МАСКВА. Міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў сёньня яшчэ раз заявіў пра моцную падтрымку Масквы антыталібскаму Паўночнаму Альянсу ў Афганістане. Ён пацьвердзіў, што начальнік штабу расейскага войска Анатоль Квашнін сустрэўся сёньня ў Душанбэ з новым галоўнакамандуючым Паўночнага Альянсу Мухамадам Фахімам, які замяніў на гэтай пасадзе забітага Ахмэда Шаха Масуда. Тым часам прадстаўнікі Паўночнага Альянсу паведамілі, што сілы Альянсу наступаюць у правінцыі Саманган. Аддзелы этнічных узбэкаў пад камандаваньнем генэрала Абдула Дастума набліжаюцца да гораду Мазары-Шарыф. Паўночны Альянс паслаў дэлегацыю ў Рым, дзе жыве былы кароль Афганістану Захір Шах. Дэлегацыя правядзе зь ім перамовы наконт фармаваньня будучага ўраду краіны.