіту. Клясычны прыклад – Максім Багдановіч, які можа й ня стаў бы любімым паэтам беларусаў, калі б выдаў не адзіны пры жыцьці зборнік, а яшчэ зь дзясятак кніг, а да таго ж стаў якім-небудзь савецкім функцыянэрам. Зь іншага боку, Янка Купала – пражыві ён столькі, колькі Багдановіч, ня быў бы найвялікшым паэтам беларусаў, бо яшчэ не напісаў сваіх галоўных твораў.

Цікавы досьвед прэзыдэнцкага ўзросту дае амэрыканская гісторыя. Там першаму прэзыдэнту Джорджу Вашынгтону, якога абралі адзінагалосна, было 57. Аўраму Лінкальну было 52. Самы малады амэрыканскі прэзыдэнт Джон Кенэды меў 44 гады, а самы стары – Рональд Рэйган – 70. Як бачым, у нашых краёх амэрыканскі стандарт не спрацоўвае. І Лукашэнка, і Квасьнеўскі – маладзейшыя за самага маладога амэрыканца, а папярэднік Паксаса Адамкус – старэйшы за самага старога прэзыдэнта ЗША. Гэта значыць, што ніякага стандарту ў нашым рэгіёне няма, прынамсі, ён яшчэ не сфармаваўся. Зь іншага боку, калі параўноўваць з амэрыканцамі, якія вельмі роўна абіраюць 50-60-гадовых кіраўнікоў на працягу ўсё сваёй гісторыі, дык можна гаварыць не пра фармаваньне стандарту, а пра стыхію, у якой мы існуем – без прыкметаў нейкай больш-менш прагназаванай будучыні. І тут самы раз зьвярнуць увагу на балянс розуму і інтуіцыі – што ў нашых кіраўнікоў, што ў народаў.

Існуе памылковае ўяўленьне, быццам талент вышэйшы за розум. Маўляў, інтэлектуальныя дасягненьні даступныя шмат каму, а талент – адзнака абраных. Таму таленавіты паэт можа быць і, як правіла, ёсьць чалавекам нязручным у дачыненьнях, аднак інтэлектуальнае асяродзьдзе мусіць гэтыя нязручнасьці цярпець, бо паэт "размаўляе зь небам", ён – "праваднік бога" і падобнае.

Насамрэч талент – гэта ніжэйшая за розум прыступка разьвіцьця. Інтуіцыя гэтаксама, як чалавеку, уласьцівая кожнаму іншаму прадстаўніку жывёльнага сьвету. Прырода інтуіцыі (розныя спалучэньні першасных і набытых інстынктаў, характару і досьведу, уплыву надвор'я і рэакцыі) паддаецца аналізу і вывучэньню. Інтэлект жа ўласьцівы толькі чалавеку і прырода ягоная дагэтуль неразгаданая.

Такім чынам, талент – гэта хутчэй падножжа ў дрэве нацыянальнае культуры, а не яе вершаліна. Інтуіцыя ўласьцівая і выдатным творцам, і імітатарам-графаманам, і шараговым прадстаўнікам нацыі паэтаў. Прычым ня ў большай і ня ў меншай ступені, чым яна ўласьцівая ўсяму прыроднаму сьвету Беларусі. Паназірайце, да прыкладу за паводзінамі качак, якія выскокваюць з кустоў перад носам вашага чаўна. Вы скажаце, што гэта ўсяго толькі маторны інстынкт. Але вось загадка. Задача качкі адцягнуць вашую ўвагу ад свайго гнязда і адвесьці далей ад яго ваш човен. Таму яна шумна шлэпае крыламі па вадзе і паўляціць-паўбяжыць перад вамі. Аддаліўшыся, яна спыняецца і чакае вашага набліжэньня. Пасьля зноў зрываецца наперад. І так доўжыцца, пакуль ваш човен не праміне некалькі зьвіваў ракі. Нарэшце яна ўзьлятае і проста па-над вамі ляціць назад да свайго гнязда. Пры гэтым паводзіны качкі заўсёды розныя. Аднойчы яна падпусьціла вас на дзесяць мэтраў, а другі раз не падпусьціла і на сто. Чым яна кіруецца? Менавіта інтуіцыяй, тым, што ў дачыненьні да паэта мы называем талентам.

І ня толькі ў дачыненьні да паэта – да прэзыдэнта таксама. Заўважце, што з прыходам да ўлады "ідэальных зяцёў" у палітыцы нашых краінаў стала нашмат больш інтуітыўнага, нематываванага, экстрасэнснага.

Сёньняшні кіраўнік Беларусі знаходзіцца на сутыку дзьвюх нацыянальных традыцыяў. Пра ідэальнага зяця мы ўжо казалі, але ёсьць яшчэ традыцыя экстрэмальнага кіраваньня. Згадайце найбольш выбітных нашых правадыроў – ад Эміліі Плятэр да Кастуся Каліноўскага, ад Заслонава – да Машэрава – гэта заўсёды людзі маладыя ці маладжавыя, у душы партызаны, гэта значыць, лясныя браты, тэрарысты – як заўгодна. І памерлі ўсе абавязкова не сваёй сьмерцю. Можа быць, гэта традыцыя інтуітыўна і падахвочвае Лукашэнку да таго, каб у палітыцы было шмат экстрыму?

Але што нам з усяго гэтага? Якія могуць быць фантазіі наконт працягу названай тэндэнцыі? Спачатку прыходзяць амэрыканцы – ці то непасрэдна на пасаду, ці ў выглядзе, скажам, нашага Шушкевіча – чалавека яўна заходняга кшталту, ці – цэлай камандай за плячамі Ельцына, а можа быць, яшчэ і Гарбачова-Горбі. Так ці інакш, прыходзяць заходнія паліттэхналёгіі. Пасьля народ ад шчырай душы абірае ідэальнага зяця, князя-жаніха... Гэта акурат сёньня такая сытуацыя. Пасьля... Што будзе пасьля? Калі дапусьціць, што народ атрымае магчымасьць і далей шчыра выбіраць і не ўпадзе ў апатыю. Гэта будзе новы, яшчэ лепшы "зяць"? Складанае пытаньне. Прэцэдэнтаў, каб адзін зяць у сумленнай барацьбе саступіў другому, няма.

Таму "ідэальныя зяці" нашага рэгіёну сёньня прадумляюць стратэгію паводзінаў, каб застацца на пасадзе на новыя, пазаканстытуцыйныя тэрміны. Пра гэта адкрыта гаворыць Лукашэнка, які ўжо сядзіць фактычна трэці тэрмін. Пра гэта за Пуціна гавораць расейскія аналітыкі. Верагодна, найменей шанцаў у гэтай справе ў Квасьнеўскага, які даседжвае другі тэрмін. Усё ж у Польшчы ён ня мае такой абсалютнай улады, як Лукашэнка ў Беларусі ці нават Пуцін у Расеі. Застаецца Паксас, які толькі прыйшоў і ў якога яшчэ шмат часу праявіць сябе.

Магчыма, каб зразумець сутнасьць зьяваў, варта расшыфраваць сам панятак "ідэальнага зяця", за якога аддае свае галасы цешча-нацыя. Цешча галасуе з асьцярогаю, бо зяць заўсёды пакідае за сабой магчымасьць самых неспадзяваных крокаў. Разьвіцьцё іх дачыненьняў можа быць лагоднае, але заўсёды крыху недзе ў глыбіні зацятае. Усё ж зяць – гэта самы дыстанцыяваны з блізкіх сваякоў. І калі менавіта такі тып кіраўніка абірае народ, значыць, народ, рызыкуючы, выяўляе асьцярожнасьць. Зяць – гэта знак невядомасьці, няпэўнасьці. Прынамсі, пра разьлік на стабільнасьць такі шчыры выбар сьведчыць меней за ўсё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG