КІЕЎ. Лідэры ўкраінскай апазыцыі сёньня асудзілі ўлады за ўчорашні напад міліцыі на намётавы лягер пратэсту ў Кіеве. Больш за 50 чалавек былі затрыманыя. Адна зь лідэраў украінскай апазыцыі Юлія Цімашэнка назвала дзеяньні ўладаў “фашысцкімі”. Яна кажа, што масавыя пратэсты будуць працягвацца. Паводле ейных словаў, лічба дэманстрантаў у 15 тысячаў, названая міліцыяй, значна заніжаная. Удзельнікі пратэсту патрабуюць адстаўкі ўкраінскага прэзыдэнта Кучмы. Учорашні пратэст быў прымеркаваны да другой гадавіны зьнікненьня журналіста Георгія Гангагдзэ. Ягонае абезгалоўленае цела знайшлі ў лістападзе 2000 году. Пазьней зьявіліся стужкі, якія зьвязваюць зьнікнеьне журналіста з прэзыдэнтам Кучмам. Кучма адмаўляе ўсялякае дачыненьне да забойства Гангадзэ. Падрабязнасьці аб сытуацыі ва Ўкраіне слухайце ў нашай далейшай праграме.