ГАРДЭЗ, АФГАНІСТАН. Амэрыканская авіяцыя нанесла сёньня новыя ўдары на ўсходзе Афганістану – у раёне гарадоў Гардэз і Хост. Цяперашняя апэрацыя супраць талібаў і баявікоў “Аль-Кайды”, у якой бяруць удзел і афганскія войскі, самая буйнамаштабная за апошнія 5 месяцаў. Паведамляецца, што толькі за ўчорашні дзень авіяцыя скінула 270 бомбаў. Сёньня раніцай на лётнішчы гораду Хост былі абстраляныя разьмешчаныя там амэрыканскія вайскоўцы. Ахвяраў няма. Цягам апошніх дзён у часе баёў у правінцыі Пактыя загінуў адзін вайсковец ЗША і трое афганцаў. Сёньня на ўсходзе Афганістану зьбіты амэрыканскі ваенны гэлікоптэр. Пра гэта без падрабязнасьцяў пра колькасьць ахвяраў паведамілі прадстаўнікі міністэрства абароны ЗША.