ІСЬЛЯМАБАД. Амэрыканская авіяцыя сёньня працягвала налёты на Афганістан і нанесла ўдары па перадавых пазыцыях талібаў на поўнач ад Кабулу, упершыню ўжыўшы штурмавыя самалёты Эй-Сі-130 у ваколіцах афганскай сталіцы. Інфармацыйнае агенцтва талібаў паведаміла пра яшчэ адну сэрыю ўдараў у ваколіцах гораду Джалялябад на ўсходзе краіны. Раней сёньня былі нанесеныя ўдары па Джалялябадзе, Кабуле і Кандагары. Прадстаўнік Паўночнага Альянсу ў Таджыкістане Абдул Вадуд паведаміў, што сілы апазыцыі атакавалі з двух бакоў паўночны горад Мазары-Шарыф, які застаецца пад кантролем талібаў. Сілы Паўночнага Альянсу яшчэ не ўвайшлі ў горад. Тым часам няўрадавыя міжнародныя гуманітарныя арганізацыі зьвярнуліся да Злучаных Штатаў з просьбай прыпыніць авіяўдары на час дастаўкі прадуктаў харчаваньня сотням тысячаў мірных афганцаў, якіх напярэдадні зімы чакае голад. Лідар талібаў мула Мухамэд Амар у звароце да сваіх жаўнераў выказаў упэўненасьць у перамозе над Злучанымі Штатамі.