Помнік Леніну на цэнтральнай плошчы Круглага прастаяў больш за дваццаць гадоў. Паводле інфармацыі райвыканкаму, каменны манумэнт мае пашкоджаньні ў скроневай частцы галавы. Развальваецца таксама трыбуна каля помніку, і таму круглянскія ўлады вырашылі зрабіць рамонт плошчы і рэстаўрацыю самога помніка. Грошы на гэтыя патрэбы ўлады мяркуюць зьбіраць усім раёнам, гаворыць кіраўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Тамара Аксёнава:
(Аксёнава: ) “Будзем праводзіць суботнікі. Будзем зьвяртацца ў працоўныя калектывы, хто колькі зможа ахвяраваць грошай для аднаўленьня помніка”.
Жыхары Круглага па-рознаму паставіліся да дэмантажу помніка Леніну. Старыя людзі абураюцца: яны ня вераць, што Ленін неўзабаве вернецца на плошчу. Больш маладым круглянцам шкада немалых сродкаў для рэстаўрацыі постаці правадыра пралетарыяту. Аднак большая частка людзей паставілася да зьнікненьня помніка абыякава, — так гаворыць лідэр круглянскай арганізацыі АГП Аляксандар Булаўкін.
(Булаўкін: ) “Я неяк ішоў па вуліцы і людзі гавораць: “Паглядзіце, помнік зьнялі”. Я кажу, што, напэўна, будуць перамены да лепшага. А вашае якое меркаваньне? А яны гавораць — якая розьніца, нам гэты глыбока нецікава”.
Круглянскія дэмакраты задаволеныя зьнікненьнем сымбалю савецкага ладу жыцьця. Вось меркаваньне дэпутаткі райсавету ад АГП Зінаіды Мялешчанкі:
(Мялешчанка: ) “Нават у Бібліі напісана: не ствары сабе куміра. Мы цэлых семдзесят гадоў маліліся на чалавека, які нават блізка каля Бога ня быў. І пакуль вісяць ягоныя выявы, пакуль стаяць помнікі ў Беларусі, Бог да нас не павернецца”.
Круглянскі помнік Леніну — ня першы ў Магілёўскай вобласьці, які дэмантавалі. Пры канцы лютага ў Глуску ў каменнага Леніна адвалілася рука, і яго давялося прыбраць з цэнтральнай плошчы на склад райвыканкаму. На абяцаныя абсьледаваньне і рэстаўрацыю сродкаў не стае.
У Чэрыкаве на рамонт пастамэнта помніка Леніну сабралі з народу і прадпрыемстваў 3,5 мільёна рублёў, але гэтага недастаткова, працы ідуць марудна.
У Магілёўскай абласной управе культуры паведамілі, што ў дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў уваходзяць толькі магілёўскі і бабруйскі помнікі Леніну (гэта аўтарскія працы, выкананыя з бронзы), а тыя, якія ёсьць у раённых цэнтрах, у асноўным бэтонныя, і ніякай мастацкай каштоўнасьці ня маюць. Таму поўны дэмантаж гэтых скульптураў Леніна, зазначылі спэцыялісты, закону не супярэчыць.