Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасны фальклёр.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Прага

Падаюць сьняжынкi, дыямэнты-росы...

Бывае, выходзiш з хаты i, у залежнасьцi ад таго, што перад сабой бачыш, мiжволi згадваеш паэтычныя радкi. Або шпацыруеш зь сябрамi па Вiльнi i незнарок пачынаеш дэклямаваць: "Скажы мне, Вiльня, хто твой сын законны..." У Менску напяваеш: "родны мой горад, любоў мая". I кожнага разу адно тое самае не надакучвае. А бывае, iдзеш удваiх i, не дамаўляючыся, не пераглянуўшыся нават, дэклямуеш дуэтам тыя самыя словы. Памятаю, выходзiм са школы ў першы сьнег i пачынаем на розныя лады: "Зiма, крестьянiн торжествуя..." Школа была насупраць ЦК КПБ, таму можна ўявiць сабе ўмоўнасьць гэтых словаў, апрача хiба слова "зiма". Гэтак глыбокае адчуваньне таго, што адбываецца ў прыродзе, змушае казаць паэтычнымi словамi. Пазьней, з набыцьцём беларускай тоеснасьцi, гэты працэс ускладнiўся. Бо словы школьнае праграмы яшчэ й самi сабою перакладалiся на беларускую мову. "Зiма, вясковец урачыста на санках абнаўляе шлях, ягоны змораны канiска цягнецца цугам абы
як..." i далей якая-небудзь ужо поўная абракадабра, але з захаваньнем ранейшага настрою.

Магчыма, у такiх выпадках выяўляецца адзiнае практычнае значэньне i прызначэньне паэзii. I паэты, якiм належаць утылiтарныя радкi, а гэта як правiла хрэстаматыйныя аўтары са
школьнай праграмы, найлепшым чынам зьдзейсьнiлiся i сталi сапраўды ўсеагульнымi.

Ня так даўно ў нашай праграме мы гаварылi пра тое, як мала ў нас зь языка зрываецца цытатаў, якiя просяцца на язык самi. Праўда высноваў у той перадачы мы не зрабiлi. Таму сёньня -- працяг гэтае тэмы. Але найперш некалькi iншых сюжэтаў. Нашыя аўтары выйшлi ранiцою ў свае засьнежаныя за ноч двары i кожнага зь iх асянiла свая думка. Сяргей Харэўскi, напрыклад, пасьля гэтага хуценька вярнуўся дахаты, стаў да мальбэрту i ўзяў у рукi пэндзаль.

ПАРТРЭТ

(Сяргей Харэўскi: ) "У Вiльнi сьнег... А стаю ля мальбэрта i, згадваючы колiшнi свой занятак,
пiшу партрэт Аляксандра Ўласава. Сьнег пасяляе ў душы ўрачыстасьць, а асоба Ўласава ўвасабляе высакародзтва.

Першае, што легла на палатно -- вусы, бялюткi каўнер i чорны гальштук. Тытан беларускага адраджэньня меў буйную атлетычную паставу, але пры гэтым не цураўся сьвецкага кшталту. I пры гэтым жа быў бясконца вынаходлiвым жартаўнiком i жыцьцялюбам...

Зайшоў брат. Заўважыўшы, што фарбамi пахне на ўвесь пад'езд, запытаўся, чый будзе партрэт -- Багушэвiча цi Купалы? Як для Багушэвiча вусы кароткiя, як для Купалы -- завялiкiя...

Вобраз Уласава, першага рэдактара "Нашае Нiвы" ад 1906 году, за савецкiм часам не дапускаўся ў нацыянальны пантэон, дзе iншыя постацi ўжо маюць свае непазьбежныя стэрэатыпныя аксэсуары. Хоць са сьпiны, але мы пазнаем Скарыну па барэце, Калiноўскага па хустцы на шыi, Багушэвiча -- па вусах. Урэшце, вобраз можа быць цалкам прыдуманым. Яўген Кулiк зрабiў свой аўтапартрэт i назваў гэта партрэтам Гусоўскага. Сёньня менавiта
гэты вобраз уважае за паэта-гуманiста любы школьнiк.

Нацыянальныя сыстэмы адаптаваных герояў, дзе кожнаму адведзенае сваё месца на грашовых знаках, марках, этыкетках, паштоўках, сувэнiрах -- гэта тое асяродзьдзе, у якiм адбываецца этнiчная штодзённасьць i па якой нацыi пазнаюцца ў сьвеце. Украiнцы выявiлi на грашах кiеўскiх князёў. Вялiкая нацыя -- вялiкiя задачы. Чэхi тыражуюць дурасьлiвага Швэйка,
аўстрыякi паўсюль выяўлюць Моцарта, ангельцы на кожнай марцы ставяць профiль каралевы, хоць бы i побач з бэгемотам... Французы прысягаюць Свабодзе, бясконца штампуючы сваю Марыяну ў фрыгiйскiм каўпаку санкюлётаў ад першай да апошняй манэткi, ад статуяў да перачнiцаў. Напалеон таксама заняў сваё трывалае месца на бутэльках каньяку, значках
i цэтлiках. Ягоны вобраз настолькi выразны, што нам дастакова контуру трохвуголкi, альбо манаграмы "N", каб прыгадаць, што Францыя -- радзiма ня толькi свабоды, але й невынiшчальнага банапартызму. Амэрыканская традыцыя iншая, дзяржаўнiцкая. З аднаго боку недасяжная, халодная як сфiнкс Свабода, iмпартаваная з Парыжу. А з другога: шчыльны шыхт бацькоў нацыi -- усiх прэзiдэнтаў, якiх па прафiлях любы амэрыканец пазнае, не
раўнуючы, як савецкi чалавек Маркса-Энгельса-Ленiна. Дзеля жарту быў прыдуманы дзядзька Сэм, зь якiм можна вырабляць што заўгодна. Але немагчыма ўявiць сабе паралёнавага Вашынгтона.

Нямеччына за часамi нацыянал-сацыялiстаў зьмянiла толькi адзiн тыпаж на сваiх дзяржаўных атрыбутах. Задоўга да Гiтлера, выдатна распрацаваныя ў профiль i ў анфас кайзэр Вiльгельм i фон Гiндэнбург ужо акрэсьлiвалi мэнталiтэт паўстаючае германскае нацыi. Жалезныя людзi. Па вайне немцы рашуча прыбралi выявы дзяржаўных дзеячоў. Засталiся лiтаратары, гуманiсты, вучоныя (Гутэнбэрг, Дзюрэр, браты Грым). На маё шчырае зьдзiўленьне, гэткiм жа шляхам пайшлi i лiтоўцы: перад сапраўднымi i мiтавымi князямi на ўсiх грошах i марках зьявiлiся найперш паэты...

У нашым нацыянальным пантэоне сыстэма клiшэ была разьвiтая толькi ў савецкiм кантэксьце. I сёньня паштовыя стандарты Калiноўскага, Багушэвiча, Купалы нiбы завiсьлi памiж кантэкстамi ўжо i яшчэ няiсных дзяржаваў: савецкай i беларускай. Рана цi позна нам давядзецца ствараць сыстэму сваiх клiшэ нанова. Гэта адбудзецца тады, калi творцаў ахопiць прага высакародзтва i чысьцiнi. Найлепей такое пачуцьцё перажываецца, калi падае сьнег. Напрыклад, вось гэты вiленскi сьнег, якi, магчыма, i падказаў мне мой выбар. Я думаю пра тое, як салiдна i прывабна некалi будзе выглядаць сэрыя беларускiх паштовых стандартаў: дзяржаўны герб "Пагоня", Вострая Брама i партрэт Аляксандра Ўласава".

(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Харэўскi пiша партрэт Аляксандра Ўласава i разважае пра
нацыянальныя паштовыя стандарты -- клiшэ герояў i ўвогуле лепшых прадстаўнiкоў нацыi. Тым часам Андранiк Антанян, выходзячы з пад'езда, вырашыў зазiрнуць у сваю паштовую скрыню, чаго не рабiў ужо даўно. А там яго чакаў лiст ад брата.

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ

(Андранік Антанян: ) "Часам я забываюся пра факт iснаваньня паштовае скрынкi. Сыходзячы на працу, проста не гляджу ў той бок. На гэтай плянэце жыве надта мала людзей, якiм собiла б напiсаць мне пару старонак.

Таму адзiн Бог ведае, колькi гэтая капэрта правалялася ў маёй паштовай скрынi. Фабра на штэмпэлi размазаная цi то непагодаю, цi то гарбатаю зь лiстаношаўскага кубка. Гэта лiст ад майго брата.

Ён маладзейшы за мяне на шэсьць гадоў. Лiставаньне наша iдзе млява. Дзясятак старонак, вырваных са школьнага сшытка за год -- гэта ўжо добра. Лiст як лiст. Састарэлыя навiны з дому, пра вучобу, пасьпяхова перанесены грыпус, пра сабачку з вульгарнаю мянушкаю Бiм ды беспрасьветную мару паехаць у Чэхiю па "Аўдзi-80", i абавязковым рэфрэнам iдзе заклiк прыехаць да хаты. Адно, разанула вока: "... бабе Машы спаўняецца, як i Кастрычнiцкай рэвалюцыi, 80 гадоў..." Падумаў, досьцiп такi. У нашай сям'i не было традыцыi весьцi адлiк часу ад гэтай даты. Але наступная старонка цалкам абвергла гэтую вэрсiю.

"Андранiк, у нас у Беларусi ўсё спакойна. Ня вер пагалоскам, што ў нас сiлаю насаджаецца дыктатура Лукашэнкi, а вер мне. Тут праводзяцца лекцыi й нiякага тэрарызму. А саджаюць членаў БНФ, за тое, што яны хулiганiлi ды шкодзiлi. Сёлета азьвярэлыя бэнэфоўцы пабiлi мiлiцыю й параскiдвалi мiлiцыйскiя машыны. Яны iмкнулiся парушыць парадак, але мiлiцыя не засталася ў баку. Яна зьбiла хулiганаў дубiнкамi й пасадзiла iх у турму. Страшна было глядзець, як азьвярэлыя бэнэфоўцы раскiдвалi дарагiя мiлiцэйскiя машыны (у майго брата, вiдаць, як у таго Казьлевiча з "Залатога цяляцi", аўтамабiльны пункцiк), i зьбiвалi мiлiцыю. А кiраўнiкi БэНэФэ, ратуючы сваю скуру, адмаўляюць вiну, абвяшчаюць галадоўкi й г.д. Гэта вельмi сумна! Лукашэнка гатовы мiрыцца з БэНэФэ, але не выходзiць. На гэтым тыднi ў маёй школе была лекцыя на тэму палiтыкi Лукашэкi. Гэтая лекцыя нiкому не спадабалася. Я наогул ня слухаў i ўпотайкi спаў. А настаўнiкi пiльнавалi, каб вучнi слухалi лектара, але я аказаўся спрытнейшым. Я ведаю, навошта праводзiлася гэтая лекцыя! Яны (менавiта таямнiчыя "яны")
адмыслова Гэта правялi, каб у будучынi Лукашэнка перамог на выбарах". А далей, як i нiчога такога, брацiк мой пiша пра першыя тамы "Беларускай энцыкляпэдыi", якiя набыла мне матка.

Пасьля прачытаньня ў маю галаву палезьлi пытаньнi. Навошта ён Гэта напiсаў? З уласнае ахвоты, альбо паслухаўся якога добрага дзядзьку з пагонамi? Уплыў маiх заўсёды скептычна настроеных да палiтыкi бацькоў на такую хаду думак -- малаверагодны. I тут яшчэ гэтая паранаiдальная прага стаць уладальнiкам патрыманай "Аўдзi-80". Паабяцалi заплацiць?

Калi ён гэта напiсаў з уласнае ахвоты, дык вочы яму не расплюшчыш нiякiмi кнiжкамi пра менскiя вёсны ды кiпучыя чэкiсцкiя работы. Дарослы чалавек. Ён ня будзе на iх сур'ёзна
глядзець, як я ня здатны ўспрымаць патас "Советской Белоруссии". Тут трэба прыдумляць нешта iншае. Але хай тым займаюцца iдэолягi. Мне ж цяжка асэнсаваць, што малое, за якiм
ты выносiў гаршчкi, мерз у чэргах па дзiцячае харчаваньне -- выгадавалася на чалавека, зь якiм няма ахвоты спрачацца. Яшчэ я спрабаваў узгадаць, што штурхала мяне адказаць на мамiна прыцiшанае пытаньне: "Ты што хочаш -- ровар цi брацiка?" -- "Брацiка". Сёньня рацыянальнага тлумачэньня гэтаму ўчынку знайсьцi не магу, але й не шкадую. Бо ад маiх жаданьняў тады мала што залежала, як i мала што залежыць цяпер.

У блiзкiх сваякоў звычайна вельмi падобныя почыркi. Мы з братам не выключэньне. Чужы чалавек не адразу скажа, дзе маёю рукою пiсана, а дзе братавай".

(Сяргей Дубавец: ) Вось менавiта. Хацелася б, вядома, дзялiць з братам прыхiльнасьцi, але, як кажуць, у жыцьцi ўсё больш складана. Асаблiва ў нашым, дзе сьпеласьць чалавечага лёсу на кожным кроку блытаецца зь недаразьвiтым агульным бытнаваньнем. Iншы раз падумаеш, што рэжымы будуць мяняцца, роўна як i прыхiльнасьцi людзей. I людзi быццам загiпнатызаваныя гэтай несур'ёзнасьцю i зьменлiвасьцю ўсяго i ўсiх. Жыцьця. Наша нацыя нiбы iнфантыльная дзяўчынка, думае, што ёй будзе дазволена бясконца пiсаць на чарнавiк i памыляцца. Аднак,
жыцьцё мiнае. У яго жалезны парадак. Ёсьць лiчыльнiк i зь першага дня да апошняга ўсё адбываецца начыста. Але як пражыць начыста ў гэткiх блытаных-пераблытаных абставiнах?..

Зьмiцер Бартосiк калекцыянуе сыстэмы нацыянальнае тоеснасьцi -- ухваляе iх або разьбiвае на горкi яблык. Сёньня яму трапiлася на вочы такая ўсебеларуская зьява як акцэнт.

OPUS CITATUM

(Зьміцер Бартосiк: ) "Адзiн мой знаёмы паэт вельмi радуецца нязводнаму вякамi беларускаму акцэнту. Нават прыдумаў гэтаму "ўбоству" навуковую назву -- "фанэтычная трываласьць". На ягоную думку, беларускае "дзеканьне" ды "шчэканьне" сьведчаць пра жывучасьць нашае
генэтычнае прыроды.

Едучы аднаго разу цягнiком у Гомель, я зь нязьведаным датуль нецярпеньнем чакаў канца падарожжа. Маiмi суседзямi ў вагоне былi нiжэйшыя чыны амону. Усяго чалавек 10, але ўражаньне ўзьнiкала, быццам акупавалi яны ўвесь вагон. Менавiта акупавалi, бо адрозьнiвалi iх ад астатнiх пасажыраў ня толькi блакiтны камуфляж, неардынарны рост, павышаныя дыцыбэлы i празьмерная насычанасьць гаворкi расейскiм матам, але, перш за ўсё, выразны беларускi акцэнт. Якi выдаваў у мушкецёрах прэзыдэнта гадаванцаў правiнцыi. Такая нязвыклая канцэнтрацыя "блакiтных мундзiраў" на абмежаванай прасторы яўна прыгнечвала
"преданный iм народ". Размовы сьцiшылiся, позiркi схавалiся за газэтнымi бачынамi, а па вагоне разносiлiся немiлагучныя рэплiкi амонаўскай разборкi на тэму "хто ў нашым узводзе
стукач", што ўрэшце скончылася невялiчкай бойкай у тамбуры. Сярод цывiльнай публiкi ахвочых выйсьцi на перакур рэзка паменела.

Усё гэта нагадвала кепскае савецкае кiно пра фашыстаў, дзе немцы маглi несьцi любую лухту, але з абавязковым акцэнтам. "Матка, яйка, партызанэн". Я таксама прыкусiў свой беларускi
язык, закрыўшыся выйгрышным вобразам "белага разьведчыка". Нарэшце ў Бабруйску ў вагон падсеў яшчэ адзiн пасажыр, саракагадовы прыгожы абхазец, якi, мне здаецца, успрыняў
беларускiх гасконцаў за традыцыйных нашых "бедных салдацiкаў". Ад радасьцi вяртаньня на радзiму, цi, можа, ад шчырасьцi каўкаскае душы, абхазец вырашыў напаiць "лiц славянскай
нацыянальнасьцi". На фоне ягоных расповедаў пра вайну, пра горскiя звычаi й нават пра абхаскую лiтаратуру мае плямiстыя землякi са сваiмi пытаньнямi пра каўкаскiх "жэншчын" выглядалi поўнымi дзiкунамi. Нiводнага мата не сарвалася зь языка сапраўднага ваякi, а ў некаторых момантах вылаяцца яму ўсё ж хацелася. Але ён мог дазволiць сабе глядзець на сабраную за сваiм шчодрым сталом зграю трохi звысоку, нягледзячы на свой невялiчкi расток. Беларускi ж акцэнт стаў яшчэ больш невыносны ў спалучэньнi з акцэнтам каўкаскiм. "Чаму так?" -- думаў я. Ня ў словах жа справа. Але як важка гучаць вымаўленыя каўказцам
словы -- вайна, брат, кров, пасьля "стукача", "жэншчын", "трахнуць". Нарэшце байцы нябачнае вайны вывалiлiся ў Жлобiне, чым вельмi усьцешылi ўсiх, асаблiва праваднiцу, якая ўвесь час была заклапочаная -- якую яшчэ мiлiцыю клiкаць, калi б тая разборка ў тамбуры прыняла больш сур'ёзныя памеры. "Адкуль яны набiраюць такiх кiбаргаў?" -- асьцярожна запытаўся ў мяне мой маўклiвы сусед.

Я зразумеў сваю рэакцыю на родны акцэнт. У адрозьненьне ад каўкаскага, цi якога iншага, наш акцэнт больш гаворыць пра моўную мёртвасьць чым пра жыцьцё. У iм няма абаяльнасьцi
iншаземства. Нiхто б не зьдзiвiўся, перайдзi абхазец на мову продкаў. Гэтым ён i адрозьнiваецца ад сваiх спадарожнiкаў. Беларускую мову зь iхных вуснаў пры ўсёй маёй фаназii ўявiць не магу. Але затое мой слых цешыць любы чужынскi акцэнт у беларускай мове, як факт мiжнароднага прызнаньня. Вымаўленае расейцам "чяму" цi палякам "калi ўаска" адразу мяняюць адносiны да суразмоўцы ў цяплейшы бок. Вось толькi не магу ўзгадаць, як гучыць мая мова з вуснаў немца цi француза. Як не магу зразумець таксама дыпляматаў з братняга Захаду -- чаму яны не адкрылi гэткi маленькi дыпляматычны трук. Адное толькi
"спадар прэзыдэнт" гучала б не слабей за любую ноту. Але гэта iх праблемы".

(Сяргей Дубавец: ) Зьмiцер Бартосiк раiць заходнiм дыпляматам у Менску ўжываць больш беларусiзмаў. Ягоны калега паэт Славамiр Адамовiч напэўна назваў бы гэта "зваротнымi правакацыямi".

Дарэчы, пра Адамовiча. Апошнiм часам менавiта ягоныя радкi мiжволi прыходзяць у галаву з нагоды ўсялякiх атмасфэрных зьменаў. Канчаецца лета, яблычны спас, пра афрыку мараць
птушкi... Або: Каляды, посная куцьця, ня пiша пiсем арганiстка... Не спатрэблiваецца нават страфы, дастаткова аднаго-двух радкоў. Можа, iх увогуле дастаткова? Але да монавершаў у нас ставяцца насьцярожана. Яны прачытваюцца хутка, таму хутка i забываюцца.

Славамiр Адамовiч цытуецца часта, дарма што ён пакуль ня клясык са школьнае праграмы, а толькi былы сядзелец Вiцебскага цэнтралу, галадоўшчык. Ягоныя вершы згадваюцца, хоць iх i не сьпявалi. Вось Глёбуса сьпявалi i шмат. Праўда, цi менавiта гэтым выклiканая запамiнальнасьць ягоных радкоў, а такiх таксама нямала. "Мы стаялi ў чарзе па хлеб..." -- пры стаяньнi ў любой чарзе або "Я стаю на крыжы беларускiх дарог" -- часта згадваецца на скрыжаваньнях. Што-нiшто, дарэчы, пачало згадвацца i з нашых бардаў. Асаблiва трапнай мне тыдзень назад падалася "задубелая Варшава" Бартосiка. Бясьсьнежная i халодная Варшава прасiла менавiта гэтага эпiтэту -- задубелая.

Пачаўшы свае развагi з пары найбольш выразных прыкладаў, якiя самi прасiлiся ня толькi на язык, але i ў гэты тэкст, я паступова выйшаў на цэлыя россыпы прыкладаў, зь якiх ужо цяжка
выбiраць. Добра яшчэ, што я абмежаваўся надвор'ем, якое сустракае нас на выхадзе з хаты. А колькi ўсялякiх прыказак усплывае ў галаве з тысячы iншых нагодаў. Прыказак, прымавак
ды iншых устойлiвых фразэалягiзмаў, некаторыя зь якiх тут жа на языку i нараджаюцца. Наступная думка здаецца мне вартаю ўсiх папярэднiх развагаў. Мы гаворым пра фальклёр. Абсалютна жывы i паўнакроўны беларускi фальклёр, якi самi ж з дапамогаю нейкае вышэйшае волi i ствараем. Паводле тых самых рэцэптаў, якiмi карысталiся нашыя продкi.

Пасьля таго як фальклёрныя скарбы нацыi былi сабраныя, апiсаныя i трывала прывязаныя да старажытнага або колiшняга вясковага быту, для ўсяе наступнае народнае творчасьцi сталi
прыдумляць усялякiя адрозныя азначэньнi. Гарадзкiм фальклёрам называлi як правiла вусную творчасьць пралетарыяту або так званы чорны гумар, г.зн. зьявы так цi iнакш маргiнальныя, не ўсеагульныя. Але з канцом камунiзму i Савецкага Саюзу, дзе вусная народная творчасьць часьцяком пiсалася ў мэтадычных кабiнэтах аддзелаў прапаганды i агiтацыi, такiя азначэньнi
перасталi выглядаць пераканаўча. I цяпер усё паступова вяртаецца на свае месцы.

Натуральна, iнфармацыйная рэвалюцыя дае фальклярыстам большыя магчымасьцi прасачыць паходжаньне той цi iншай прыказкi. Паданьнi часьцей выдаюцца за мэмуары. А песьнi яшчэ не зрабiлi свайго адрыву ад аўтарскага выкананьня да масавага. Але затое зьявiлiся iншыя фальклёрныя жанры: чуткi з пагалоскамi, мiстыфiкацыi... Наш горад i наш час, аказваецца, нiяк не запыняюць разьвiцьцё спрадвечнае традыцыi -- вуснае народнае творчасьцi. Гэта толькi камунiзм i эсэсэсэр запынiлi яго на 70 гадоў. Але ж не назаўсёды. Наша вёска застанецца музэем фальклору, дзе перахоўваюцца i ўзнаўляюцца старыя скарбы. Так будзе датуль, пакуль яна не прачхнецца ад савецкага i постсавецкага прыгону. Тымчасам жывым расплодзiшчам
фальклёрных пэрлаў неўпрыкмет становiцца горад. I цяпер справа за малым -- за зьяўленьнем новых Насовiчаў i Федароўскiх, якiя з ранейшай стараннасьцю будуць апiсваць гэты працэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG