Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ Ў БІТВЕ ПАД МОНТЭ КАСЫНА


Ганна Сурмач, Прага

Сёлета Беларусь рыхтуецца шырока адзначыць 60-годзьдзе вызваленьня ад гітлераўскіх захопнікаў. Як і раней, будуць, напэўна, шанаваць вэтэранаў, якія ваявалі супроць немцаў пад час Айчыннай вайны.

Добра вядома, аднак, што гэтая вайна была ня толькі Айчыннай, але, найперш, Другой усясьветнай вайной. Шмат хто зь беларусаў ваяваў супраць нямецкага фашызму па цэлым сьвеце, у складзе войскаў іншых краінаў. Аднак і да сёньня ў Беларусі пра іх амаль што не ўспамінаюць, і памяць гэтых людзей не зьбіраюцца ўшаноўваць пад час урачыстасьцяў.

Некалькі дзён таму ў Заходняй Эўропе адзначалі 60-я ўгодкі бітвы пад Монтэ Касына – адной зь вядомых падзеяў другой усясьветнай вайны, ад якой у значнай ступені залежаў вынік змаганьня з найбліжэйшым паплечнкам Гітлера, італьянскім дыктатарам Бэніто Мусаліні.

Калі саюзныя войскі высадзіліся ў Італіі, дарогу да Рыму ім перакрыла магутная нямецкая абарончая лінія, якая мела назву “лінія Густава”. Дарога да італьянскай сталіцы ішла праз даліну ракі Ліра, што ляжала між двума горнымі масівамі. На гары Монтэ Касына, ў замку Монтсэгюр знаходзіўся адзін з самых вядомых старадаўніх кляштараў Італіі, заснаваны яшчэ ў 6 стагодзьдзі. Кляштар і замак былі ператвораны немцамі ў крэпасьць, адкуль іхная артылерыя абстрэльвала дарогу.

Пачынаючы са студзеня 1944 году саюзьнікі некалькі разоў спрабавалі ўзяць крэпасьць штурмам, але безвынікова, не дапамагала таксама і бамбардаваньне.

Увесну 1944 году саюзьнікі рыхтавалі чацьвертае наступленьне на Рым. У бітве за “вечны горад” павінны былі прыняць удзел 25 дывізіяў.

23 красавіка камандзір 8-й ангельскай арміі генэрал Ліс выклікаў аднаго са сваіх падначаленых, генэрала Ўладзіслава Андэрса і прапанаваў падрыхтавацца да наступленьня на Монтэ Касына. Генэрал Андэрс камандаваў 2-м польскім корпусам у складзе брытанскіх узброеных сілаў. Менавіта гэтай вайсковай адзінцы і давялося ўзяць на сябе найбольшы цяжар у бітве.

У войску Андэрса служыла прыкладна 20% беларусаў і ўкраінцаў”.

Сярод беларускай эміграцыі да сёньняшняга дня дажыў, бадай што, толькі адзін чалавек – непасрэдны ўдзельнік бітвы пад Монтэ Касына. Гэта Хведар Кажаневіч, які жыве ў Манчэстары, у Ангельшчыне.

Вось як ён успамінае пра свой шлях у войска Андэрса з паўночных лягераў СССР, куды была вывезеная ягоная “раскулачаная” сям’я пасьля вызваленьня Заходняй Беларусі ў верасьні 1939 году. Для яго і ягонай сям’і запіс у гэтае войска быў адзінай магчымасьцю вырвацца зь няволі. Хлопцу тады было 17 гадоў.

(Кажаневіч: ) “Мы даведаліся, што фармуецца польскае войска на Поўдні і хто ўступіць у польскае войска, то ягоная сям’я будзе зарэгістраваная на вываз з Савецкага Саюзу. Я пастанавіў уступіць у войска. Трэба было ехаць аж да Самарканда ва Ўзбэкістан. На станцыі там ужо былі тысячы ўкраінцаў і беларусаў, якіх палякі адкінулі. Я ня ведаў, што рабіць, але пайшоў на камісію і сказаў праўду. Прынялі мяне ў войска”.

Вэтэран другой усясьветнай вайны, Кастусь Акула з Канады, таксама ваяваў у Італіі поплеч зь Віктарам Сянькевічам, які некалі працаваў на беларускім радыё ў Гішпаніі і актыўна супрацоўнічаў зь беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода. Кастусь Акула прыпамінае, што Віктар Сянькевіч прыклаў шмат высілкаў, каб высьветліць, колькі ўсяго беларусаў ваявала ў польскіх узброеных сілах на Захадзе.

