Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1959


Сяргей Шупа, Прага

(Дыктар: ) “(новы сыгнал) Гаворыць Радыё Свабода...

Сыгнал, які вы толькі што пачулі, пачаў гучаць на нашых хвалях ад 1959 году. У гэтым годзе адбыліся істотныя перамены ў палітыцы радыё, што сярод іншага выявілася і ў зьмене назову. Дынамічнае і наступальнае паняцьце Вызваленьне ў назове радыё саступіла месца больш статычнаму і абстрактнаму паняцьцю Свабода. Пра тое, як гэта адбылося, распавядае вэтэран нашага радыё Ян Запруднік.

(Запруднік: ) “Пасьля гэтых рэвалюцыяў 1956 году і Вашынгтон, і Масква прыйшлі да перакананьня, што гэтыя канфрантацыі небясьпечныя, бо ў абедзьвюх дзяржаваў была ядзерная зброя. І ў рэшце рэштаў пасьля недзе 1958-59 году прыйшлі да перакананьня, што трэба пераходзіць з канфрантацыі да гэтак званага “мірнага суіснаваньня”. Ніксан паехаў у Маскву. Хрушчоў прыехаў у Нью-Ёрк, у Злучаныя Штаты, пазнаёміўся тут зь сельскай гаспадаркай Амэрыкі. На генэральныя асамблеі прыяжджаў быў Мікаян, Казлоў – старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага савету БССР.

Словам, далей атмасфэра палагаднела, і пастулят мірнага суіснаваньня вымагаў зьмяншэньня крышку эмацыйнага ўзроўню, якім адзначаліся перадачы Радыё Вызваленьне. Фразэалёгія была даволі эмацыянальнай, моцнай, у сэнсе абвінавачаньняў рэжыму і гэтак далей. Выразы “чырвоная дыктатура”, “крамлёўскія маньякі” і гэтак далей сталіся неактуальнымі, і такім парадкам Радыё Вызваленьне сталася Радыё Свабода.

Я памятаю, як мне часта даводзілася зьніжаць тон сваіх рэпартажаў пасьля заўвагаў асобы, якой я чытаў свае рэпартажы, перад тым як начытваць. Густаў Бурбель быў загадчыкам аддзелу беларуска-украінскага і турка-каўкаскага. Мне даводзілася чытаць яму свае рэпартажы. Ён часта казаў: “Спакайней-спакайней. Нашто ўсе гэтыя гарачыя пачуцьці. Чым больш спакайней будзеш гаварыць, тым больш пераконліва гэта будзе гучэць. І ў рэшце рэштаў нельга было зь ім не згадзіцца. Пасьля я сам быў у такой самай ролі ў дачыненьні да іншых вольных супрацоўнікаў зь беларускай праграмы.

А так, наагул, пэрыяд мірнага суіснаваньня – гэта быў пэрыяд канкурэнцыі ідэяў. І, безумоўная рэч, трэба было карыстацца матэрыялам, абапёртым на факты, на дакумэнты, і старацца як мага спакайней гэта падаваць. Наколькі гэта ўдавалася нам, я думаю, можна меркаваць з рэакцыі савецкага боку, паводле афіцыйнай рэакцыі тых усіх фельетонаў, абвінавачвальных артыкулаў у наш адрас. Мы гэта ўсё ўспрымалі як довад таго, што ўсё ж эфэктыўнасьць нашых перадачаў была бясспрэчная.

Мы яшчэ вернемся да ўспамінаў Яна Запрудніка далей у нашай перадачы, а зараз – аўтэнтычны эфір 1959 году. Гучыць фрагмэнт гутаркі з прадстаўніком амэрыканскай беларускай моладзі Юркам Станкевічам, якому нядаўна, дарэчы, споўнілася 75 гадоў.

(Дыктар: ) “Да найбольш дзейных беларускіх арганізацыяў у Злучаных Штатах Амэрыкі ад самага пачатку свайго існаваньня належыць Згуртаваньне беларускае моладзі ў Амэрыцы. З мэтай пазнаёміць нашых слухачоў з гэтай арганізацыяй мы запрасілі сёньня на кароткую гутарку ейнага старшыню, спадара Юрку Станкевіча. Спадар старшыня, калі было заснаванае Згуртаваньне беларускае моладзі ў Амэрыцы?”

(Юрка Станкевіч: ) “Заснавалася нашая арганізацыя ў 1951 годзе, у Нью-Ёрку, выпускнікамі Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, што прыехалі ў Амэрыку зь Нямеччыны.

(Дыктар: ) “Пачалося, значыцца, ад Нью-Ёрку? Як жа сёньня выглядае вашая арганізацыя?”

(Станкевіч: ) “Сёньня мы маем ужо аддзелы згуртаваньня ў Нью-Ёрку, Нью-Бранзуіку, Кліўлэндзе, Чыкага, і ў іншых гарадох Амэрыкі. Апрача таго, да нашае арганізацыі належыць шмат беларускай моладзі, што жыве асобна, па меншых беларускіх асяродках.

(Дыктар: ) “Якую галоўную мэту паставіла сабе Згуртаваньне беларускае моладзі ў Амэрыцы?”

(Станкевіч: ) “Перш за ўсё трэба было задзіночыць беларускую моладзь, якая прыехала сюды з Эўропы вакол свае арганізацыі і канкрэтнае нацыянальна-ўзгадаваўчае работы. Дасягнуўшы гэта, перад намі адразу ж паўстала пытаньне... (шум глушылак) Што да адносінаў мясцовых уладаў да гэтых арганізацыяў, дык тут у гэтым сэнсе поўная свабода, якая якраз і ўзмацняе ляяльнасьць імігрантаў да Амэрыкі.

(Дыктар: ) “Вельмі дзякую вам, спадар старшыня, за пададзеныя весткі.

Праз колькі хвілінаў мы зноў сустрэменся на нашай хвалі зь Янам Запруднікам, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1959 годзе...

Год 1959 у сьвеце

Палітыка

Кубінскі прэзыдэнт Батыста адмаўляецца ад пасады і ўцякае з краіны, да ўлады прыходзіць Фідэль Кастра. – Тыбэцкі Далай-лама ўцякае ў Індыю. – Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў наведвае Злучаныя Штаты і сустракаецца ў Кэмп-Дэйвідзе з прэзыдэнтам Эйзэнхаўэрам. – Вялікая Брытанія прызнае незалежнасьць Кіпру. – Аляска і Гаваі становяцца 49-м і 50-м штатамі ЗША.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная італьянскаму паэту Сальваторэ Квазімода. Выходзяць раманы ”Голы сьняданак” Уільяма Бэраўза, ”Бывай, Калюмб” Філіпа Рота, ”Зазі ў мэтро” Рэймона Кено.

Папулярная музыка

Упершыню адбылася цырымонія прэміяў “Grammy” – песьняй году становіцца “Nel Blu Dipinto di Blu” (Volare) ў выкананьні Домэніко Модуньё i “Mack the Knife” Бобі Дарына.


А зараз – працяг успамінаў Яна Запрудніка. Ён распавядзе пра адну з самых яскравых падзеяў 1959 году – візыт савецкага кіраўніка Хрушчова ў Злучаныя Штаты.

(Запруднік: ) “Вялікай падзеяй быў безумоўна прыезд Мікіты Хрушчова на Генэральную асамблею ў суправаджэньні такіх асобаў як Андрэй Грамыка, міністар замежных справаў. Гэта быў, як той казаў, цырк на высокім дроце. Найбольш памятным, як кожнаму гэта бадай вядома, было выступленьне Хрушчова на Генэральнай асамблеі ААН. Мы тады былі прыкаваныя да тэлевізыйнага экрану, сачылі за кожным рухам гэтага найвышэйшага прадстаўніка Савецкага Саюзу. Безумоўная рэч, ува ўсіх адкрыўся рот, і вочы ледзь не на лоб выскачылі, калі ён зьняў чаравік і пачаў ім стукаць.

Грамыка, як вельмі выразна памятаю, сядзеў каля яго, побач зь ім. І, відаць, нават напэўна, ён не спадзяваўся такога жэсту свайго лідэра. І была такая паўза. Нейкая такая зьбянтэжанасьць. Ён ня ведаў, як на гэта рэагаваць. Але даволі хутка зарынтаваўся і зь усьмешкаю, так, робячы жарт з усяго гэтага, стараючыся абярнуць усё гэта ў жарт, пачаў двума кулакамі стукаць таксама па стале. Безумоўная рэч, салідарнасьць ён мусіў выявіць. Бо можна сабе ўявіць, што было б, калі б Грамыка ўстрымаўся ад нейкае дэманстрацыі. То безумоўна гэта быў бы ціхі пратэст. Уся гэтая сцэна трывала даволі доўга, параўнальна доўга. Такім парадкам Хрушчоў увайшоў у гісторыю савецка-амэрыканскіх і савецка-сусьветных дачыненьняў.

Памятаецца таксама выступленьне Грамыкі на Генэральнай асамблеі. Я ніколі перад гэтым ня чуў ягонага вымаўленьня, такога выразна беларускага. І ў мяне гэта засталося запісаным на стужцы. Калі ён гаварыў пра танкі і самалёты ў родным склоне, гаворачы па-расейску, у яго выходзіла “танкаў” і “самалётаў”. Мне тады выразна стала, што Грамыка (што б там не казалі: расеец ён ці не расеец) па сваім вымаўленьні быў выразным гомельскім беларусам.

Нагадаю, сёньняшні госьць нашай перадачы – вэтэран Беларускай Свабоды Ян Запруднік, які выступаў на нашых хвалях пад псэўданімам Арсень Загорны. На жаль рэпартажоў Арсеня Загорнага з сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у нашых архівах не засталося. З аўтэнтычнага эфіру 1959 году прапануем паслухаць гутарку з паэткай Натальляй Арсеньневай...

(Дыктар: ) “Мы запрасілі сёньня нашую паважаную паэтку на кароткую гутарку, якая, мы верым, зацікавіць і нашых слухачоў... Спадарыня Арсеньнева, на Бацькаўшчыне ў мірныя часы вы вельмі шмат пісалі. Скажэце, калі ласка, як адбіліся на вашай творчай энэргіі цяжкія гады вайны і, пэўна ж, нялёгкая ростань з родным краем?”

(Арсеньнева: ) “Вайна. Яна сьпярша аглушыла мяне, бо сутыкнулася я зь ёй тварам у твар. Зь першых жа дзён згубіла свой кут. Разлучылася на гады зь сям’ёй. Але столькі бяды было навокал. Столькі крыўды рабілася нашаму народу, што я не магла маўчаць. І я пісала. Шмат пісала. Пішу і цяпер.

(Дыктар: ) “Апынуўшыся на Захадзе, якія вы знайшлі магчымасьці публікаваць свае творы?”

(Арсеньнева: ) “О, друкаваць свае творы я маю дзе. Абы пісаць. Тутака, у вольным сьвеце, выходзяць і беларускія газэты, і часапісы. Апошнімі гадамі ў Нью-Ёрку выдаецца адмысловы літаратурны беларускі часапіс – “Конадні”, які задзіночвае ўсіх нашых паэтаў і пісьменьнікаў, бяз розьніцы, дзе яны сяньня апынуліся: ў Амэрыцы, Эўропе ці Аўстраліі.

(Дыктар: ) “Спадарыня Арсеньнева, якія думкі і пачуцьці выклікаюць у вас вашыя сябры па пяру ў Беларусі, што змушаныя пісаць ва ўмовах савецкае партыйнае літаратуры?”

(Арсеньнева: ) “Я шчыра перажываю іхную нядолю. Спагадаю ім. Бо ўяўляю, як ім парою цяжка. Яны ўсе ж кахаюць Беларусь таксама, як мы тут. Бачаць тую велізманую крыўду, што сяньня дзеіцца. І мусяць маўчаць або пісаць тое, з чым не пагаджаюцца, у што ня вераць. Напішуць, а пасьля... Ах, дый што тут казаць. Хто ж ня ведае сяньня ўмоваў, у якіх жывуць там нашыя пісьменьнікі й людзі наагул.

(Дыктар: ) “Спадарыня Арсеньнева, вы, пэўна ж, ня траціце надзеі, што прыйдзе час, калі і ў нас, у вольнай Беларусі, паэта будзе магчы выказаць тое, што яму на сэрцы ляжыць, а ня тое, што хоча партыя?”

(Арсеньнева: ) “Калі б я ў гэта ня верыла, навошта былі б усе духовыя пакуты выгнаньня? Пашто было б жыць наагул?”

(Дыктар: ) “Вельмі дзякую вам, спадарыня Арсеньнева!”

1959 ГОД У БЕЛАРУСІ

У Менску адкрыўся Дзяржаўны цырк Беларусі. – Заснаваны Саюз Журналістаў. – У Менску адкрыты помнік Марату Казею і літаратурны музэй Якуба Коласа. – Паводле вынікаў перапісу, у Беларусі зарэгістравана 8 мільёнаў 054 тысячы 648 чалавек.


А зараз паслухаем – што гучала на хвалях менскага радыё ў 1959 годзе. Эстрадная музыка працягвала разьвівацца ў традыцыйным акадэмічна-народным рэчышчы – цяжка паверыць, што ў тым самым часе недзе грымеў рок-эн-рол, або калыхалася на цёплых хвалях боса-нова. Вось што замест Элвіса Прэсьлі маглі чуць беларускія слухачы:

“Толькі жартавала” – музыка Мікалая Чуркіна на словы Адама Русака, выконвае саліст тэатру опэры і балету Міхаіл Дзянісаў. (Гучыць песьня.)

Аднак беларусы не замыкаліся ў сваёй местачковасьці – пачаліся шырэйшыя культурныя кантакты са сьветам, хоць і ў жорсткіх рамках ідэалягічнай пільнасьці. Вось, прыкладам, група савецкіх пісьменьнікаў пабывала ў далёкай Аргентыне, сярод іх быў драматург і сцэнарыст Кастусь Губарэвіч.

(Губарэвіч: ) “Нас, савецкіх людзей, страшэнна ўразіла антысанытарыя аргентынскай сталіцы, анархічныя паводзіны на вуліцах яе жыхароў, іх нейкая дэманстрацыйная непавага да свайго роднага гораду. Хоць, што тут дзіўнага, Буэнас-Айрэс – тыповы капіталістычны, да таго ж наскрозь амэрыканізаваны горад. А капіталістычны горад разьвівае ў чалавека ў першую чаргу эгаізм: “Я раблю тое, што толькі мне прыемна. А ўсё астатняе мяне не цікавіць”.

У Буэнас-Айрэсы гэты эгаізм прымае ўжо нейкія пачварныя формы. Там, напрыклад, няма завядзёнкі, каб у трамваях, тралейбусах, аўтобусах, мэтро ўступаць мейсца дзецям, старым, інвалідам. Па прывычцы ўступаць старым мейсца ў гарадзкім транспарце аргентынцы безпамылкова пазнаюць чужаземцаў і зусім шчыра зьдзіўляюцца ім, як мы часам зьдзіўляемся, калі які-небудзь здаравяк ня ўступіць свайго мейсца інваліду ці старому чалавеку.

З кожным днём Буэнас-Айрэс раскрываўся перад намі як горад поўнай супярэчнасьці капіталістычнага сьвету: неахайнасьць і бруд на вуліцах ужываюцца з шыкозным бляскам магазінаў, бараў. Тут ужо канкурэнцыя на кожным кроку. Кожная гандлёвая фірма імкнецца аздобіць свае магазіны, лепш суседняй. Уваход і вітрына – візытная картка. Таму ў кожнай вітрыне – самыя лепшыя ўзоры тавараў. Кожны ўваход – самае лепшае спалучэньне медзі, сталі, дарагога шкла, цудоўна прыгожых плястычных мас. Уваход і вітрына павінны зьзяць, спыняць увагу, прыцягваць кожнага, каму нават нічога ня трэба купляць.

З надыходам вечара прыходзіць на дапамогу нэонавая рэкляма. Цэнтар гораду, гандлёвыя вуліцы бушуць у полымі сьветлавых рэклямаў. Нэонавая сьвістапляска літаральна сьлепіць, аглушае. Ну як тут не спыніцца ля бліскучай вітрыны? І многі спыняюцца. Стаяць. Любуюцца. А ў магазін не заходзяць. Магазіны поўныя розных тавараў. А пакупнікоў няма...

Ну й яшчэ адзін узор беларускай эстрады канца 1950-х. ”Беларусь мая” – музыка Генадзя Цітовіча, словы зноў жа Адама Русака, выконвае жаночы вакальны актэт п/к Цітовіча. (Гучыць песьня “Беларусь мая”.)

А зараз мы вяртаемся зноў да ўспамінаў. Ян Запруднік распавядае пра савецкую выставу ў Нью-Ёрку і пра першыя кантакты з прадстаўнікамі Сваецкай Беларусі...

(Запруднік: ) “У 1959 годзе была савецкая выстаўка, недзе ў ліпені. Таксама для нас гэта была вялікая падзея, у сэнсе жывога кантакту. Бо гэта быў 1959 год, гадоў 14-15 ўжо, як мы пакінулі Бацькаўшчыну, і сустрэча з жывымі людзьмі надавала значэньне ў сэнсе кантакту з тым сьветам, зь якім мы прабавалі камунікавацца праз радыёхвалі. Але выстаўка вялікага ўражаньня не зрабіла на нас, у сэнсе азнаямленьня зь Беларусьсю. Бо гэтая Беларусь – яна была... там стаяў трактар “Беларусь”, там яшчэ пару машынаў, і так яна не была выдзеленая на гэтулькі, на колькі самая гэтая рэспубліка была выдзеленая на картах, у сваёй канстытуцыі была выдзеленая з гэтай савецкай фэдэрацыі. У нас было такое моцнае расчараваньне, што мы не пабачылі тае савецкай Беларусі, якую мы сабе ўяўлялі, у сэнсе раўнапраўнага члена сям’і савецкіх народаў.

I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт карэспандэнцыі Арсеня Загорнага – Яна Запрудніка, прысьвечанай згаданай толькі што савецкай выставе 1959 году.

(Загорны: ) “Ад самага пачатку свайго існаваньня бальшавікі ў большай ці меншай меры займаліся ашуканствам, выкарыстоўваючы людзкую наіўнасьць і неабазнанасьць. Ашуканская да пэўнай меры і савецкая выстаўка ў Нью-Ёрку, пры дапамозе якое грамадзяне Амэрыкі маюць пазнаёміцца з жыцьцём у Савецкім Саюзе. Ашуканская асабліва ў тых сваіх разьдзелах, што прысьвячаныя штодзённаму жыцьцю чалавека. Гэты чалавек паводле выстаўкі забясьпечаны ня толькі добрай працай і выгадным адпачынкам, дармовай асьветай і поўным мэдыцынскім доглядам, але і ўсім матэрыяльным дастаткам: ад маленькага цукерачка і сасіскі да тэлевізійнага апарату і бутэлькі “шампанскага”. Праваднікі нью-ёркскай выстаўкі, схаваўшы сваё сумленьне разам з партыйным білетам у кішэні набытых ужо тут касьцюмаў, сваёй ламанай ангельшчынай даводзяць амэрыканцам, што ўсё выстаўленае на выстаўцы – поўнасьцяй даступна працоўнаму чалавеку ў Савецкім Саюзе. Праўда, дзеля асьцярожнасьці на выстаўцы не падаюцца ні цэны, не заработкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG