Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ ВУЧОНЫЯ ЗНАЙШЛІ НОВЫ СПОСАБ БАРАЦЬБЫ СА СНІД’АМ


Кастусь Бандарук, Прага

Паводле амэрыканскіх дасьледчыкаў, са СНІД’ам можна справіцца, калі выдзеліць з крыві хворага клеткі імуннай сыстэмы, “навучыць” іх распазнаваць і зьнішчаць вірус, а затым паўторна вярнуць іх у арганізм. Распрацоўку новай мэтодыкі вядзе амэрыканская кампанія VIRxSYS. Дагэтуль курс лячэньня з дапамогай гэтакай геннай тэрапіі пасьпяхова прайшлі тры пацыенты.

Т-лімфацыты з крыві пацыента ў лябараторных умовах апрацоўваюцца прэпаратам пад назвай VRX496, які зьмяшчае ў сабе штучна сынтэзаваныя часткі віруса, няздольныя размнажацца ў арганізьме. Пасьля ўвядзеньня лімфацытаў у арганізм, яны пачынаюць змагацца з інфэкцыяй.

На цяперашнім этапе дасьледаваньняў перад навукоўцамі стаіць задача даказаць, што новы мэтад поўнасьцю бясьпечны для пацыентаў, каб затым перайсьці да больш маштабных экспэрымэнтаў. Першы хворы прайшоў курс лячэньня летась. Пасьля гэтага да экспэрымэнту далучыліся яшчэ два пацыенты, якім не дапамагла трохкампанэнтная схема супрацьвіруснай тэрапіі.

“Ніякіх пабочных эфэктаў у гэтых трох пацыентаў не назіралася”, – паведаміў навуковы кіраўнік фірмы – Бора Друпуліч (Boro Drupulic). Паводле пляну, першая фаза выпрабаваньняў патрабуе ўдзелу пяці чалавек. Пасьля заканчэньня гэтай стадыі экспэрымэнтаў і аналізу вынікаў вучоныя прыступяць да другой фазы, у часе якой яны змогуць устанавіць эфэктыўнасьць лячэньня.

Прафэсар Алан Кінгсман, выканаўчы дырэктар кампаніі Oxford BioMedica, які шэраг гадоў працуе над лекамі супраць СНІД’у лічыць, што вынікі найноўшых дасьледаваньняў досыць шматабяцальныя. “На дадзены момант гэта, відавочна, найболей цікавая стратэгія барацьбы са СНІД’ам”, – сказаў прафэсар Кінгсман.

***

Тым часам тры амэрыканскія кампаніі прапанавалі іншы спосаб умацаваньня імуннай сыстэмы хворых. Яны вырашылі скарыстаць ужо вядомыя лекі. На іхную думку, з імунадэфіцытам можна справіцца з дапамогай камбінацыі трох прэпаратаў, створаных рознымі кампаніямі, калі іх аб’яднаць у адну таблетку. Гэтая таблетка адносна танная і прымаць яе трэба толькі адзін раз у дзень. Дзьве вядучыя кампаніі Bristol-Myers Squibb і Merck&Co, а таксама Gilead Sciences Inc. дамовіліся спалучыць свае прадукты Viread, Emtriva, Sustiva і Stocrin у адну таблетку пад іншай назвай і сумесна пачаць прадаваць яе па ўсім сьвеце.

Для амэрыканскай фармацэўтычнай індустрыі дамоўленасьць паміж трыма вядучымі кампаніямі – гэта сапраўдны прарыў. Дагэтуль вытворцы лекаў прытрымліваліся думкі, што галоўнае – захоўваць патэнты на свае прадукты, каб акупіўся кошт інвэстыцыяў: інтэлектуальны ўклад ў стварэньне і выпрабаваньне прэпаратаў.

Эўрапейскія аналітыкі фармацэўтычнага рынку насьцярожана паставіліся да амэрыканскай ініцыятывы. Яны мяркуюць, што амэрыканцы плянуюць захапіць самы вялікі, хаця і самы бедны рынак ў сьвеце. Рашэньне амэрыканскіх фармацэўтычных кампаніяў аб'яднаць свае прадукты можна патлумачыць дваяка: або амэрыканцы адчулі дух міласэрнасьці і ў імя будучыні чалавецтва яны гатовыя адмовіцца ад часткі прыбыткаў, каб толькі пасьля было на кім зарабляць, або эўрапейскія канкурэнты маюць рацыю, і ў стратэгічныя задачы фармакалягічнай індустрыі ЗША ўваходзіць захоп афрыканскага рынку.

Зь ліку 40 мільёнаў чалавек хворых на СНІД па ўсім сьвеце, 30 мільёнаў прыпадае на Афрыку. Не зважаючы на сваю неплацежаздольнасьць, афрыканскія краіны ўсё ж набываюць лекі, і плацяць за іх або з уласных сродкаў, або грашыма розных дабрачынных і мэтавых праграмаў, задуманых і фінансаваных з дзяржаўных бюджэтаў разьвітых краінаў.

Не паглыбляючыся ў матывы, якімі насамрэч кіраваліся тры амэрыканскія кампаніі, міністар аховы здароўя ЗША Томі Томпсан заявіў, што паколькі канкурэнты здолелі так цудоўна дамовіцца, дык вядомая сваёй строгасьцю Адміністрацыя харчаваньня і лекаў (FDA) хутка дапусьціць новы лек да продажу. Міністар выказаў спадзяваньне, што адносна танны лек “аблегчыць доступ да лячэньня ВІЧ-інфікаваных людзей у бедных і адсталых краінах”. Зразумела, тут перш за ўсё маюцца на ўвазе тыя ж афрыканскія краіны. Таксама Ўсясьветная арганізацыя здароўя вітала ініцыятыву амэрыканскіх кампаніяў і паведаміла, што іхную сумесную таблетку ўключыць ў глябальную праграму барацьбы са СНІД’ам.

А зараз дзьве мэдычныя парады RealAge:

– Калі вы хочаце лепш спаць уначы, спрабуйце кожны дзень перад сном займацца нейкімі фізычнымі заняткамі або практыкаваньнямі. Яны рэкамэндуюцца нават у выпадку, калі вы прастуджаныя або ў вас нейкая інфэкцыя. Недахоп руху і фізычнай актыўнасьці вядзе да бяссоньня ў сталым веку. Рэгулярныя практыкаваньні кшталту хадзьбы аб бегу робіць сон ня толькі глыбейшым, але і даўжэйшым. Пазьбягайце сну цягам дня. У залежнасьці ад узросту чалавек павінен спаць у начную пару як мінімум ад 6 да 8 гадзінаў у суткі.

– Калі вы адчуваеце сябе болей расьсяроджаным, чым звычайна, магчыма вам трэба зьмяніць дыету. З дасьледаваньняў вынікае, што няздольнасьць да канцэнтрацыі можа быць сымптомам недахопу жалеза. У людзей зь нізкім узроўнем жалеза ў крыві значна меншыя разумовыя і пазнавальныя здольнасьці. Багатымі крыніцамі жалеза зьяўляецца сачыўка, чырвонае мяса, вотруб'е і індык. Аптымальная доза – 18 міліграмаў жалеза ў дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG