Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФАЛЬШЫВЫЯ ЛЕКІ Ў БЕЛАРУСІ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёлетняя гісторыя з “Аскафэнам П”, калі некалькі грамадзянаў Латвіі пацярпелі ад падробленых лекаў менскай вытворчасьці, атрымала розгалас ня толькі ў Прыбалтыцы. Усё часьцей паўстае пытаньне, ці магчымае такое здарэньне ў самой Беларусі? Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Раіса Чудук так камэнтуе сытуацыю:

(Чудук: ) “Мне не даводзілася чуць, бачыць, сустракаць. За гэтым пільны нагляд такі ідзе”.

Аднак вось што кажа загадчыца лябараторыі экспэртызы лекаў прадпрыемства “Менская фармацыя” Натальля Васькіна:

(Васькіна: ) “У нас было некалькі зваротаў хворых. Ім здавалася, што да іх трапіла падробленае лякарства”.

Менавіта з такой сытуацыяй сутыкнулася менская настаўніца Тацяна Фёдараўна:

(Тацяна Фёдараўна: ) “У мяне вельмі хворы страўнік. І я ўвесь час п’ю адны й тыя ж лекі – мэзым. Аднаго ж разу мне пасьля выпітай таблеткі стала так кепска, так цяжка, што я ледзь не памерла. Выклікалі “Хуткую дапамогу”. Я перакананая, што гэты мэзым быў падроблены. І колеру быў іншага– не зусім ружовы, як звычайна. На другі дзень я занесла гэты мэзым у тую аптэку, дзе яго купляла. Прыходжу, паказваю, а аптэкары кажуць, што гэта я нібыта ня ў іх купляла”.

Ці дапускаюць наведнікі беларускіх аптэк, што там ім могуць прадаць падробку?

(Карэспандэнт: ) “Вам ніколі не даводзілася набываць фальшывых лекаў?”

(Ганна: )“Не. Ні разу”.

(Карэспандэнт: ) “А вы думаеце, што такія ёсьць?”

(Ганна: )“Мне здаецца, у дзяржаўных аптэках не павінна быць”.

(Карэспандэнт: )“А што вы думаеце наконт гэтага?”

(Валянціна: )“Магчыма такое. Таму што ня ўсё сэртыфікаванае”.

(Галіна: )“А чаму ж не дапускаць, калі ў Беларусі столькі ўсялякіх бізнэсоўцаў”.

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, фальсыфікаты – гэта тыя прэпараты, адносна складу й вытворцаў якіх спажыўцы сьвядома ўведзеныя ў зман. Міжнародная практыка сьведчыць, што падрабляюць найперш самыя пашыраныя лекі. У прыватнасьці, трыхапол, мэзым, валякардын, супрастын… Або вельмі рэдкія ці дарагія лекі, напрыклад, віягру. Паводле загадчыцы аддзелу фармацыі Міністэрства аховы здароўя Людмілы Равуцкай, яе падначаленыя такім бізнэсам не займаюцца:

(Рэуцкая: ) “Аптэка – гэта ўстанова аховы здароўя. І там працуюць не гандляры, а спэцыялісты, з спэцыяльнай фармацэўтычнай адукацыяй. Яны маюць спэцыяльныя дыплёмы. І таму я лічу, што яны ня пойдуць на нейкія махлярствы. Апрача таго, аптэкі ня могуць нічога прадаваць, не атрымаўшы сэртыфікату”.

Усяго ў Беларусі 850 дзяржаўных аптэк і 330 недзяржаўных. Адны зь іх маюць аднаго-двух супрацоўнікаў, іншыя – каля дзясятка. У тое, што ўсе бяз вынятку некалькі тысяч беларускіх аптэкараў людзі сумленныя, звычайныя спажыўцы лекаў, паводле майго апытаньня, ня вераць.

(Алена Пятроўна: ) “Мы ня ведаем, што купляем. Нам кажуць, што 80 % –гэта падробленыя лекі. Той, хто хоча шмат грошай, той ідзе на любое злачынства. Вось і ўсё”.

(Аляксандар: ) “Могуць, вядома. Дрэнна ўсё гэта”.

(Іван Пятровіч: ) “З Расеі, адкуль хочаш можа быць падробка”.

(Ігар: ) “Могуць. Без сумневу”.

Фірмы, якія ўвозяць мэдпрэпараты, мусяць кожную сэрыю прапусьціць праз экспэртызу. Самая сучасная лябараторыя створана проста пры Міністэрстве аховы здароўя. Як паведаміў адказны супрацоўнік Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў Аляксандар Шаракоў, у 2002 годзе тут было выяўлена 17 выпадкаў фальшывых лекаў, а летась толькі два:

(Шаракоў: ) “Супрастын – там было нармальна ўсё унутры (яго склад), але гэта быў не арыгінальны прэпарат. А вось цэфазалінанатравая соль – гэта былі фальсыфікаваныя лекі. Там другі антыбіётык. Вось гэта была падробка, у якую паклалі абсалютна іншую сыравіну”.

Фармацэўтычным бізнэсам у Беларусі займаюцца дзясяткі фірмаў. “Камфарм” – адна з найбольшых. Паводле яе дырэктара Ўладзімера Адамовіча, каля 90% фірмаў завозяць лекі ў Беларусь з Расеі. Ці могуць адтуль трапіць да нас фальшыўкі?

(Адамовіч: ) “Могуць, гэта калі завозіш з Расеі. Таму што з Расеяй няма мяжы. Транспарт праходзіць лёгка. А ў Расеі якраз і ёсьць падпольныя заводы – яны й прадукуюць фальшывыя лекі, на якія ёсьць попыт”.

Гэтак сама мяркуюць і мае рэспандэнты на менскіх вуліцах:

(Алег: )“Могуць. Дзесьці падпольна зробленыя, танныя й завезеныя з краін “блізкага” замежжа”.

(Валянціна: ) “Наагул, я люблю купляць лекі нашых барысаўскіх “Мэдпрэпаратаў”. Свайму я давяраю больш”.

(Карэспандэнт: ) “А расейскаму?”

(Валянціна: ) “А расейскаму ня вельмі”.

Паводле справаздачы галоўнага кантрольнага ўпраўленьня прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, штогадовае абарачэньне на гэтым рынку падробак дасягае аб’ёму двухсот мільёнаў даляраў. Кожная дзясятая таблетка ў Расеі –фальшывая…

Лекавы экспэрт Аляксандар Шаракоў таксама зь вялікім недаверам ставіцца якраз да расейскага кірунку фармацэўтычнага імпарту:

(Шаракоў: ) “Ну і ўсе гэтыя фальсыфікаты ішлі праз Расею. Таму што салідныя дзяржавы гэтага ня робяць. Ровень расейскай фармацэўтычнай прамысловасьці дасягнуў таго, што таблетку можна зрабіць адзін да аднаго з заводам-вытворцам”.

Як цьвердзяць прадстаўнікі расейскага МУС, падробленыя лекі рэалізуюцца ня толькі ў самой Расеі, але й у блізкім замежжы Расейскай Фэдэрацыі. Відавочна, што Беларусь у гэтым сьпісе ці не на першым месцы. Разважае прадстаўніца Агульнарасейскага грамадзкага фонду “Здароўе чалавека” Галіна Чарнабаева:

(Чарнабаева: ) “Вядома, фальшывыя лекі ёсьць усюды – і ў Беларусі, і ў Расеі. Кантрафактная прадукцыя трапляе на рынак”.

На міжнародным лекавым рынку абарочваецца каля 7% фальшывак. Адзін з магчымых шляхоў іх набыцьця – прыватны гандаль. Гаворыць галоўны лекар Маладэчанскай лякарні Іван Лужынскі:

(Лужынскі: ) “На лякарні клеяць такія абвесткі. Але я змагаюся з гэтым проста. Тэлефаную й цікаўлюся адрасам. І на якой падставе ідзе гэты гандаль? З рук тут хто ж можа застрахавацца?!”

Экспэрты згодныя ў меркаваньнях: цалкам выключыць магчымасьць нелегальнага імпарту фальшывых лекаў з Расеі кантрольна-аналітычныя лябараторыі ня могуць. Гаворыць Аляксандар Шаракоў:

(Шаракоў: ) “Але ж я не магу ведаць, што нехта дзесьці прадасьць неафіцыйна. Гэта ўжо павінны займацца адпаведныя органы”.

Такі орган у Беларусі – упраўленьне для барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю Міністэрства ўнутраных справаў. Якія вынікі яго змаганьня з фальсыфікатамі? Вось што паведаміў мне начальнік упраўленьня Анатоль Акуней:

(Акуней: ) “Мы не выяўлялі такіх фактаў. Не выяўлялі”.

Чаму не выяўлялі, палкоўнік міліцыі Акуней ня стаў тлумачыць. Паводле ж дасьведчаных крыніц, для гэтага ў беларускіх барацьбітоў з эканамічнай злачыннасьцю няма магчымасьцяў. А менавіта: прафэсіяналаў-фармацэўтаў і тэхнічнай базы. Вось і атрымліваецца: каб цалкам засьцерагчыся ад падробак, у сьвеце, як сьцьвярджаюць мудрыя людзі, існуе ўсяго адзіны рэцэпт. Быць здаровым!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG