Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ЗЬБІЛІ БЫЛЫХ ДЭПУТАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Былы дэпутат, а цяпер старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Гісторыка-мэмарыяльны фонд “Трасьцянец” Яўген Цумараў і былы дэпутат ВС Лявон Тарасенка атрымалі розныя траўмы ў выніку зьбіцьця міліцыянтамі. Яўген Цумараў распавёў Радыё Свабода, што інцыдэнт адбыўся яшчэ 21 траўня. Спадар Цумараў быў у гасьцях у спадара Тарасенкі. Там быў яшчэ адзін чалавек, Алег Дрозд. Апошні раніцай наведаў Яўгена Цумарава і паведаміў, што ў яго зьнікла зараднае прыстасаваньне да мабільнага тэлефону. Выклікалі міліцыю.

Спадар Цумараў распавядзе, што адбылося далей:

(Цумараў: ) “Лейтэнант і двое ў цывільным. Адзін у цывільным быў гэты Дрозд. Відаць ён супрацоўнік міліцыі, інакш бы яго так не прынялі. Сяржанты сядзелі як мышы. Нас разьвялі ў розныя кабінэты. Мяне ў скрайні зьлева. Нагамі па рэбрах… Гэты самы Дрозд. Біў нагамі. Потым я аб сьцяну стукнуўся патыліцай. Локці й калені ў мяне зьбітыя. Там дагэтуль гематомы. У Тарасенкі зуб выбіты і аграмадная гематома на грудзях. Дыхаць цяжка… Такой зьвярынай лютасьці я ніколі ня бачыў ад нармальных людзей… Прычым ніякіх дакумэнтальных пацьверджаньняў, ніякіх дазнаньняў,ніякіх пратаколаў”.

Пасьля гэтага міліцыянты на кватэры Лявона Тарасенкі знайшлі акумулятар. Ён быў на канапе, дзе яго забыў спадар Дрозд. Міліцыянты паведамілі, што інцыдэнт вычарпаны і без усялякіх нават прабачэньняў адпусьцілі былых дэпутатаў.

Лявон Тарасенка і Яўген Цумараў спадзяюцца, што пасьля таго, як яны зафіксуюць у судмэдэкспэртаў пабоі, пракуратура правядзе дасканалае расьсьледаваньне і прыцягне вінаватых у зьбіцьці міліцыянтаў да крымінальнай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG