Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКІ ЛІЧАЦЬ НЕЗАКОННЫМ РАШЭНЬНЕ АБ СТВАРЭНЬНІ КУРАПАЦКАЙ ДРУЖЫНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Бараўлянскага сельскага выканкаму спачатку пагадзілася з прапановай Менскай абласной арганізацыі партыі БНФ стварыць добраахвотную дружыну, якая б ахоўвала Курапаты. Але калі дружыньнікі з БНФ, партыі Свабоды й руху “Зубр” у мінулую суботу прыйшлі патруляваць урочышча, міліцыянты паказалі ім іншы дакумэнт. Старшыня Бараўлянскага сельвыканкаму Пётар Лапшын адмяніў сваё ж рашэньне на той падставе, што нібыта ніхто з курапацкіх дружыньнікаў не жыве й не працуе на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету.

24 траўня ініцыятары стварэньня дружыны дэпутат райсавету Юрась Зянковіч і Ўладзімер Кішкурна, а таксама журналісты наведалі кабінэты чыноўнікаў. Намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму Ігар Зіновіч сказаў, што прынятае раней Бараўлянскім выканкамам рашэньне не адпавядала прыкладнай пастанове Саўміну аб стварэньні добраахвотнай народнай дружыны:

(Зіновіч: ) “Як ствараюцца дружыны? Яны кіруюцца прыкладнай пастановай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь. Там гаворыцца, што добраахвотная дружына ствараецца паводле тэрытарыяльнага ці вытворчага прынцыпу. Любую праблему мы павінны вырашаць у рамках дзейнага заканадаўства”.

Дэпутат Юрась Зянковіч спрабаваў давесьці чыноўніку, што палажэньне Саўміну ёсьць толькі прыкладным. І прапанаваў прыняць на сэсіі райсавету свой нарматыўны дакумэнт аб дружынах. Каб сябры БНФ мелі магчымасьць падтрымліваць парадак у Курапатах. Але Ігар Зіновіч сказаў, што мясцовае палажэньне ня можа супярэчыць дакумэнту, прынятаму Саўмінам.

Старшыня Бараўлянскага сельвыканкаму Пётар Лапшын гаворыць, што, калі прымалася рашэньне аб стварэньні дружыны, ён ня ведаў аб палажэньні Саўміну. Паводле яго, Курапаты цяпер будуць патрулявацца міліцыяй:

(Лапшын: ) “Мы не адмаўляемся ад таго, каб падтрымліваць парадак у Курапатах. І ёсьць даручэньне Бараўлянскаму аддзелу міліцыі, каб ён зьвяртаў больш пільную ўвагу на тое, што там адбываецца. Мы заклапочаныя тым, каб там быў парадак. А ўсе іншыя грамадзкія арганізацыі, мы ня тое каб не пускалі туды – калі ласка. Усё добрае й разумнае павінна быць там, бо гэта нашая памяць”.

Дэпутат Юрась Зянковіч з аргумэнтацыяй уладаў ня згодны:

(Зянковіч: ) “Улады спужаліся масавасьці дружыны таму, што шмат людзей выказала жаданьне падтрымліваць парадак у Курапатах. І таму на спадара Лапшына зьверху быў аказаны ціск. Ён быў вымушаны адмяніць гэтае рашэньне.

Я як дэпутат райсавету нязгодны з тымі аргумэнтамі, якія нам сёньня прыводзілі прадстаўнікі ўладаў. І таму я буду ўносіць на разгляд бліжэйшай сэсіі раённага савету праект палажэньня пра народныя дружыны на тэрыторыі Менскага раёну. І я маю надзею, што прынамсі тая частка дэпутатаў, якая сапраўды хоча вырашыць праблему Курапатаў, падтрымае маю прапанову”.

Кіраўнік дружыны Ўладзімер Кішкурна сказаў, што, нягледзячы на рашэньне ўладаў, дружыньнікі будуць патруляваць Курапаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG