Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 05:13 ]  Сёньня – Усясьветны дзень свабоды прэсы


ПАРЫЖ. Сёньня – Усясьветны дзень свабоды прэсы. У гадавой справаздачы арганізацыі “Рэпарцёры без межаў” адзначаецца, што “чорным годам” для журналістаў сьвету быў 2003 год, тады пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў былі забітыя 42 журналісты. Адзначаецца, што найгоршая сытуацыя ў 2003 годзе са свабодай прэсы была ў краінах Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Летась у гэтым рэгіёне былі забітыя 15 журналістаў і два медыя-асыстэнты, 12 зь іх у Іраку. Як адзначаецца ў справаздачы арганізацыі “Рэпарцёры без межаў”, найбольшая колькасьць журналістаў знаходзяцца за кратамі ў Іране, летась тут 40 рэпарцёраў пасадзілі ў турму. Нагадаю, што пасьля зьбіцьця ў турме загінула канадзская фотажурналістка іранскага паходжаньня Ахра Казэмі. Паводле справаздачы “Рэпарцёраў без межаў” сытуацыя са свабодай слова ў краінах былога Савецкага Саюзу застаецца складанай. Найбольш жорсткія ўмовы для працы ў журналістаў Беларусі, Казахстану, Расеі, Туркмэніі і Узбэкістану. Што да 10 краінаў, якія далучыліся да Эўразьвязу 1 траўня, то там “Рэпарцёры без межаў” адзначаюць наяўнасьць павагі да свабоды слова. Крытычна згадваюцца ў справаздачы кандыдаты ў Эўразьвяз Румынія і Турэччына за перасьлед журналістаў.
XS
SM
MD
LG