ВАШЫНГТОН. Прадстаўнік новага міністэрства абароны Афганістану заявіў, што Ўсама бін Лядэн уцёк у Пакістан, але, паводле Злучаных Штатаў, месцазнаходжаньне лідэра тэрарыстаў па-ранейшаму не вядомае.
Арабская тэлекампанія “Аль Джазіра”, якая знаходзіцца ў Катары, паказала поўную версію відэазапісу Ўсамы бін Лядэна, у якой міжнародны тэрарыст заявіў, што наступныя атакі на амэрыканскую эканоміку і ўзброеныя сілы прывядуць ЗША да краху.
ЗША, Вялікая Брытанія і Ізраіль характарызуюць выступ бін Лядэна як “прапаганду” тэрарызму.
Аналізуючы відэа, міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд сказаў, што бін Лядэн зьдзейсьніў тэракт супраць мусульманскай рэлігіі.
Тым часам, на паўдзённым усходзе Афганістану, у раёне гораду Газьні, амэрыканскія ваенныя самалёты нанесьлі ўдары па комплексу будынкаў, у якіх, паводле амэрыканскіх вайскоўцаў, хаваліся лідэры руху Талібан.