Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замкі як грамадзкі й культурны асяродак


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае Ніна Здановіч

(Ракіцкі: ) "Сярэднявечныя падарожнікі называлі Беларусь "краінай замкаў". І бачылі яны іх як, прыкладам, Адам Міцкевіч:

Ля Навагрудка, на ўздыбленых горах, —
Замак у месяцы срэбным зіхценьні,
Вал зьдзірванелы схаваўшы, сувора
Волатаў-вежаў ламаныя цені
Падалі ў роў, дзе між вечнай цясьніны
Дыхалі воды, затканыя цінай.

Замак заснуў — ні агню і ні дыху,
Толькі на вежах бяссонная варта
Воклічам цішу палохае ўпарта.

Чым яшчэ былі замкі для Беларусі, акрамя як "мураванай вартай"?"

(Здановіч: ) "На самой справе на замкі глядзелі найперш як на гарант дзяржаўнае бясьпекі. Але насамрэч значэньне іх для Беларусі намнога шырэйшае. Мы забываемся на іх ролю ў культуры, якая не абмяжоўваецца засваеньнем лепшага ў фартыфікацыі ці ўвасабленьнем няхай сабе й таленавітым чарговых мастацкіх стыляў — гэтая роля мянялася на працягу стагодзьдзяў, але большасьць з таго, што давала замкавая культура грамадзтву, можна пазначыць пад грыфам "першы".

(Ракіцкі: ) "Мая госьця — археоляг Ніна Здановіч. Спадарыня Ніна, вы сказалі "пад грыфам "першы". Расшыфруйце, калі ласка, што перадусім давалі замкі?"

(Здановіч: ) "У кожным стагодзьдзі гэта было нешта сваё. Прыкладам, у ХІV стагодзьдзі першыя кафляныя печы, якія зьявіліся ў Беларусі, — у Полацкім і ў Лідзкім замку. Фрэскі, якія зьявіліся ў жывым памяшканьні, таксама ў Крэўскім замку й на Наваградзкім замку. У ХVІ стагодзьдзі, калі Эўропа захапілася старажытнасьцю, музэямі, першы музэй быў створаны ў Нясьвіжы. Нумізматычны кабінэт, калекцыя манет, якую пачаў Радзівіл, ужо ў ХІХ стагодзьдзі налічвала больш за 12 тысяч асобнікаў.

Прыватныя бібліятэкі таксама зьяўляюцца ўпершыню ў замках. Першыя тэатры ХVIII стагодзьдзя — гэта таксама элемэнт замкавае культуры. А ў ХІХ стагодзьдзі батанічныя сады, аранжарэі — гэтак сама элемэнты замкавае культуры".

(Ракіцкі: ) "Замак станавіўся ў цэнтар культурнага, грамадзкага жыцьця?"

(Здановіч: ) "Вакол яго віравалі два колы гэтага жыцьця".

(Ракіцкі: ) "Якія гэта колы?"

(Здановіч: ) "Найперш значэньне ў дзяржаўным жыцьці й значэньне ў жыцьці культурным. Але была й глябальная роля замкаў. Яе можна вызначыць некалькімі літаральна фактамі. У часы Полацкага княства замак быў ядром гораду. Ён як бы атаясамліваўся з горадам. Вакол яго будаваўся горад.

У эпоху Вялікага Княства Літоўскага замак быў гарантам бясьпекі й ўнутры замка адначасова была пляцоўка для месьцічаў у момант небясьпекі. Ён быў іх, ён быў свой замак.

Але ў эпоху Адраджэньня й Асьветніцтва замак успрымаецца ў першую чаргу як цэнтар сьвецкае культуры. Прыкладам, бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах налічвала вялікую колькасьць тамоў, і ўладальнік, Храптовіч, напісаў нават Статут, па якім дазвалялася карыстацца гэтай бібліятэкай навукоўцам з-за мяжы і мясцовым. Гэтую магчымасьць выкарысталі Ян Чачот і Адам Міцкевіч. Там былі вельмі цікавыя дакумэнты, кнігазборы. Там можна было азнаёміцца зь дзёньнікам Марыны Мнішак".

