Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:48 ]  Сёньняшні начны налёт амэрыканскай авіяцыі быў самы масіўны ад пачатку бамбаваньня


ВАШЫНГТОН. Амэрыканская авіяцыя нанесла новыя ўдары па базах тэрарыстаў у Афганістане і па аб’ектах руху Талібан. Паведамляецца, што сёньняшні начны налёт быў самым масіўным ад пачатку бамбаваньня ў нядзелю. Прадстаўнік Міністэрства Абароны Злучаных Штатаў сказаў, што апошнія ўдары былі скіраваныя супраць вайсковых гарнізонаў талібаў і лягероў вакол Кабулу. * Тым часам амэрыканскія афіцыйныя асобы, якія пажадалі застацца неназванымі, паведамілі, што падчас першага амэрыканска-брытанскага налёту ў нядзелю былі забітыя двое блізкіх родных лідэра талібаў Муллы Мухамада Амара. Тыя самыя афіцыйныя асобы сказалі, што падчас нядзельнага налёту было забіта і некалькі кіраўнікоў Талібану. Самі талібы пакуль што не камэнтавалі гэтыя паведамленьні. * Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш сустрэўся ўчора ў Белым Доме з генэральным сакратаром НАТО Джорджам Робэртсанам і выказаў удзячнасьць за дапамогу з боку Альянсу ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. У рамках антытэрарыстычнай кампаніі для абароны амэрыканскай паветранай прасторы НАТО пачынае разгортваць радарныя самалёты АВАКС. * Злучаныя Штаты таксама ўзмоцнілі намаганьні ў пошуку падазраваных тэрарыстаў, апублікаваўшы сьпіс 22 найбольш шуканых злачынцаў і паабяцаўшы шчодрую ўзнагароду за іх затрыманьне. У сьпіс увайшлі Усама бін Лядэн, два ягоныя намесьнікі і некалькі іншых тэрарыстаў зь сеткі Аль-Ка’іда, якія мелі дачыненьне да ранейшых антыамэрыканскіх актаў.
XS
SM
MD
LG