ВІЛЬНЯ. Сёньня на палудзенным пленарным паседжаньні у Сойме Літвы пачалося чытаньне высноваў адмысловай парляманцкай камісіі, якая дасьледавала абвінавачаньні супроць прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса. Камісія сьцьвярджае, што ёсьць падставы для імпічмэнту прэзыдэнта Літвы. Парлямэнцкая камісія па імпічмэнту, апошняе паседжаньне якой скончылася позна ўначы ўчора, прыняла абвінавачаваньні прэзыдэнту Літвы паводле шасьці пунктаў. Прэзыдэнт Р.Паксас абвінавачваецца у грубым парушэньні Канстытуцыі і парушэньні прысягі. Камісія прызнала, што дзеяньні прэзыдэнта пагражаюць нацыянальнай бясьпецы і ахове дзяржаўных таямніцаў, што прэзыдэнт незаконна умешваўся у дзейнасьць суб’ектаў прыватнай гаспадаркі, замінаў належнаму функцыянаваньню дзяржаўных інстытуцыяў і дыскрэдытаваў аўтаратэт ўлады, стварыўшы для сваіх дараднікаў умовы злаўжываць сваімі паўнамоцтвамі. Высновы камісіі утрымліваюць больш за 100 старонак. Падрыхтаваны праект рашэньня пачаць працэс імпічмэнту, які будзе прадстаўлены у Сойме заўтра. Адвакаты прэзыдэнта заявілі, што камісія у часе працы парушала законы.
Каля будынку Сойму ужо пачаўся пікет прыхільнікаў прэзыдэнта. Удзельнікі цьвердзяць, што плянуюцца і “больш масавыя акцыі”, але “беспарадкаў” ня будзе. Літоўскія парлямантары папярэдзілі пра магчымыя хваляваньні. Прэзыдэнцкае абкружэньне раней заклікала сваіх прыхільнікаў сабірацца каля Сойму у той час, калі камісія па імпічмэнту будзе прадстаўляць свае высновы.