(Ракіцкі: ) "Людзі перадусім інтэлектуальнага складу цягнуліся ў замкі?"

(Здановіч: ) "Безумоўна, але мяняўся час, і замкі мянялі функцыю. У ХІХ стагодзьдзі для дзяржавы найважнейшым было эканамічнае разьвіцьцё. І тады замкі вядуць рэй менавіта ў эканамічным жыцьці краіны.

Возьмем толькі аднаго ўладальніка, аднаго магната Пуслоўскага, які меў маёнтак у Альбэрціне, пад Слонімам. Ягоная дзейнасьць можа быць узорам у якасьці прадпрымальніка. Ён адкрываў на тэрыторыі свайго маёнтка, ля маёнтка, цэлы шэраг прадпрыемстваў: цагельню, паперню, суконную мануфактуру й мануфактуру па вытворчасьці дываноў у залежнасьці ад попыту.

А ў канцы ХІХ стагодзьдзя ён жа ёсьць першапачынальнік гідраэлектрастанцыі ў Заходняй Беларусі. Ён жа адчыняе электралямпавую мануфактуру".

(Ракіцкі: ) "Замак станавіўся эпіцэнтрам, вакол якога віравала жыцьцё. Як складваліся дачыненьні замка з навакольлем?"

(Здановіч: ) "Замак паступова ствараў вакол сябе своеасаблівую аўру, як бы аддаляючыся ад навакольля. Гэтае паступовае аддаленьне відавочнае. У ХІІ-ХІV стагодзьдзі замак быў сярод людзей, гатовы прыняць іх у момант небясьпекі. З ХVІ стагодзьдзя ён як бы дыстанцуецца на край мястэчка, гораду.

А ўжо ў ХVІІІ стагодзьдзі ён адгароджваецца ад мястэчка за ценем ангельскага парку, і толькі нямногія могуць на ўласныя вочы пабачыць сам замак, а тым больш пабачыць гаспадароў замка. Таму паступова ўсё зьвязанае з замкам, зь яго жыхарамі міталягізуецца, як у вядомым рамане Франца Кафкі "Замак":

"Цяпер увесь Замак ясна вымалёўваўся ў празрыстым паветры, і ад тонкага сьнегавога покрыва, што цалкам апранала яго, усе формы й рысы выступалі ўсё выразьней… Увесь Замак, якім ён бачыўся здалёк, зусім адпавядаў чаканьням К. Гэта была і не старадаўняя рыцарская крэпасьць, і не шыкоўны новы палац, а суцэльны шэраг будынінаў, які складаўся зь некалькіх двухпавярховых і мноства шчыльна прылепленых адзін да аднаго прыземістых дамоў, і каб ня ведаць, што гэта Замак, льга было б прыняць яго за мястэчка. К. убачыў толькі адну вежу, ці то над жылым памяшканьнем, ці то над царквою — разабраць было няможна. Стаі варон кружлялі над вежаю".

(Ракіцкі: ) "Спадарыня Ніна, ці можам мы сказаць, што для большасьці жыхароў замак быў нечым недасягальным — пэўнай паласой, зонай "табу"?"

(Здановіч: ) "Безумоўна, паколькі большасьць жыхароў навакольля магла меркаваць пра замак і пра яго жыхароў толькі па-чутках. І гэтаму нараджэньню легендаў садзейнічалі самі гаспадары, складаючы розныя показкі й байкі нават самі пра сябе.

Прыкладам можа быць Мікалай Радзівіл Пані Каханку, чарговы ўладар Нясьвіскага замка, каторага паводле ягоных баек можна назваць беларускім "баронам Мюнгаўзэнам":

"Быў я добраахвотнікам у ангельскім войску, пане каханку, што вяло аблогу гішпаньскай цьвярдыні Гібралтару. І быў у мяне чыстай андалузійскай пароды, чорны, як крумкачова крыло, конь. Пачаўся, пане каханку, штурм той крэпасьці. Лячу я на сваім скакуне, ажно раптам гарматнае ядро, пушчанае ворагам, разрывае тулава майго каня на дзьве паловы. Я ўтрымаўся ў сядле, а ён так разагнаўся, што з той паловай, на якой сядзеў, проста праз мур пераляцеў, і апынуўся я, пане каханку, першым у той грознай цьвярдыні. Ну, а за мной і астатняе войска ўварвалася, здабыўшы Гібралтар канчаткова…"

(Ракіцкі: ) "А ці перасякаліся шляхі замка й ваколіцы?"

