Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі 2003 году і пляны на 2004 год

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічаюць этнакультуроляг Тацяна Валодзіна, пісьменьніца Вольга Іпатава, археоляг Алег Трусаў

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ведаю, што гэтую перадачу многія з вас, шаноўныя слухачы, за тры апошнія гады па-сапраўднаму палюбілі. Шточацьвер тры гады на хвалях Беларускай Свабоды — “Беларуская Атлянтыда”. А перад тым таксама была тры гады ў нашым эфіры “Неабжытая спадчына”. Штогоду болей за 50 перадачаў, якія падаюць гісторыю і культуру беларускага народу ў нечаканым ракурсе. Свой, беларускі, незакамплесаваны погляд, на гістарычны і культурны досьвед эўрапейскага народу.

Асабліва цешыць, што лісты, якія прыходзяць на адрас “Беларускай Атлянтыды” пераважна ня ёсьць проста камплімэнтамі ці гнеўнымі выпадамі супраць перадачы. І першых і другіх мала. Бальшыня — гэта далучэньне да дыскусіі. Вялікі і падрабязны ліст з заўвагамі да перадачы “Беларускі на троне. Соф’я Гальшанская” даслаў у рэдакцыю Свабоды Анатоль Кулеш зь Ліды. Ліст уразіў дасьведчанасьцю і зацікаўленасьцю. Ліст вялікі, і адказваць на яго — значыць ствараць яшчэ адну перадачу. Але некаторыя заўвагі зь яго я папрасіў пракамэнтаваць пісьменьніцу Вольгу Іпатаву — удзельніцу той перадачы, якая выклікала цікавасьць у нашага слухача зь Ліды Анатоля Куляша”.

(Вольга Іпатава: ) “У гэтым вельмі цікавым пісьме спыняе на сабе ўвагу тое, што ўсё ж такі спадар Кулеш гаворыць з гледзішча польскага боку, і відавочна, што ён карыстаўся польскімі крыніцамі. Я спынюся толькі на адной заўвазе: чаму адбылося вянчаньне караля Ягайлы і Соф’і Гальшанскай менавіта ў Наваградку? Спадар Кулеш сьцьвярджае, што Папа Рымскі менавіта паставіў умову: шлюб павінен адбыцца непрыкметна без каралеўскага шыку і на пэрыфэрыі. Але калі б Ягайла не лічыў Наваградак першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, то ён бы непрыкметна дзе-небудзь каля Кракава зрабіў бы гэты шлюб. Не. Тут вельмі важна тое, што Ягайла хацеў падкрэсьліць, што ён не прымак, што ён аб’яднаўся з Польшчай на раўнапраўных пачатках. З польскага гледзішча спадар Кулеш мае рацыю, але мы ў “Беларускай Атлянтыдзе” і на старонках нашых газэтаў з пакутамі выпрацоўваем менавіта свой беларускі погляд на гэтыя падзеі”.

(Ракіцкі: ) “Геаграфія слухачоў “Беларускай Атлянтыды” вельмі вялікая. Я ведаю, што яе слухаюць ці не на ўсіх кантынэнтах — туды, куды лёс закінуў нашых суайчыньнікаў. На вачах многіх з гэтых людзей рабілася гісторыя, стваралася культура, якая пасьля была ў народу скрадзеная. І кожны допіс да нас зь нейкім важным успамінам ёсьць унёскам у наш агульны пошук Беларускай Атлянтыды.

Наш сталы і вельмі ўважлівы, зацікаўлены слухач Уладзімер Рэмеш цяпер жыве ў Гішпаніі. Ягоны ліст ёсьць вельмі важным сьведчаньнем пра тое, як бальшавікі выкрадалі гісторыю, як цынічна ставіліся і да яе, і да гістарычнай памяці свайго і суседняга народу. Гэты ліст спадар Рэмеш даслаў нам пасьля праслухоўваньня “Беларускай Атлянтыды”, у якой гаворка вялася пра інтрыгі вакол падзелаў Рэчы Паспалітай і яе апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Спадар Рэмеш, колішні жыхар вёскі каля Волчына, распавядае пра тое, што бачыў на свае вочы, а дакладней, як Беларусь перадавала Польшчы парэшткі караля. Ліст мне падаецца настолькі важным, што я зачытаю яго цалкам:

“Парэшткі караля прывезьлі ўначы ўлетку 1938 году — гэта так. Празь дзень зьявіўся артыкул у газэце “Кур’ер Варшаўскі” пад назвай “Празь дзюрку ад ключа” — або меркаваньні, што прывезьлі? Ці толькі дамавіну з парэшткамі ці таксама вайсковы рыштунак і прыпасы. Пакуль працаваў касьцёл да 1947 году, усё было нармалёва. Дамавіна з парэшткамі ляжала ў адмысловым склепе, пакрытым бэтоннай плітой. У 1948 годзе ў касьцёле зрабілі калгаснае сховішча. Калі сховішча ліквідавалі, здаецца, у 1949 годзе касьцёл заставаўся зусім без гаспадара, і пачалося яго разбурэньне. Мясцовыя жыхары пахаваньне адчынілі, цынкавую дамавіну разарвалі, а шкляную разьбілі, срэбную карону ўкралі, а парэшткі раскідалі па полі. У той самы час я прыехаў з Масквы ў Волчын, і калі даведаўся пра тое, што сталася, я туды і пайшоў. Усё, што я тады пабачыў (гэта было ўлетку 1949 году) — гэта былі адно толькі рэшткі залацістай ці срэбнай труны парчы ў разьбітай шкляной дамавіне. Нічога большага там не было. Дык вось цяжка сказаць, што маглі ўлады СССР перадаць, здаецца, у 1950 годзе. Мяркую, што нешта перадалі — сымбалічна, але толькі не сапраўдныя парэшткі караля. У 2002 годзе ад касьцёлу заставаліся толькі сьцены. Усё астатняе было разбуранае…”

(Ракіцкі: ) “Вось такі ліст мы атрымалі ад нашага слухача Ўладзімера Рэмеша з Гішпаніі ў працяг перадачы пра інтрыгі вакол падзелаў Рэчы Паспалітай. Дзякуй вам, спадар Уладзімер… У нашай рэдакцыйнай пошце і ў тэлефанаваньнях на аўтаадказьнік сустракаюцца і прапановы ўдасканаленьня праграмы, часам слухачы раяць тэмы ці нават сваё бачаньне, куды павінна скіравацца перадача”.

(Тэлефанаваньне: ) “Хацеў бы сказаць пра перадачы Ракіцкага. Усё гэта той узровень, які цікавы вельмі вузкаму колу адмыслоўцаў. Ці ня лепей гэты час аддаць пад аповед аб гістарычных постацях у гісторыі, жывапісе, музыцы, дойлідзтве? Вы скажаце — кніжкі ёсьць. Але якія іх тыражы і колькі чалавек іх можа прачытаць? Ёсьць жа што сказаць Уладзімеру Арлову, Генадзю Сагановічу, Вітаўту Чаропку… Хто ведае Міколу Равеньскага, Міхайлоўскага, Станіслава Манюшку, Ваньковічаў? Нават студэнты кансэрваторыяў ня ведаюць. Хто ведае пра Агіньскіх, Магдалену Радзівіл і г.д. Гэта дасьць нашмат больш плёну ня толькі адмыслоўцам, але і ўсяму беларускаму грамадзтву, а асабліва — моладзі”.

(Ракіцкі: ) “Дзякуй, ананімны, але ад гэтага ня меней паважаны слухач. “Беларуская Атлянтыда” — прынцыпова не традыцыйная асьветніцкая праграма. Перакананы, што час асьветніцтва, прынамсі, на радыё, тэлебачаньні скончыўся. Галоўныя этапы беларускай праўдзівай гісторыі тыя, хто хацеў ведаць, даведаўся. Згодзен з вамі, ёсьць падручнікі, іншыя цікавыя кнігі, шмат разоў недзяржаўная прэса друкавала і перадрукоўвала пытаньні і адказы па беларускай гісторыі. Яны зусім даступныя.

Радыё ня можа выконваць функцыяў школы. “Беларуская Атлянтыда” задумвалася і робіцца як праграма, дзе гістарычны ці культурны факт уздымаецца аж да міту, а ў пашыраным міце вышукваецца дакумэнтальная падстава. Што тычыцца вашых прапановаў пра постаці. Вы маглі заўважыць, што сёлета мы паспрабавалі наблізіцца да разуменьня, як цікава распавесьці пра вядомых і малавядомых людзей у нашай гісторыі. З удзелам Вольгі Іпатавай прагучалі перадачы пра Міндоўга, Алену Глінскую, Соф’ю Гальшанскую, Кацярыну І, Станіслава Панятоўскага. Цяпер я абмяркоўваю з шэрагам пісьменьнікаў магчымасьць супрацоўніцтва ў межах праграмы “Беларускай Атлянтыда”. Думаю, што найменей раз на месяц вы такія перадачы яшчэ пачуеце.

Было б няпраўдай, калі б я праігнараваў, так бы мовіць, сярдзітыя меркаваньні. Іх няшмат, але яны ёсьць. І што прыемна — рэагуюць людзі на нашу працу, значыць, іх нешта калі не кранае, дык раздражняе. Слухаюць жа і тэлефануюць…”

(Тэлефанаваньне: ) “Вот сейчас кто-то… какая-то женщина с состраданием говорила, што погибла Антантлида…, Атлантида или, Господи… Я вам по секрету скажу, кто это загубил ее — Лукашенко Александр Григорьевич. Атлантиду загубил Лукашенко! Будьте добры, расследуйте — это очень важный момент”.

(Ракіцкі: ) “Я разумею сарказам нашага сталага слухача. Свае водгукі ён з зайздроснай рэгулярнасьцю запісвае на наш аўтаадказьнік. І ня толькі на маю перадачу. А на вашую зьедлівую заўвагу адкажу наўпрост: Так, і Аляксандар Лукашэнка, і дзясяткі прызначаных ім чыноўнікаў таксама працягваюць працу сваіх папярэднікаў-разбуральнікаў, якія ператварылі Беларусь у Атлянтыду. Прыклады? Калі ласка, — скасаваньне дзяржаўнага статусу нацыянальнай гістарычнай сымболікі, вынішчэньне з шырокага ўжытку беларускай мовы, закрыцьцё тэатру “Вольная сцэна”, расправа над літаратурна-мастацкімі часопісамі, неаднойчы сарваныя выставы мастакоў суполкі “Пагоня” і, нарэшце, — замах на падручнікі па беларускай гісторыі. Сьпіс магу працягваць. І гэтых фактаў з гісторыі ня выкінеш, як і тых, пра якія мы распавядаем. Вось адкуль вашая раздражнёнасьць, паважаны наш сталы ананімны слухач.

Цягам гэтых гадоў, што жыве на хвалях Беларускай Свабоды “Беларуская Атлянтыда”, сфармавалася вельмі цікавая кола сутнасна суаўтараў праграмы — людзей, якія мысьляць сучаснымі катэгорыямі, на якіх ня ціснуць догмы савецкай вульгарызаванай гістарычнай навукі, ці гэтак званыя мэтады гэтак званага сацыялістычнага рэалізму. Факты і толькі факты, на якія кідаецца беларускі погляд, якія аналізуюцца ў эўрапейскім кантэксьце. І — займальнасьць, што можа ўзьняць іх аж да ўзроўню міту. Такія правілы гульні, якія мы абіраем. Сёлета вельмі спадабаліся нашым слухачам шэраг перадачаў, зробленых з удзелам археоляга Алега Трусава і этнакультуроляга Тацяны Валодзінай. Сёньня яны зноў у нашай студыі. Што дае ім удзел у праграме “Беларуская Атлянтыда”, як яны разумеюць гэтую праграму? Спадар Трусаў?”

(Трусаў: ) “Мой удзел у “Беларускай Атлянтыдзе” зьвязаны з тым, што я маю ўнікальную магчымасьць расказаць пра эўрапейскую сутнасьць беларусаў ва ўсім сьвеце, бо гэтыя перадачы можна паслухаць як у Канадзе, так і ў Аўстраліі. І самае галоўнае — прачытаць у Інтэрнэце. Дзякуючы вольнаму эфіру вольнае беларускае слова гучыць на ўсіх кантынэнтах. Гэта самая эўрапейская праграма з усіх тых, якія гучаць у сёньняшнім эфіры”.

(Ракіцкі: ) “Скажыце, спадар Трусаў, што вы прапанавалі “Беларускай Атлянтыдзе” ў 2004 годзе?”

(Трусаў: ) “У наступным годзе я хацеў бы прапанаваць цыклі перадачаў “Невядомыя беларускія дзяржавы”. Сярод іх — Вялікае княства Цьвярское, Пскоўская рэспубліка, наша агульнае з палякамі герцагства Курляндыя…”

(Ракіцкі: ) “І мы, напэўна, не забудзем пра так званую Сярэднюю Літву?”

(Трусаў: ) “Так. Гэта цікавае марыянэткавае стварэньне, якое інтэгравалася з Польшчай так, як цяпер некаторыя хочуць з Расеяй. Што з гэтага атрымалася — мала хто ведае”.

(Ракіцкі: ) “Дзякуй, спадар Алег, за ўдзел у нашай перадачы ў 2003 годзе. Буду рады шчасьліва супрацоўнічаць з вамі ў годзе наступным.

Яшчэ адна госьця сёньняшняй навагодняй праграмы “Беларуская Атлянтыда” — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна”.

(Валодзіна: ) “Для мяне ўдзел у гэтай перадачы — даволі істотны стымул для навуковай і прафэсійнай дзейнасьці. Бо тыя тэмы, тыя аспэкты, якія мы са спадаром Ракіцкім запрапанавалі нашым слухачам, як правіла, належаць да ліку нераспрацаваных у айчыннай фальклярыстыцы. Яны закранаюць тыя тэмы, якія прыняты было адносіць да нізкіх, непрыгожых і нават непатрэбных. Бо мы гаварылі пра знакавыя функцыі гарэлкі, магічную ролю лаянкі, міталягічны статус байструка, сэксуальнае жыцьцё беларусаў і сымболіку цела”.

(Ракіцкі: ) “Тацяна, а што вы маглі бы запрапанаваць для размоваў у “Беларускай Атлянтыдзе” ў наступным годзе?”

(Валодзіна: ) “Мне хочацца працягваць тую асноўную ідэю — паказаць жыцьцё беларуса ў непадзельным адзінстве матэрыяльнага і духоўнага. Сёлета мы гаварылі пра кантрацэпцыю і аборты. Далей я хацела бы расказаць пра тое, што бывае, калі кантрацэпцыя не спрацоўвае”.

(Ракіцкі: ) “О, вельмі цікава. І думаю, што гэтую перадачу мы падрыхтуем ужо ў наступны месяц-другі. Дзякуй, Тацяна, за ўдзел у “Атлянтыдзе”.

На самым пачатку пошуку Беларускай Атлянтыды ў эфіры Радыё Свабода мяне не пакідала боязь: а раптам тэмы скончацца? На шчасьце, дасьледаваньні гісторыі і культуры ўсіх народаў ня маюць канца, яны вечныя, як вечныя самі гісторыя і культура. На жаль, рэальнасьць Беларусі патрабуе асаблівых высілкаў у гэтым кірунку. Вось паслухайце фрагмэнт аднаго зь сюжэтаў, які нядаўна прагучаў у інфармацыйным блёку нашага радыё:

(Карэспандэнт: ) “Як нам стала вядома, два месяцы таму ў будынку Лёзьнінскай міліцыі зьнік скарб — манэты Вялікага Княства Літоўскага”.

(Прадстаўнік міліцыі: ) “Так, гэткі факт быў. Але вы не нагнятайце вось гэту абстаноўку… І вось вы гаворыце пра скарб. Зноў жа, вы гаворыце пра нейкае Княства Літоўскае, якога ўвогуле не існавала, разумееце?”


(Ракіцкі: ) “Вось так… Скрадзена, патоплена… Крадзецца і топіцца так шмат, што, як кажуць, за працу, спадарства. Пачуемся ўжо за тыдзень”.
XS
SM
MD
LG