БЯЛГРАД. Пагадненьне паміж Сэрбіяй і Чарнагорыяй аб стварэньні новага саюзу выклікала розныя рэакцыі ў рэгіёне. Прэзыдэнты Югаславіі і Чарнагорыі Воіслаў Каштуніца і Міла Джуканавіч ухвалілі пагадненьне як знак стабільнасьці. Пагадненьне аб большай аўтаноміі рэспублік у складзе новага саюзу, які адгэтуль будзе называцца «Сэрбія і Чарнагорыя», было падрыхтаванае пры пасярэдніцтве Эўразьвязу і падпісанае адказным за яго замежную палітыку Хавіерам Салянам. Сьпікер чарнагорскага парлямэнту Вэсна Пэравіч заявіла, што вырашэньне гэтага пытаньня без рэфэрэндуму азначае здраду Джуканавіча ўсім тым, хто абраў яго прэзыдэнтам.