(Здановіч: ) "Можна ўзгадаць пра адзін вельмі прыкладны й вельмі цікавы факт. У Нясьвіжы штогод праводзілася так званае сьвята курка. Спаборніцтва ўладароў замка й стралкоў-месьцічаў на найлепшага стралка.

У першай чацьвёрцы стралкоў былі сам гаспадар замка, ягоная жонка, гаспадар гораду і войт. У другой чацьвёрцы маглі ўдзельнічаць любыя жыхары гораду, хто меў стрэльбу. Пераможца фіксаваўся ў магістрацкае кнізе й атрымоўваў узнагароду. Гэта садзейнічала павышэньню вайсковага майстэрства, а тым самым ўмацоўвала й абарону гораду, абарону замка".

(Ракіцкі: ) "Замак меў шмат функцыяў. А ці не заміналі гэтыя функцыі адна другой? Ці не зашмат браў на сябе замак?"

(Здановіч: ) "Магчыма, і зашмат. Гэта адчулася ў ХІХ стагодзьдзі, калі замак пераключаецца як бы з сваёй ролі як заканадаўцы культурных функцыяў, культурных традыцыяў — перакваліфікуецца ў заканадаўцу эканамічных падставаў дзяржавы. Прыкладам таму — лёс Ружанскага замка, які згарэў менавіта ад пажару на сукнавальні, якая разьмяшчалася ў яго карпусах.

Але нават тады, у ХVІІІ стагодзьдзі, замак заставаўся тым, чым ён не пераставаў быць ніколі — апірыскам дзяржаўнасьці. І гэта добра ўсьвядомілі расейскія ўлады, калі пасьля далучэньня Беларусі да Расеі, у ліку шэрагу мерапрыемстваў, забаранілі мясцовым магнатам ня толькі трымаць уласнае войска, але й будаваць крэпасьці".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, вы хочаце сказаць, што замак сам зьнішчаў сябе, і ў гэтым, напэўна, лёгіка працягласьці існаваньня замкаў у прасторы й часе пэўнае краіны, у прыватнасьці, Беларусі?!"

(Здановіч: ) "Безумоўна, усё мае свой пачатак і свой канец, але акрамя функцыі ўяўнай, як бы фізычна адчувальнай, кожная зьява, у тым ліку й замак, мае яшчэ сваю функцыю — міталягічную. Функцыю знакавую. І вось у гэтым сэнсе вельмі дрэнна, што замак як знакавая функцыя для Беларусі, страчвае сваю ролю.

Тады атрымоўваецца так, што ў былых родавых гнёздах адчыняюцца калгасныя канторы, як гэта здарылася ў Падароску пад Ружанамі. Былыя вуліцы з прыгожымі назвамі, якія акаляюць замак, прыкладам, францускі тракт у Альбэрціне, ператвараюцца ў калгасныя вуліцы. А па тэрыторыі былых замкаў пачынаюць блукаць статкі авечак, коз, кароў, як у Крэўскім ці Ружанскім замку. І рэшткі замкаў, замкавыя сутарэньні часам ператвараюцца ў сьцёкі для гною з фэрмаў".

(Ракіцкі: ) "А зусім нядаўна я наведваў рэшткі замкаў, панскіх палацаў у ваколіцах Мёраў. І пабачыў, як там дзеці зьбіраюць сьлімакоў, якія засталіся ад гаспадароў замкаў — тыя раней сьлімакоў вырошчвалі. І цяпер гэтыя сьлімакі — апошнія жыхары выдатных збудаваньняў колішніх цэнтраў культуры".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG