Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элвіс Прэсьлі: небясьпечны, няшчасны і несьмяротны


Сяргей Дубавец, Вільня

16 жніўня споўніцца 25 гадоў з дня сьмерці Элвіса Прэсьлі, слыннага караля рок-н-ролу, якім у нас, у Беларусі ніколі асабліва не захапляліся. Гэткі саладжавы, пешчаны і разбэшчаны сымбаль амэрыканскае мары і спажывецкага грамадзтва, у адным шэрагу з гамбургерам і бой-фрэндам лялькі Барбі Кенам, Прэсьлі ніколі ня быў кумірам ані ў нашых джазавых ці рокавых мэляманаў, ані ў людзей паспалітых, якія аддавалі перавагу Тому Джонсу і Магамаеву, Дзіну Рыду і Абадзінскаму. Прэсьлі не знаходзіў у нас сваёй нішы. Ён быў бунтаром, які зарабляў мільёны ў тыя часы, калі сапраўдны музычны бунт ва ўяўленьні нашых людзей яшчэ не абуржуазіўся, не ператварыўся ў прыпудраны шоў-бізнэс. Можна было або верыць у рок-рэвалюцыю, або ў мяшчанскія ідэалы сытага бытнаваньня. Элвіс добра надаваўся да савецкіх карыкатураў на іхны буржуазны лад жыцьця -- бяздумны і амаральны сьвет чыстагану. І мы, прызвычаеныя шукаць у такіх карыкатурах кантэкст, тут знаходзілі толькі карыкатуру, у якую і ператварыўся напрыканцы свайго нядоўгага жыцьця гэты тлусты, азызлы, дабіты наркотыкамі і сэксуальнымі вычварэнствамі рок-н-рольны кароль.

Тым ня менш, юбілейная дата, якая па ўсім сьвеце стала цяпер адной з галоўных тэмаў, наводзіць на нечаканыя супастаўленьні і адкрыцьці. Элвіс Прэсьлі – гэты брантазаўр рок-н-ролу – трывала асацыюецца з дабітлоўскай эпохай, з 50-мі гадамі, за межы якіх ягоны вобраз не сягае. А тут раптам высьвятляецца, што памёр ён ажно ў 1977-м годзе. Зусім, так бы мовіць, нядаўна.

...Мінула ўжо сем гадоў як афіцыйна распаліся The Beatles, калі ўжо адыгралі свае лепшыя творы такія героі постбітлоўскае пары як Deep Purple, Led Zeppelin, Pink Floyd, а Элвіс яшчэ жывы. Тры разы зьмянілася музычная мода, а ён, нібы ў паралельным сьвеце, ня толькі жыў, але й дае рэкордную наведвальнасьць на сваіх канцэртах. Той парою ў Менску ўжо гралі сотні, а па Беларусі тысячы гуртоў, якія хіба што з насьмешкай называлі сябе "вакальна-інструмэнтальнымі ансамблямі", ужо прамінулі самы пік свае славы "Песьняры", і менавіта ў 77-м, увосені, ствараецца гурт "Сузор'е", той самы, зь якога, як кажуць, пачнецца гісторыя беларускага року. А Элвіс яшчэ жывы. Прычым па-ранейшаму ён самы папулярны і самы прадавальны музыка. Але ягоных песень ня граюць у Беларусі, мы папросту не зьвяртаем на яго ўвагі, іранізуем зь яго альбо нічога пра яго ня ведаем.

Акурат у 77-м мне даводзілася граць і сьпяваць у такім самадзейным гурце на менскім заводзе "Гарызонт". Чаго толькі мы ні выконвалі – і з Deep Purple, і з Сантаны і свае песенькі на вершы Янкі Купалы. Праўда, Купалу – на конкурсах, са сцэны. А звычайна, на танцах у рабочых інтэрнатах гралі рэпэртуар заходніх музыкаў. Пра Элвіса – ні слова, ні згадкі. Дыстанцыя недзе такая самая, як да рэпэртуару Льва Лешчанкі ці Кабзона.

Цяпер я думаю, што можа быць якраз у такі жнівеньскі вечар, калі мы на чатыры галасы раўлі "Smok on the water" або выцягвалі пранікнёную "Black magik woman" у душнай бітком забітай народам інтэрнатнай залі заводу футаралаў на менскім ускрайку, якраз у той самы момант славуты Элвіс казаў жонцы, што пасядзіць у прыбіральні, пачытае, а праз тры гадзіны яна знойдзе ягонае распухлае цела побач з унітазам каля аброненай кнігі і зразумее, што яго больш няма... Жыў грэшна і памёр сьмешна.

Не, не атрымаецца ў мяне ўспамінаў пра Элвіса. Хоць, шчыра кажучы, шкада. Але пра гэта крыху пазьней. А пакуль да каго я ні зьвяртаўся з нашых мэляманаў з прапановай паразважаць на тэму "Чаму я не люблю Элвіса Прэсьлі", у адказ атрымліваў адмову. А гэта, згадзіцеся, ужо інтрыгуе. Да рок-н-рольнага караля ставяцца ў лепшым выпадку абыякава. У горшым згадваюць растлусьцелага біцюга ў залатых блёстках з саладжавым голасам, маўляў, што пра яго гаварыць. Хіба толькі Зьміцер Бартосік пагадзіўся згадаць куміра нязлым ціхім словам дый тое толькі таму, што яго самога часьцяком прымаюць за Элвісавага двайніка.

(Бартосік: ) "Я ніколі ня быў фанатам Элвіса Прэсьлі. Ніколі не ўзьнікала жаданьня адпусьціць бакенбарды ці апрануць вострамысыя чаравікі на высокіх абцасах. Для мяне, апалягета расейскай аўтарскай песьні, Прэсьлеў стыль быў цалкам чужы. Пляцкартны вагон выглядаў нашмат больш прывабна за ніколі ня бачаны лімузын. Грубай вязкі швэдар значна выйграваў у маіх вачах перад атласным пінжаком. "Беламорканал" быў мацнейшы й сапраўднейшы за "Мальбара". А маскоўскія падваротні цікавейшыя за невядомыя хмарачосы. Невядомае шыкоўнае жыцьцё, якое сымбалізаваў Прэсьлі, у маіх вачах саступала таму сувораму й мужчынскаму, якое ўвасабляў Высоцкі.

Але я выдатна памятаю той момант, калі й як я пачуў Элвіса Прэсьлі. Лета 92-га. Я ў Вільні! Я ўжо амаль авалодаў гутарковай беларускай мовай, і ўжо пасьпеў закахацца ў старую сталіцу. Мой мозаг пераўзбуджаны ад уражаньняў, а зрок і слых абвостраныя. Ужо ня памятаю, чаго мяне занесла на стары віленскі рынак "Пад галяй". Але нэапалітанскую песьню ў выкананьні Прэсьлі я пачуў менавіта там. Я стаяў пасярод базарнага пылу й сквару і насалоджваўся кожнаю вібрацыяй ягонага голасу. Тым больш маёй ангельскай хапіла, каб зразумець адну фразу. "It's Now Or Never". Зараз, альбо ніколі. І менавіта зараз, у беларускамоўным тлуме гандлёвых радоў, мне раптам захацелася шыкоўнага жыцьця. Новага, беларускага, эўрапейскага. А гэта значыць невядомага дагэтуль жыцьця. Я знайшоў той шапік, адкуль круцілі Прэсьлі і набыў сабе касэту.

Празь месяц у маёй кішэні зьявіўся першы зароблены даляр. Праз год мой гардэроб папоўніўся белым плашчом і вострамысымі чаравікамі. Яшчэ празь некаторы час я набыў аўтамабіль "Запарожац". А любімая касэта круцілася ўвесь час. І дома, і ў машыне. Калі я адпусьціў бакенбарды – і сам ня памятаю. І ў думках не было пераймаць караля рок-н-ролу. Памятаю, як выходзячы зь нейкага менскага кабака, я ледзь разьмінуўся ў вузкіх дзьвярах зь нейкім спадаром "пад шафэ". Які пасьля хвіліны ўзіраньня ў мяне сказаў наступнае. "А, Элвіс? Ты яшчэ жыў?" "І паміраць не зьбіраюся", – аджартаваўся я.

Кожны выходзіць з дэпрэсіі па-свойму. Хто едзе на прыроду, хто знаходзіць паратунак у гарэлцы. Нехта абкладаецца кніжкамі. Мне ж дастаткова паставіць заежджаную касэту з нэапалітанскай песьняю. Каб на нейкі міг вярнуцца ў той падзабыты стан першаадкрывальніка. І дзе словы "зараз альбо ніколі" гучалі дэвізам. У той час, як большасьць марыла пра "ўчора" назаўжды.

Кожнага разу, як пачую альбо пабачу яго на экране, бярэ крыўда. Як жа яго не хапае. Беларускага мача ў залатым пінжаку, прыгажуна-мужчыну на ружовым лімузыне, улюбёнца кабетаў і моладзевага куміра, нахабнага парушальніка канонаў і правілаў. Не хапае менавіта зараз. "Ніколі" ў нас ужо было..."

(С.Дубавец: ) Раскладаючы Элвіса па палічках, я бачу, што складнікі ягонага скандальнага посьпеху ў Амэрыцы былі й застаюцца складнікамі ягонай паразы ў нас. У нас ня любяць эпатажу, а эпатажу за грошы – асабліва. У нас не прымаюць усялякіх адхіленьняў, напрыклад, ягонай гіпэртрафаванай любові да мамы або ягонай амаль жывёльнай сэксуальнасьці на публіцы. Амэрыканцы далі яму мянушку – Elvis the Pelvis (Элвіс-тазасьцёгнавы сустаў).

Па першым часе і ў Амэрыцы старэйшае пакаленьне абуралася ягонымі паводзінамі, што аўтаматычна рабіла яго папулярным сярод падлеткаў – з духу пярэчаньня бацькам. Таксама ня наша сытуацыя. У нас найчасьцей дзеці адмаўляюць куміраў сваіх бацькоў. І, відаць, бацькоў гэта таксама падагравае ў іхных прыхільнасьцях.

Далей. Элвіс – усім наркаманам наркаман. І за гэта ў нас яшчэ не навучыліся любіць.

А вось за што палюбіць маглі б. Нягледзячы на посьпех і заробленыя ўжо мільёны, Прэсьлі ня стаў адмазвацца ад войска і праслужыў свае два гады. Але якраз гэтага факту зь ягонага аблічча і голасу не відаць.

А яшчэ Элвіс – імпэрскі герой. Нездарма ён гэтак добра прыжываецца ў расейскім грамадзтве. І раптам у ягоным іміджы зьяўляецца гэтая зусім расейская рыса, такая сабе разгуляй-цыганшчына. Але гэта таксама не пра нас.

Кім жа быў Элвіс Прэсьлі, што яго так любяць, нягледзячы на ўсе ягоныя непрывабнасьці? Крытыкі не без падставаў называюць яго бацькам усёй сучаснай музыкі, чалавекам, які паламаў бар'еры паміж музыкай белай і чорнай, музыкай для старэйшых і падлеткаў, паміж музыкай і бізнэсам, чалавекам, які адкрыў шлях The Beatles і ўсяму таму, што ішло зь імі і пасьля іх.

Ён з 35-га году. Гэта пакаленьне Караткевіча, Адамчыка, Барадуліна. Раўналеткі таксама Элвіс Прэсьлі і Ніл Гілевіч. Аднак цяжка ўявіць сабе, каб Гілевіч пісаў нешта пра Прэсьлі ў сваёй паэме "Родныя дзеці", а Прэсьлі сьпяваў песьню "А я лягу прылягу". Зрэшты, наконт песьні – чаму б і не. Сьпявалі ж Led Zeppelin "Эмігранцкую песьню" Багдановіча. На гэтым прыкладзе добра відаць, што такое рознасьць культураў, а што такое выпадзеньне з культуры. Пры ўсёй сваёй інакшасьці культуры як такія ня мусяць адмаўляць магчымасьці перасячэньня. Яны могуць ніколі не перасячыся, але самой магчымасьці адмаўляць ня мусяць. Скажам, калі NRM грае песьню "Радзіма, мая дарагая" ў гард-рокавай ці там мэталічнай манеры і песьня сапраўды гучыць, дык гэта толькі лішняе пацьверджаньне яе рэальнае каштоўнасьці. Граюць жа пахавальны марш Шапэна ў джазавай манеры і гэта гучыць, сьпяваюць беларускія калядкі ў стылі Боба Марлея – і дадатковая энэргія зьяўляецца ў тых пракаветных творах. Зусім не зьдзівіла б зьяўленьне слухачоў Прэсьлі ў рамане "Чорны замак Альшанскі" Караткевіча ці ў вершах Барадуліна. Гэта і ёсьць магчымасьць перасячэньня культур. Бо існуе адзінства культуры ўвогуле.

Прэсьлі пражыў 42 гады. Небясьпечны, няшчасны і несьмяротны...

Ён пачаў у 53-м. Посьпех прынесла песенька, зьвернутая да мамы...

"Мядовы голас", "чароўны паўднёвы акцэнт"... На сцэне ў яго левая нага б'ецца экстазнымі дрыжыкамі, вось ён пераломваецца напалам, адкідаючыся назад. Публіка раве і стогне. У прэсе пішуць, што ён -- мера падзеньня амэрыканскага густу і нават – опіюм для народу. Моладзь любіць у ім незацугляную вольніцу, жанчыны сьняць ягоныя вочы чорныя... Проста расейшчына нейкая. Прычым з Амэрыкі яна распаўзаецца па ўсім сьвеце, упарта абмінаючы маленькую сінявокую краіну на ўсходзе Эўропы.

Кажуць, у войску ён быў спраўным салдатам, але клопату рабіла ягоная пошта – 15 тысяч лістоў у дзень ад закаханых прыхільніц, некаторыя зь якіх, дарэчы, скончылі самагубствам, прыносячы сваё жыцьцё ў ахвяру яму. І ня толькі дзяўчынкі. Недзе ў Лівэрпулі быў страсна ўлюбёны ў Элвіса Джон Ленан.

Элвіс і The Beatles сустрэліся ў 1965. Маладыя куміры завіталі дахаты да старога караля, якому, дарэчы, споўнілася тады 30 гадоў. Джон Ленан напіша пра тую сустрэчу ўспаміны. Размова ня клеілася, пакуль усім не раздалі інструмэнты. І пасьля гэтага ўсе разам музыкавалі да паўночы. З тых мэмуараў паходзіць і знакамітае выказваньне Ленана пра Прэсьлі: калі б не было яго, не было б нічога.

Дасьледнікі прэпаруюць ня толькі талент, але і кроў Прэсьлі. Ня тую, у якой пасьля ягонае сьмерці знайшлі ці то 14 ці то 16 відаў наркатычных рэчываў, а тую, што складалася генэалягічна. Сёлета на фэстывалі габрэйскіх фільмаў у Таронта паказалі фільм пад назвай "Шмэлвіс: у пошуках габрэйскіх каранёў караля рок-н-ролу". Гэта імпрэсарыё Элвіса пад псэўдонімам Шмэлвіс сьцьвярджае, што Элвіс Арон Прэсьлі быў габрэем.

Насамрэч габрэйкай была прабабка Элвіса. Апроч яе крыві ў ягоных жылах была намяшаная індзейская, ірляндзкая ды бог ведае якая яшчэ. Але для беларускіх аматараў генэалёгіі караля, калі б такія знайшліся, менавіта гэты, габрэйскі сьлед мог бы быць карысным. Ня йначай прывёў бы ён прасьцяком у Бабруйск, як тое было ўжо не з адной сусьветнай знакамітасьцю. Дарэчы, мэнэджэр сьпевака Том Паркер кажа, што раіў яму не казаць пра свае карані, аднак Прэсьлі наадварот, заўсёды падкрэсьліваў сваё габрэйства.

Магчыма, гэта кожная кроў сьпявала ў ім сваю песьню асобна. Бо Прэсьлі вельмі розны – неўтаймоўны і затарможаны, сур'ёзны і шалапутны, разьняволена блюзавы і афіцыёзна гімнавы.

Вось жа, нягледзячы на тое, што ў любым маралітэ гэта быў бы адмоўны герой з поўным наборам адмоўнасьцяў, Элвіс застаецца самым папулярным сьпеваком усіх часоў і народаў. І нягледзячы на тое, што ён, як кажуць, усяго толькі ў патрэбны час і ў патрэбным месцы падвярнуўся пад руку прадусару, які шукаў белага хлопца, які сьпяваў бы "чорныя" песьні, нягледзячы на ўсё гэта, Прэсьлі застаецца самым рэйтынгавым сьпеваком у сьвеце.

Песенька называецца A Little Less Conversation. Яна 18 разоў перамагла ў брытанскіх чартах. Гэта рэкорд. Голас Прэсьлі тут крыху аддае нэкрафільствам, бо ў новай апрацоўцы ён гучыць як архіўны дакумэнт, як нежывы. Тым ня менш, такая музыка прыносіць найбольшыя прыбыткі тым, хто прадае яе спажывецкаму грамадзтву.

Пры ўсім гэтым падобныя песьні сьведчаць, што сьвет не стаіць на месцы. Элвіс, натуральна, жыў. Хоць нам, беларусам, наўрад ці ўжо будзе магчымасьць аджывіцца на элвісаманіі. Затое, бясспрэчна, што рок-н-рольны кароль трывала ўпісаў сябе ў падручнікі гісторыі сусьветнай культуры. У тым ліку і ў тыя, што выйдуць некалі па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG