ШАНХАЙ. Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл прыехаў на эканамічны форум Азыяцка-ціхаакіянскага супрацоўніцтва, у якім бяруць удзел прадстаўнікі 21 краіны. Перад тым Паўэл наведаў Пакістан і Індыю. У Дэлі ён разам з індыйскім міністрам унутраных справаў Адвані падпісаў пагадненьне пра супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам. Пасьля падпісаньня дакумэнту, у часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных справаў Індыі Джсвантам Сінгхам дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл заявіў:
“Мы – саюзьнікі ў гэтай справе. Праблема барацьбы з тэрарызмам не абмяжоўваецца Афганістанам і я пераканаў іх, што нашыя намаганьні накіраваныя супраць тэрарызму як зьявы. Злучаныя Штаты і Індыя аб’ядналіся ў гэтай барацьбе, якая ўлучае таксама і абарону Індыі ад тэрарызму”.
Колін Паўэл таксама сказаў, што асноўная паміж Індыяй і Пакістанам праблема штату Кашмір мусіць быць разьвязаная пры дапамозе дыялёгу.