МАДРЫД. Паводле апошніх дадзеных мадрыдкай паліцыі, каля 200 чалавек загінулі ў выніку тэрактаў ў сталіцы Гішпаніі. Болей як 1 200 чалавек параненыя. Чатыры выбухі ў цягніках і на вакзалах адбыліся сёньня раніцай. Вядзецца сьледзтва. Некалькі гадзінаў таму міністар унутраных спраў Гішпаніі Ангэл Асэбэс паведаміў, што ў прымесьці Мадрыду знойдзеныя 4 дэтанатары і аўдыёкасэта на арабскай мове. На думку міністра, гэтыя знаходкі могуць быць нейкім чынам зьвязаныя з тэрактамі, аднак, сьледзтва не выключае ніводнай вэрсіі. Галоўнай застаецца тая, што тэракты ажыцьцявілі экстрэмісты баскай групоўкі ЭТА. Пакуль ніхто не ўзяў адказнасьці за тэракты.
Замахі ў Мадрыдзе асудзілі лідэры многіх краінаў сьвету, генэральны сакратар ААН Кофі Анан, Папа Ян Павал І І і прадстаўнікі шматлікіх міжнародных арганізацыяў.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў:“Я высока цаню барацьбу Гішпаніі супраць тэрарызму, яго цьвёрдую пазыцыю адносна такіх тэрарыстычных груповак, як ЭТА. Злучаныя Штаты – разам зь Гішпаніяй”.
Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак выказаў спачуваньне гішпанскаму народу і адзначыў:“Францыя рашуча асуджае гэтыя акты тэрарызму і выказвае сваю салідарнасьць з Гішпаніяй у яе барацьбе супраць гэтай мярзотнай чумы. Абсалютна нішто ня можа апраўдаць такое варварства. Дэмакратычныя краіны павінны аб’яднацца ў сумеснай барацьбе супраць гэтай бяды”.
Канцлер ФРГ Герхард Шрэдэр сказаў:“Мы ўзрушаныя гэтым бесчалавечным забойствам. Мы поўныя спачуваньня да ахвяраў гэтага тэрарыстычнага нападу і спадзяюся, што ўсе параненыя змогуць хутка ачуняць”.
У адмысловым звароце да нацыі прэм’ер-міністар Гішпаніі Хозэ Азнар паабяцаў, што адказныя за гэтыя атакі будуць арыштаваныя, а “ краіна пасьпяхова расправіцца з бандай тэрарыстаў”.