ЛІМА. Прэзыдэнты ЗША і ПЭРУ – Джордж Буш і Аляхандра Таледа, у часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі, заявілі, што аб’яднаюць намаганьні ў барацьбе з тэрарызмам і гандлем наркотыкамі. Паводле прэзыдэнта ЗША, ягоная краіна мае намер павялічыць дапамогу пэруанскім уладам у іхнай барацьбе супраць кантрабанды наркотыкаў і тэрарызму, а таксама будзе дапамагаць рынкавым рэформам эканомікі Пэру. Сёлета аб’ём фінансай дапамогі Пэру з боку Злучаных Штатаў павялічыцца на 195 мільёнаў даляраў. У пэруанскай сталіцы ўжытыя безпрэцэдэнтныя захады ў бясьпецы, пасьля таго як у сераду, у выніку тэракту ля пасольства Злучаных Штатаў загінулі 9 асобаў. Вуліцы Лімы патрулююць больш як 10 тысячаў вайскоўцаў і паліцыянтаў.