БАГДАД. У Іраку, у другім, паводле велічыні месьце Басра распушчаная муніцыпальная рада. Местам будуць кіраваць брытанскія вайскоўцы разам зь некалькімі йрацкімі адмыслоўцамі ў галіне камунальнае гаспадаркі. Такая пастанова прынятая з мэтай выцісканьня з уладных структураў сяброў партыі Садама Хусэйна – Баас. Часовую рэгіянальную раду ўзначаліць кіраўнік брытанскіх сілаў у Басры Эдрыян Брэдшоў. Рада будзе займацца толькі забесьпячэньнем працай асноўных мястовых службаў. Сябры распушчанай мястовай рады абураныя такой пастановай і заяўляюць, што ніколі не хавалі сваёй прыналежнасьці да Баасу і ў той самы час дабрасумленна супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. У Басры будзе таксама створаны асобны грамадзянскі форум, у які ўвойдуць і вайскоўцы. Форум правядзе падрыхтоўку да выбараў у новую мястовую раду. Аналягічная сытуацыя склалася і ў месьце Ўм-Касар, якое таксама кантралююць брытанцы.