(Акула: ) “Віктар Сянькевіч па вайне, ў 1946 годзе, атрымаў дазвол ад генэрала Капаньскага, шэфа штабу польскіх узброеных сілаў у Лёндане, дасьледаваць у іхных архівах пытаньне пра тое, колькі беларусаў брала ўдзел у вайне на Захадзе.

Адказ на гэтае пытаньне, пасьля грунтоўных пошукаў у архівах і гутарак з аўтарытэтнымі асобамі, зьмешчаны ў артыкулах часапісу "Зважай" № 2-8 за 1977 год і №1-9 за 1978 год. Цытата адтуль: "Не забывайма, што для ўстаноўленай лічбы беларусаў – жаўнераў польскіх узброеных сілаў на 1 ліпеня 1945 году мусім дадаць і тых, хто загінулі ці памерлі. Такім чынам мы атрымаем канчатковую колькасьць – 30 867 чалавек.

Мы былі ў асноўным сканцэнтраваныя ў 5-й дывізіі, "крэсовай", называлася "Зубр".

Гэтая дывізія якраз найбольш праславілася пад Монтэ Касына. Камандаваў ёю генэрал Нікадым Сулік-Сарноўскі, беларус зь Беласточчыны”.

Паслухаем ізноў успамін Хведара Кажаневіча, які мы ўзялі з нашых архіваў, бо сам спадар Хведар у гэты час знаходзіцца ў шпіталі, і мы пажадаем яму добрага здароўя.

(Кажаневіч: ) “Наступленьне на Монтэ Касына пачалося 12 траўня 1944 году. Мне пашанцавала, што я застаўся жывы. Найгорш пацярпела пяхота, у танках нам крыху было лепш. Там былі жорсткія баі. Гэты кляштар, які быў на гары, яго немцы апанавалі і мелі добрую абсэрвацыю на даліну Ліры.

Гэты кляштар меў з правага боку яшчэ дзьве гары, таксама высокія. Адну гару – 593, як тады называлі, брала Карпацкая дывізія пяхоты, а другая – 575, яе брала 5-я дывізія пяхоты, у якой служыла шмат беларусаў”.

Яшчэ адзін непасрэдны ўдзельнік бітвы, адзін зь першых супрацоўнікаў беларускай службы Радыё Свабода Пятро Сыч, які памёр ў 1964 годзе, удакладняе, што бітва пачалася ўвечары 11 траўня, ці дакладней, у ноч на 12 траўня. Напачатку была адслужаная ўрачыстая імша перад абразам Маці Божай Казельскай. Гэты абраз быў як бы ахоўнікам 2-га польскага корпуса. Інтэрніраваныя ў Казельску пасьля верасьня 1939 году палякі і беларусы-каталікі стварылі гэты абраз, у якім спалучаліся рысы найгалоўнейшых для іх сьвятыняў Вострабрамскай Маці Божай і Жыровіцкай. Абраз Маці Божай Казельскай яны ўзялі з сабою, калі пачалося фармаваньне арміі Андэрса і ікона праходзіла з імі па ўсіх ваенных дарогах.

Зазначым, што праваслаўныя беларусы праз увесь час мелі ў войску Андэрса паходную праваслаўную капліцу.

Перажытае пад Монтэ Касына Пётра Сыч апісаў у сваёй аповесьці “Сьмерць і салаўі”.

Паслухаем урывак з гэтага твора, дзе распавядаецца пра той пэрыяд бітвы, калі немцы пасьпяхова адбілі першы штурм саюзьнікаў.

“Няцяжка сабе ўявіць, як мы пачуваліся разьбітыя, пакалечаныя, скрываўленыя, лежачы ў калдобе, якая называлася “ярам” і залізвалі раны. Давесьці ежу і ваду – трагічная праблема, бо немцы ўначы сыстэматычна артылерыяй і мінамётамі малоцяць адзіную артэрыю – дарогу сапёраў і ўсе магчымыя праходы...

Ляжым. На першы погляд палажэньне безнадзейнае. Батальён фактычна выбіты. Засталося некалькі афіцэраў і пару дзесяткаў жаўнераў. Зь нешта дваццаці падхаронжых – абсальвэнтаў афіцэрскай школы – ніводнага...

А тут згары прыходзіць загад: “кансалідавацца і рыхтавацца да штурму”. Палкоўнік, сам паранены, чухае сівую патыліцу: з кім пайсьці ў наступ і як падняць здэпрымаваных жаўнераў?”


Другі і вырашальны наступ на крэпасьць пачаўся 17 траўня. Паслухаем ізноў урывак з аповесьці “Сьмерці і салаўі”:

“У сьведамасьці людзей цьвёрдае перакананьне, што набліжаемся да разьвязкі: або мы, або яны. Праціўнік таксама трымаецца рэштай сілаў. Некаторыя нямецкія аддзелы ўжо ад 2 студзеня адбіваюць штурм бяз зьмены...

Палонныя не затойваюць цяжкасьці палажэньня. У маршала Кэсэльрынга, камандуючага італьянскім фронтам, “не пераліваецца”. Ён усьведамляе, што ўжо ня мае сілы сапхнуць нас назад у мора, а кажны немец усьведамляе, што вайна прайграная”.


18 траўня немцы вывялі з-пад Монтэ Касына свае галоўныя сілы, а раніцаю 19 траўня быў заняты той самы ўзгорак 575, які брала 5-я дывізія “Зубр”, дзе і служылі беларусы. Цягам наступных некалькіх дзён 2-і польскі корпус заняў гару Монтэ Касына і бліжэйшае мястэчка П’едымонтэ. Дарога на Рым была свабодная.

Перамога дасталася коштам немалых ахвяраў. Другі польскі корпус страціў забітымі 924 чалавекі, каля трох тысяч было паранена, 345 загінулі безь вестак. Сярод загіблых было 264 беларусы, у тым ліку 70 афіцэраў і падафіцэраў.

У ліпені 1944 году быў устаноўлены памятны крыж “За Монтэ Касына”. Але, як гаворыць спадар Кажаневіч, узнагарода дасталася не ўсім, хто яе заслугоўваў.

(Кажаневіч: ) “У мяне быў адзін знаёмы беларус – Кастусь Шыбіцкі, які служыў у 5-й санітарнай кампаніі. Ён цягаў раненых жаўнераў, казаў, што ў іх кампаніі было 147 чалавек, а засталося недзе 8. З іх кожнаму далі Крыж і прэмію. А яму – не, бо быў беларус”.

Варта дадаць, што ў іншых баях на тэрыторыі Італіі загінулі яшчэ нямала беларусаў: пад Ларэтаю – 234 чалавекі, Касамасімаю – 72, Балёнью–287 і інш.

У баях за Балёнью браў удзел наш сёньняшні суразмоўца спадар Кастусь Акула і ягоны сябра Віктар Сянькевіч. Яны апынуліся ў Італіі значна пазьней пасьля Монтэ Касына. Спадар Кастусь, ці давялося вам тады пабачыць тыя мясьціны?

(Акула: ) “Так, я быў праездам, пасьля таго, калі мы занялі Балёнью, гэта было ў канцы красавіка 1945 году.

Пахаваньні гэтыя, мы дакладна не прыглядаліся, бачылі толькі вялізны могільнік”.

Пасьля заканчэньня вайны войска Андэрса было расфармаванае і ў красавіку 1951 году ў Беларусь вярнулася 4520 “андэрсаўцаў”. Не гледзячы на іхны ўдзел у змаганьні з фашызмам, усе яны зь сем’ямі былі высланыя ў Сыбір, Казахстан ды паўночныя раёны СССР, маёмасьць іх была канфіскаваная, а самі яны сталі “спэцперасяленцамі”.

Аднак, на Монтэ Касына не забыліся ў беларускай эміграцыі. На чужыне засталіся шмат хто з былых жаўнераў. У траўні 1951 году беларускія магілкі пад Монтэ Касына наведаў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык, дзе разам з айцом Татарыновічам усклаў памятны вянок.

У 1979 годзе, калі адзначалася 35 гадоў бітвы пад Монтэ Касына, у тыя мясьціны прыехала група беларускіх эмігрантаў, сярод якіх былі і непасрэдныя ўдзельнікі баёў. Айцец Кастусь Маскалік з Лёндану адправіў імшу па загіблых беларускіх жаўнерах.

Польская дзяржава годна ўшаноўвае заслугі сваіх жаўнераў у бітве пад Монтэ Касына. Варта было б і Беларускай дзяржаве паклапаціцца пра тое, каб паставіць мэмарыяльны знак, які абазначыў бы там удзел і ахвяры беларусаў. Сёньня беларускія магілкі там можна знайсьці толькі па праваслаўных крыжах ды напісаных прозьвішчах.

Вэтэран Монтэ Касына Хведар Кажаневіч таксама выказаў шкадаваньне, што там няма помніка, які б ушаноўваў гэтую старонку беларускай вайсковай славы.

(Кажаневіч: ) “Гэта было б пажадана, вельмі пажадана, але я не ўпэўнены, што мы ў сілах гэта зрабіць. Бачыце, для палякаў дапамагае ўрад з Варшавы. А нам хто дапаможа?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG