МАСКВА. Сёньня расейскія афіцыйныя асобы паведамілі, што выратавальнікі знайшлі частку кабіны пілётаў а таксама салёну расейскага авіяляйнэру, які ўчора ляцеў з Тэль-Авіву ў Новасыбірск і пасьля выбуху ўпаў у Чорнае мора. Апрача гэтага, знойдзеныя целы 14 ахвяраў катастрофы. Паводле расейскага міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, на фрагмэнтах кабіны пілётаў відаць адтуліны, падобныя да кулявых. Але для дакладнай іх ідэнтыфікацыі патрэбная яшчэ адмысловая экспэртыза. Сёньня ж расейская пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкулу: тэрарызам. Украіна адрынула вэрсыю, што выбух самалёту можа быць зьвязаны з манэўрамі, якія ў гэты час на Крымскай паўвыспе праводзілі ўкраінскія сілы супрацьпаветранай абароны.