ПРАГА. Сёньня суд чэскай сталіцы пастанавіў утрымліваць пад арыштам лідара ўзбэцкай апазыці Мухамэда Саліха да часу, пакуль узбэцкія ўлады падрыхтуюць патрэбныя для ягонай выдачы, дакумэнты. Салех быў затрыманы пры дапамозе Інтэрполу ў праскім аэрапорце ў сераду. Пастанова суду ня мае на ўвазе выдачу Мухамэда Саліха ўзбэцкім уладам. Вышук затрыманага быў абвешчаны пасьля таго, як урад Узбэкістану абвінаваціў Саліха ва ўдзеле ў выбухах у Ташкеньце ў 1999 годзе. У 2000 годзе яго завочна асудзілі да 15 гадоў зьняволеньня. Мухамэд Саліх – лідар забароненай апазыцыйнай партыі “Эрк”. Ён быў адзіным канкурэнтам цяперашняму прэзыдэнту Ісляму Карымаву у часе прэзыдэнцкіх выбараў 1991 году. У 1994 годзе Саліх уцёк з Узбэкістану і жыў у Турэччыне і Нарвэгіі. Міжнародная амністыя т Ліга правоў чалавека заклікалі вызваліць арыштаванага і выказалі ўпэўненасьць, што Чэхія ня выдасьць яго ўзбэцкім уладам.