Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСПАМІНЫ НА 50-ГОДЗЬДЗЕ – ЯК СПЭЦСЛУЖБЫ СПРАБАВАЛІ ЗАСЛАЦЬ ШПІЁНА НА РАДЫЁ СВАБОДА


Ганна Сурмач, Прага

Напэўна, галоўным клопатам савецкіх спэцслужбаў была задача закінуць на Радыё Свабода сваіх шпіёнаў. Вядома, што такія выпадкі былі выяўлены на радыё. На шчасьце, у беларускай рэдакцыі нікога не падазравалі ў такім супрацоўніцтве. Але, былі спробы завэрбаваць людзей і ў беларускім асяродзьдзі.

Мы зьвязаліся з Мацеем Канапацкім, які жыве ў польскім горадзе Сопаце, недалёка ад Гданьску.

Лёс гэтага чалавека заслугоўвае асобнай гаворкі, бо ён належыць да вядомай ў беларускім нацыянальным руху сям’і беларускіх татараў Канапацкіх, чые нашчадкі жывуць цяпер і ў Беларусі. Бацька спадара Мацея – палкоўнік Гасан Канапацкі, родам зь Менску, у 1919-20 гадох ствараў у Менску беларускія вайсковыя аддзелы. Потым сям’я жыла ў Вільні, дзе Канапацкі прымаў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці, выдаваў часапіс “Беларускі радны”.

У 1946 годзе Канапацкія выехалі як рэпатрыянты ў Польшчу, бо ў дакумэнтах былі запісаныя палякамі.

Мацей Канапацкі з раньняга дзяцінства далучыўся да беларускай справы, вучыўся ў Беларускай віленскай гімназіі. У Польшчы скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці філялёгія. Далучыўся да беларускага жыцьця ў Польшчы. З 1957 па 1964 год працаваў у беластоцкай “Ніве”.

(Канапацкі: ) “У 1956 годзе, калі было 50-годзьдзе выхаду першага нумару газэты "Наша Ніва" у Вільні, я даў матэрыял у "Ніву" ў Беластоку. Былі станоўчыя водгукі Радыё Свабода, неяк і туды "Ніва" дайшла. І там мяне пахвалілі, што вось, Мацей Канапацкі піша, публікуе тое, што замоўчваецца ў Менску. Тады пачалася мая сувязь зь беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода. Пачаў слухаць, таму што чакаў на водгукі адтуль пра "Нашу Ніву", на тое, што я пісаў.

У 1959-60 гадох, калі я быў ў "Ніве", я жыў у рэдакцыйным пакойчыку на Весялоўскага 1, цяпер Суражская. Тады да мяне прыйшоў чалавек з адпаведнай службы”.

(Сурмач: ) “Кім ён прадставіўся?”

(Канапацкі: ) “Як афіцэр службы. Такую прадаўгаватую легітымацыю мне паказаў, што ён прадстаўнік, магчыма, што гэта ад контарвыведкі. Я там ужо не чытаў. Ён размаўляў на польскай мове, вельмі добра размаўляў, і як паляк прадставіўся. Была ад яго прапанова, што яны хочуць, каб я паспрабаваў уладкавацца ў Мюнхен на Радыё Свабода.

Ведаеце, ногі мае адразу зьмяклі, у галаве ў мяне закружылася. Размовы былі да апоўначы. Не было прымусу, размова была ветлівая”.

(Сурмач: ) “А што ён сказаў? Чаму менавіта вам прапаноўвалі?”

(Канапацкі: ) “Яны ж ведалі. Калі б я, скажам, быццам бы ўцёк, апынуўся ў Мюнхене, у рэдакцыі я быў бы свой чалавек таму, што бацька такі ў мяне, і такая традыцыя. Ніхто б не падумаў, што я працую на карысьць агіднай справы. Бачыце, было б так, калі б я пагадзіўся.

І ён пасьля прыходзіў некалькі разоў да мяне, заўсёды папярэдне тэлефанаваў. Аднойчы ён сказаў: "Вы чалавек вельмі інтэлігентны, вы вельмі патрэбны Польшчы. Татары заўсёды былі адданыя гэтай краіне, і вы павінны таксама на карысьць яе штосьці рабіць у Мюнхене". Вось так сказаў.

Я адказаў: "Не". І патлумачыў, чаму не магу, што я ў сьне гавару, ёсьць гэта ў мяне, ёсьць. Ён насьцярожыўся. Я ізноў сказаў, што не паеду. Ён сказаў: "Вы павінныя, гэта на карысьць Польшчы". А пра Беларусь і не ўспамінаў. І ён кажа так: "Мы нешта пра вас ведаем". Даволі грозна сказаў. Пачаўся пэўны шантаж.

Мне сказаў Юры Туронак, што нехта зь Мюнхену да мяне ехаў, хацеў са мною наладзіць сувязь, ад беларусаў, калі я працаваў у "Ніве". І не даехаў гэты чалавек”.

(Сурмач: ) “Вы мелі тады ўжо нейкія непасрэдныя кантакты з Радыё Свабода?”

(Канапацкі: ) “Я пачаў пісаць у рэдакцыю. Рэдакцыя падавала сваю адрэсу”.

(Сумач: ) “Ці даходзілі вашыя лісты ў Мюнхен?”

(Канапацкі: ) “Даходзілі. Магчыма таму даходзілі, каб удакладніць у чым справа. Дзякуючы гэтым лістам, улады зарыентаваліся, што я там як бы свой чалавек. А яны ж добра ведалі пра 1919-20 гады. Я ня мог здраджваць бацьку, я патаптаў бы памяць нашай сям'і, не кажучы ўжо пра сябе”.

(Сурмач: ) “Што было далей?”

(Канапацкі: ) “І вось ён прыйшоў яшчэ раз, можа пяты ці шосты раз ужо. Ніякіх абяцаньняў не было, але толькі пра тое, што я польскі патрыёт і павінен служыць Польшчы і там працаваць.

І што сталася. Мне пашанцавала. Было ўжо недалёка ад апоўначы. Мы сядзелі ў гэтым пакойчыку, дзе я меў ложак. Ёсьць такое расейскае слова "осенение", і я кажу: “Я хачу вам сказаць нешта пра вас". Ён кажа: “Калі ласка”. Я кажу яму: “Вы нарадзіліся за Ўралам, вы не закончылі палітэхнічны інстытут таму, што былі зь яго выключаныя”. Ён кажа: “Так”. Калі я гэта сказаў, ён трымаўся нармальна, але не пытаўся, адкуль я гэта ведаю. І ён больш да мяне не прыйшоў”.

(Сурмач: ) “Думаеце, што гэты чалавек ня быў прадстаўніком польскіх спэцслужбаў, а працаваў непасрэдна на Маскву?”

(Канапацкі: ) “Так, я яму сказаў, што ён за Ўралам нарадзіўся. Мы ж павінны ведаць, што палякі, якія там былі, іх бралі да такой працы ў Польшчы. І потым я сустрэў яго ў 1970-х гадах у Сопаце. Вельмі ветліва: "Добры дзень, што чуваць?"”

Мацей Канапацкі сьцьвярджае, што ён раней нічога ня ведаў пра гэтага чалавека, і гэтая ідэя прыйшла да яго як бы падсьвядома. Магчыма, што агент пад час кантактаў усё ж неяк стварыў уражаньне пра сваё савецкае мінулае.

(Сурмач: ) “Спадар Мацей, а што да вашых далейшых кантактаў з Радыё Свабода, ці працягвалі ім пісаць?”

(Канапацкі: ) “Не, больш не пісаў зь Беластоку, быў напужаны, добра напужаны. У мяне пачалася такая тэмпэратура, у галаве ўсё кружылася таму, што страх, нармальны страх. Я не ёсьць героем, чалавек мае страх. Я апынуўся ў шпіталі, ўсё ад гэтых перажываньняў”.

Мацей Канапацкі сказаў, што да сёньняшняга дня застаецца сталым слухачом беларускай Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG