Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1999-1899: ста гадоў як не было.


Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня

Напрыканцы стагодзьдзя, як нiколi раней, адчуваеш магiю календара. Паколькi ўсялякае завяршэньне — гэта праекцыя пачатку, за кожным наступствам стаiць выток, а кожнае сьледзтва мае сваю прычыну. Адчуваньне непазьбежнасьцi гэтага канца i наступнага за iм пачатку, напэўна, мала адрозьнiваецца ў нас i ў тых, хто ўступаў у новы 1899 год, нiчога ня ведаючы пра наступнае стагодзьдзе. Таго, што адбылося пасьля, яны не маглi сабе ня тое што сасьнiць, бо нават сасьнiць такое iм было ня дадзена. Як i нам — пра тое, што будзе ў 21 стагодзьдзi, ня дадзена нават сасьнiць. Рацыяналiзм нашых уяўленьняў, якi прывучыў нас плянаваць на год або дзесяць гадоў наперад, тут раптам адступае. Час замёр, прыпынiўся. Мы нiбы пасажыры самалёту, якi апускаецца цi, наадварот, набiрае вышыню. Ужо не вiдаць расплянаванае й раскрэсьленае тэрыторыi зямлi. Ужо не вiдаць фантастычнага й яснага сонечнага далягляду. Мы пагружаемся ў паласу хмараў, i ўсё, што можам пабачыць ў гэтай смузе, — гэта кроплi вады на iлюмiнатары за шклом.

Калi спрабуеш ахапiць уяўленьнем увесь свой час, сваю краiну i сваю культуру, дык i тут, напэўна, мала чым адрозьнiваесься ад папярэднiкаў, якiя спрабавалi зрабiць тое самае сто гадоў назад. Зусiм падобнымi выглядаюць i культурныя сытуацыi — тагачасная i наша. Не глядзiце, што шмат iмёнаў гучыць i шмат нiбыта ўсяго робiцца. Усё гэта заўтра ператворыцца ў фон, а то i ў тлен. Галоўнае, як i тады, няма культурнай ерархii, мэтраў i САПРАЎДЫ векапомных падзеяў ды зьяваў. Усё гэта, як i тады, толькi прадбачыцца.

Уявiце сабе год 1899-ы i вы мiжволi перавядзеце позiрк на ўласных дзяцей. Максiму Багдановiчу спаўняецца восем гадоў, а Максiму Гарэцкаму — 6, Зьмiтраку Бядулю — 13, Кандрату Крапiву наогул тры. Купалу i Коласу па 17, але й iхныя бiяграфii пачнуцца толькi ў наступным стагодзьдзi. Зрэшты, узрост тут не паказчык. Узрост напрыканцы стагодзьдзя перастае нешта значыць. Ядвiгiну Ш. трыццаць, але й ён стане Ядвiгiным Ш. толькi празь некалькi гадоў. Зараз жа, напрыканцы, усё сьцiшылася. I нiхто нiчога ня робiць, або такiм чынам — як нерабленьне — выглядае любая дзейнасьць. Зусiм як сёньня. А як жа шмат усяго стане пасьля! Ужо празь сем гадоў пачне выходзiць «Наша Нiва», празь 19 утворыцца БНР, а там — пайшло-паехала. Але пакуль цiшыня. Усё гэта толькi будзе. Разаўецца, разбухне, аж пакуль не абвалiцца, не прападзе разам з крахам камунiзму.

Якiя крахi чакаюць нас?

Тады, у 1899-м, зусiм як сёньня, адыходзiла ў нябыт старая беларуская культура. Памёр Янка Лучына, памiрае Альгерд Абуховiч, праз год памрэ сам патрыярх новае беларушчыны Францiшак Багушэвiч. Дарэчы, а што ён робiць цяпер? Божа, якая знаёмая сцэна! Ён здае ў Вiленскую губэрнскую друкарню рукапiс сваёй новай празаiчнай кнiгi. I што? Атрымлiвае адмову, маўляў «в такого рода сочинениях наблюдается тенденция разбить и ослабить литературное и национальное единство». Чым не заключэньне Дзяржаўнага камiтэту па друку на чале са спадарамi замяталiнымi-падгайнымi! Цi ня тымi ж словамi яны адмаўлялiся друкаваць быкаўскую «Сьцяну».

Ага, улада. Надзённы i няўсыпны клопат сёньняшняе беларускае дэмакратыi. Колькi разоў за дзень вы прамаўляеце, чуеце, прачытваеце або проста згадваеце слова «Лукашэнка»?.. I апалягеты i апазыцыянэры звычайна адказваюць: ды я — амаль нi разу. А вы ўявiце, што будзе з iмем, якое ва ўсiх на слыху, праз сто гадоў. Цi можаце вы назваць iмя кiраўнiка нашай краiны ў 1899-м? Асабiста я ня змог, пакуль не разгарнуў кнiгi. Тагачаснага першага забылi наглуха, хоць сьляды ягонага праўленьня дагэтуль сустракаюцца ў Беларусi, i нiхто ня скажа, што ў свой час ён быў «на слыху» менш за сёньняшняга.

Так праходзiць зямная слава...

Вядома, у сёньняшнiм параўнаньнi новага году з 1899-м шмат адвольнасьцi. Гэта значыць, у нас заўсёды ёсьць магчымасьць сказаць, што ўсё няпраўда i паралелi прыцягнутыя за вушы. Нават калi так, каляндарная магiя — ўсяго толькi магчымасьць прадбачаньня, прынамсi, калi гутарка iдзе пра пэрспэктывы беларускага разьвiцьця.

Урэшце, кантэксты таго часу й нашага сапраўды вельмi падобныя. Але галоўнае нават ня ў тым, праўда цi няпраўда напрадбачаная такiм чынам. Галоўнае ў тым, цi можам мы самi зьмяняць сваю будучыню, наколькi валодаем ёю. Сыходзячы з прыведзеных параўнаньняў, мы можам прынамсi казаць пра досьвед, якi маем i якi хацелi б або не хацелi паўтарыць.

(Зьмiцер Бартосiк: ) "А ты памятаеш, з чаго пачалася твая беларушчына?" — неяк запытаўся я ў прыяцеля-лiтаратара бяз дай прычыны. «Не зразумеў пытаньня», — адказаў той. «Ну вось, напрыклад, цi памятаеш ты першую сваю беларускую кнiжку, цi першую песьню. Толькi не кажы, што табе яе сьпявала мацi». «Ну, так адразу й не ўзгадаеш». «А я, уявi сабе, памятаю сваю першую кнiжку!» «I што ж гэта было?» «У лабiрынце вулiц» Дамашэвiча». Прыяцель доўга ўзiраўся ў мяне, пакуль ня вымавiў: «А хто гэта?» «Пiсьменьнiк!» — адказаў я. «I што, табе спадабалася?» — недаверлiва запытаўся ён. «Прынамсi запала ў памяць. А iнкаш як бы я ўзгадаў прозьвiшча аўтара?» «Ды колькi iх там было за сто гадоў!» — нiбы сьнежкаю запусьцiў у мяне прыяцель цэлым стагодзьдзем, але размову падхапiў.

«А сапраўды, як падумаць, iх было ня так i шмат, чые iмёны й радкi мы будзем згадваць у трэцiм тысячагодзьдзi. Але самы жах, калi прыкiнуць, што ўся iх страсьць, энэргiя i жыцьцi пайшлi на тое, каб адбiцца ў назовах ускраiнных вулiц, паўстаць параграфамi неабавязковага школьнага прадмету ды быць узгаданымi двума ўдзячнымi нашчадкамi ў нейкай забягалаўцы. А тым, што за суседнiм столiкам, i бязь iхных цытатаў някепска п'ецца». I тут я зь iм пагадзiцца ня мог. «П'ецца iм, уявi сабе, вельмi кепска. I чым далей, тым больш безнадзейна».

Праз вакно закусачнай сьвяцiлiся нэонам тры дзявяткi нарэшце насталага году. Нiбы спакусьлiвыя лiчбы, што выпалi на табло «аднарукага бандыта». Вось толькi хто возьме гэты чынш?

Мы, ужо колькi гадоў як ня генii, але яшчэ й не «бескрыдлатыя паэты», скончылi размову тым, што лiчбы сьвецяць выключна нам, i выйшлi на вулiцу. Сканчаўся ўсяго толькi трэцi дзень перадапошняга году другога тысячагодзьдзя. I гэты мiзэрны факт ня мог не напаўняць нашыя зьлёгку захмялелыя мазгi ўпэўненасьцю, што ўжо менавiта нас там будзе каму ўзгадаць. Раптам, зiрнуўшы на супрацьлеглы дом, я зрабiў маленькае адкрыцьцё. Мяне й раней зьдзiўляў прыгожы фасад будынка канца мiнулага стагодзьдзя, недарэчна зацiснуты дваром гасьцiнiцы «Мiнск». I толькi зараз нарэшце да мяне дайшло, што я стаю на самай сапраўднай Захараўскай вулiцы. I гатэльны двор — гэта яе былая праезная частка. Далiбог, толькi фантастычны горад Менск i здольны падносiць такiя сюрпрызы. Мэтамарфоза была настолькi нечаканаю, што я ня здолеў адмовiць сабе ў задавальненьнi пастаяць на Захараўскай хоць колькi хвiлiн. Не заўважаючы нi фасадаў Сталiнскага праспэкту, нi тых шчасьлiвых трох дзявятак.

Яшчэ нават у плянах не нарадзiлася «Наша Нiва», яшчэ не напiсаныя «Пагоня» i «Дзьве душы», яшчэ няма бел-чырвона-белага сьцяга. «Ах, да. Некий господин из Вильно, как его там, простите, Бурачёк, что-то такое выдал на местном наречии». Шаноўная публiка яшчэ не здагадваецца, у якой краiне яна насамрэч жыве. Але паветра гэтае краiны ўжо напаўняецца спрадвечным зьместам. I вельмi хутка знойдуцца тыя, хто, ап'янёны грандыёзнасьцю задумы, будзе гатовы ахвяраваць ёй ня толькi iмёны, а ўласныя жыцьцi. Быць першымi — як гэта пераможна гучыць! Тым больш, што хутка пачнецца новы век.

«Чаго гэта ты застыў як слуп?» — глядзеў на мяне прыяцель, зьбянтэжаны маёй прастрацыяй. «Ды так, нiчога. Нахлынулi ўспамiны. Што, баiсься ў новую эру iсьцi? А ты ня бойся, я ўнукам раскажу, якi ты быў таленавiты». Сказаў яму я i сыйшоў з Захараўскай на Валадарскага".

(Севярын Квяткоўскi: ) "Цi хацелi б вы быць падобным да сёньняшняга першага прэзыдэнта РБ? Найперш мяне цiкавiў адказ наймалодшага пакаленьня беларусаў. Таму я скiраваўся ў так званую «трубу» — падземны пераход на станцыi мэтро «Кастрычнiцкая». Менавiта ў гэтым месцы ў зiмовым Менску можна сустрэць цi ня поўны спэктар самых разнастайных сталiчных падлеткаў:

— Вядома, ён падабаецца мне ў палiтыцы, правiльныя дзеяньнi праводзiць.

Гэты хлопец сустрэў маё пытаньне падазрона. Здавалася, ён лiхаманкава спрабаваў узгадаць, да якога «лягеру» адносiцца Радыё Свабода, карэспандэнтам якога я прадставiўся. А вось дзяўчынкi, якiх перад тым забаўляў хлопец, былi сарамлiвыя, але й больш сьмелыя:

— Не падабаецца... Ну, мне не падабаецца!

— Ха! А нас не пасадзяць?..

— А навошта на яго быць падобным? Трэба заўсёды быць самiм сабою.

— Я нi да каго не хачу быць падобным, iдэалаў у мяне няма. Наогул iдэалаў не iснуе.

У адказ на маё пытаньне падлеткi альбо пагардлiва ўсьмiхалiся, альбо пачыналi сыпаць кпiнамi. Калi я выйшаў з падземнага пераходу на вулiцу, дык тут сваё пытаньне пачаў задаваць маладым, але ўжо дарослым людзям:

— На прэзыдэнта? Цiкавае пытаньне. Мне падабаецца, што ён свае прамовы гаворыць не з паперкi, як iншыя, а сапраўды вiдаць, што чалавек сваiмi словамi кажа. Мне гэта падабаецца. Я сам такi. Што яшчэ? Вiдаць, нiчога больш не скажу. У мяне сваiх добрых якасьцяў шмат.

Гэты спадар выглядаў цалкам задаволеным жыцьцём. Па зьнешнiм выглядзе ягонага суседа таксама нельга было сказаць, што яго абыходзяць якiя-небудзь крызысы. Тым ня менш:

— Наўрад цi... Надта шмат пытаньняў. А самае галоўнае — няма праўды.

Увогуле, людзi, якiя ня бачылi прывабных рысаў у асобе ППРБ, зазвычай давалi сьцiслыя адказы. Як гэты малады спадар, якi паспрабаваў даць прэзыдэнту ёмiстую характарыстыку адным словам:

— Клептаманiя.

Таксама часьцяком мне траплялiся людзi, якiя спрабавалi iранiзаваць, абы не сарвацца на грубасьць:

— Гэта на лысага? Не. А навошта? У мяне валасы добрыя. Я ж зь iм не знаёмы. Калi б быў знаёмы, можа нешта б i спадабалася... А так, зьнешне — што паказваюць, што кажуць — наўрад цi...

А вось словы iнтэлiгентнага выгляду пэнсiянэра:

— Баюся што не. Сучасны чалавек не прыймае аўтарытарызму. Цяпер усе людзi iмкнуцца да свабоды i да дэмакратыi. I нягледзячы на тое, што ў нашага прэзыдэнта ёсьць пэўныя зьнешнiя праявы свабоды, насамрэч яе няма.

Гэты спадар лiчыць, што сёньняшняя беларуская моладзь будзе жыць у нармальнай эўрапейскай краiне. А вось дзецюкам, якiм няма яшчэ й трыццацi, ужо прыемна жыць у сваёй краiне:

— Я лiчу, наш добры прэзыдэнт. Мае бацькi задаволеныя, я таксама задаволены. Ва ўсякiм выпадку, ён мужык.

— Стараецца ўсё зрабiць для людзей. А хто яму палкi ў колы ўтыркае... Той жа Пазьняк, цi што, апазыцыя. Я лiчу, ён на правiльным шляху.

За час апытаньня я нi разу не сустрэў адкрыта агрэсiўнай альбо захопленай рэакцыi. Пераважна людзi адказвалi альбо разгублена, альбо сумна:

— Ня ведаю, падобным, можа, i не. Я дык — дакладна. Бо мне не падабаецца.

— Якiя ў яго рысы характару, каб быць падобным? Ня ведаю, самалюбiвы, напэўна.

Адначасова цi ня ў большасьцi апытаных я адзначыў боязь. На мой погляд, ня столькi боязь пытаньня, колькi ўласнай рэакцыi. Як, напрыклад, у гэтага спадара, якому крыху больш за трыццаць:

— Я думаю, што не. Я таксама, нiбыта, не стары, я па сабе мяркую. Я не лiчу, што наш прэзыдэнт увогуле падобны да прэзыдэнта...

Урэшце, я ўбачыў мужчыну з васьмiгадовым дзiцёнкам каля МакДональдса. Я запытаўся, цi хацеў бы ён, каб у будучынi ягонае дзiця мела нейкiя рысы падабенства да прэзыдэнта РБ:

— Я лiчу так — чалавек увогуле павiнен быць добрым. Незалежна ад таго, цi будзе ён падобны да Лукашэнкi, цi да кагосьцi iншага, галоўнае, каб ён быў добрым. У Лукашэнкi ёсьць шмат рысаў характару... Настойлiвасьць, мэтанакiраванасьць, гэтага не адняць. Таму я лiчу, калi ў яго будуць гэтыя якасьцi, гэта будзе вельмi добра.

Можна па-рознаму ставiцца да гэтых адказаў, але галоўнае адчуваньне, якое я вынес з свайго мiнiплебiсцыту — нашыя грамадзяне ня вырасьцiлi сабе новага цмока, якiм бы вялiкiм i пагрозным ён нi выглядаў ва ўласных вачох. Прынамсi, пакуль".

(Сяргей Харэўскi: ) "Менская губэрня заўсёды была самай вялiкай (ад Навагарадка да Мазыра) i самай беларускай. Кiм жа былi менскiя губэрнатары? Людзкая (беларуская) памяць, на жаль, нiчога пра iх не захоўвае, i тое, што застаецца, застаецца ў кнiгах i архiвах. За рэдкiм выключэньнем, гэта былi прыстойныя й спраўныя кiраўнiкi. Напрыклад, адзiн зь першых губэрнатараў Меншчыны, Захар Карнееў, праславiўся талеранцыяй, а таксама тым, што запачаткаваў яшчэ ў 1800 годзе вялiкi парк з клюмбамi, прысадамi ды штучнымi каналамi. На адной з паркавых калёнаў было высечана лацiнаю: Post laborem requies (пасьля працы — адпачынак). Парк, першы грамадзкi парк адпачынку ў гiсторыi нашай краiны, iснуе ў Менску да сёньня, але цяпер ён названы iмем пралетарскага лiтаратара Горкага. А калiсьцi менавiта iменем губэрнатара Карнеева ўдзячныя менчукi называлi галоўную вулiцу гораду — Захараўская.

Адзiн з пазьнейшых губэрнатараў, Сямёнаў, прывёў у парадак усе архiвы на сваёй падначаленай тэрыторыi i быў iнiцыятарам выданьня «Актаў Менскай губэрнi», унiкальнай крынiцы для вывучэньня беларускай гiсторыi. Яшчэ адзiн, Чарыкаў, праз колькi гадоў пасьля паўстаньня Калiноўскага, застаўся ў гiсторыi як руплiвец чысьцiнi й парадку i быў апантаны iдэямi санiтарнае прасьветы. Толькi ў вёсках губэрнi iм было пабудавана паўтысячы лазьняў, а ў Менску ён «запусьцiў» вадаправод.

Хто быў губэрнатарам роўна сто гадоў таму, у 1899-м? Князь Павал Трубяцкой. Ён, дарэчы, быў менскiм губэрнатарам цэлых пятнаццаць гадоў, з 1886 па 1901. I таксама пакiнуў па сабе добры ўспамiн. Зь ягонай iнiцыятывы пачала выходзiць газэта «Минскій Листокъ», дзе, дарэчы, упершыню быў надрукаваны «Тарас на Парнасе». Ён жа рупiўся пра пабудову ў Менску грамадзкага тэатру, якi сёньня носiць iмя Купалы. Адразу пасьля адкрыцьця тэатру губэрнатар падбаў i пра грамадзкi транспарт. Дзякуючы яму ў сёньняшняй сталiцы быў пушчаны першы ў Беларусi й Лiтве конны трамвай, чацьверты ў тагачаснай iмпэрыi. Пра адно князь Трубяцкой усё ж не падбаў — менавiта пры iм у Менску адбыўся першы зьезд РСДРП, будучых бальшавiкоў. Зрэшты князь, мэцэнат i эстэт, грэбаваў палiтыкай. Ён, пэўна, меркаваў, што першая лiтаратурная газэта, дзе былi ўпершыню легальна надрукаваныя беларускiя творы, першая мастацкая школа, першая публiчная бiблiятэка, першы грамадзкi тэатар, першая, урэшце, конка —дастатковы плён, каб застацца ў памяцi ўдзячных тубыльцаў... На жаль, недастатковы. Сёньня ў Менску ўшанаваная памяць гаспадара зялёнага домiка першага зьезду партыi, а ня князя Трубяцкога.

Ягоны наступнiк, граф Мусiн-Пушкiн, нiчым асаблiва ня вызначыўся. Любiў пiры, паляваньне, адпачынак на прыродзе, часьцей за ўсё пад Барысавам. Iмкнуўся пасябраваць з тутэйшай арыстакратыяй. Пры iм па людзях не стралялi. Яго любiлi, а ён палюбiў наш край, дзе па адстаўцы купiў маёнтак пад Вiльняю i ў спакоi перажыў рэшту сваiх дзён. Яго, бадай, забылi б раней за ўсiх, каб не ягонае сваяцтва з адным расейскiм паэтам.

А вось наступны, перадапошнi менскi губэрнатар, Курлоў, запомнiўся. Гэта ён расстраляў на плошчы перад вакзалам у Менску шматтысячную дэманстрацыю 18 кастрычнiка 1905 году. Загiнула сотня людзей, многiя сотнi былi параненыя. Пасьля за спробу помсты сатрапу на ягоны загад быў павешаны Iван Пулiхаў...

А калi б Трубяцкой не дапусьцiў таго векапомнага першага зьезду, можа й ня здарылася б курлоўскага расстрэлу i тысячаў расстрэлаў пасьля?

Як бы там нi было, губэрнатараў забываюць. Беларусь застаецца..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG