Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАШ ЭФІР 50 ГАДОЎ ТАМУ: "ДА СУРОДЗІЧАЎ НА БАЦЬКАЎШЧЫНЕ!"


RFE/RL

Дарагія суродзічы! Браты-Беларусы, дзе б Вы толькі не знаходзіліся!

З глыбокім узрушаньнем зьвяртаемся да Вас з вольнага сьвету праз Радыё "Вызваленьне".

Сярод нас ёсьць тыя, што пакаштавалі "справядлівасьці" тройкі НКВД у часох Яжова і Цанававы, бо за адданасьць свайму краю і за любоў да свайго народу былі прызнаныя "нацдэмамі", "ворагамі народу"; тыя, што ўцяклі з жудасных савецкіх турмаў, канцлягераў і масавых расстрэлаў; тыя, што ў часе апошняй вайны зь лясоў Беларусі грудзьмі станавіліся супраць бальшавіцкай навалы, заліваючы наш край, але змушаныя былі ўступіць пад націскам брутальнай сілы; тыя, якім удалося прарвацца на Захад з сотняй тысяч беларусаў, захопленых савецкім войскам ва Ўсходняй Прусіі ў 1945 годзе і пагнаных на Ўсход як быдла; тыя, што пакінулі шэрагі чырвонай арміі ў часе і пасьля апошняй вайны і пайшлі на Захад, каб знайсьці там свабоду; усе тыя, чые бацькі, брыты й сёстры або загінулі ад рук савецкага ката, або церпяць яшчэ зьдзек і катаваньне ў савецкіх турмах, сьмягнуць з голаду, холаду й непасільнай працы ў незьлічоных савецкіх лягерах; усе тыя, што дагэтуль абціраюць сьлёзы па сваіх найбліжэйшых – бацькох, братох, і сёстрах, жонках і дзяцёх.

Усе мы – дзе б мы толькі ні былі: ці ў вольных краінах Эўропы, ці ў свабодалюбнай Амэрыцы, ці ў далёкай Аўстралійскай дэмакратыі, ці ў гарачай Аргентыне й Бразыліі – усе мы злучаныя гарачай любоўю да сваіх найбліжэйшых, да свайго краю й народу, творым адну беларускую сям'ю ў вольным дэмакратычным сьвеце. Усе мы церпім душой і сэрцам за зьдзек бальшавікоў над Вамі, дарагія суродзічы, і ўсім нашым краем, бо ўсе мы добра знаем, што значыць бальшавіцкае панаваньне.

Словы, якія Вы пачуеце ў нашых перадачах, будуць словамі ад нас усіх і будуць скіраваныя да Вас усіх: і да сялян, якія адбываюць галодную савецкую паншчыну, і да работнікаў, імем якіх гандлююць крамлёўскія дыктатары, а фактычна нялюдзкай эксплюатацыяй высмоктваюць зь іх апошнія сілы, і да інтэлігенцыі савецкага апарату, чые веды і здольнасьці выкарыстоўваюцца прымусова на разбудову тыраніі над народам, і да жаўнераў чырвонай арміі, якіх зьненавіджаны Крэмль штыхамі змусіў абараняць тыранію перад хвалямі свабоды і імкнецца пры дапамозе тых жа штыхоў накінуць бальшавіцкую дыктатуру на рэшту вольнага сьвету. Мы будзем прамаўляць таксама і да тых камуністых, камсамольцаў і працаўнікоў МВД, якія ў заўпраднасьці стаяць з народам і вядуць скрытае змаганьне з бальшавізмам, а толькі з мусу выконваюць загады Крамля і належаць да ўпрывілеяваных.

Мы пэўны ў тым, што нашы перадачы знойдуць глыбокі водгук і зразуменьне сярод усіх пералічаных тут групаў. Бо занадта добра мы знаем іхнае жыцьцё і цярпеньні, бо моцна лучыць нас зь імі ў вадно любоў да свайго краю й народу ды нянавісьць да бальшавіцкай дыктатуры, бо роўна мы хварэем душой за нашых найбліжэйшых, якія сталіся ахвярамі савецкіх катаў, бо перад намі роўнае стаіць змаганьне за свабоду Беларусі, за вызваленьне паняволеных Крамлём народаў.

Праз усе гады, ад часу, калі змушаны былі пакінуць сваю бацькаўшчыну, мы вядзем несупынную барацьбу з бальшавізмам, і стараемся прыцягнуць увагу ўсяго вольнага сьвету да таго жудаснага стану, у якім апынуўся наш край і Вы, дарагія суродзічы. Нашае змаганьне расьце, павялічваецца, набірае большага размаху, з кожным месяцам мы робімся лічнейшымі й мацнейшымі.

Радыёстанцыя "Вызваленьне" ёсьць голасам стойкіх і адважных. Яна зьяўляецца тэй прыладай, пры дапамозе якой мы будзем інфармаваць Вас аб запраўдным, свабодным жыцьці ў вольным сьвеце, аб тэй бязьмежнай сымпатыі, якую выказвае гэты вольны сьвет да Вас, прыгнечаных, але захаваўшых поўнасьцю сваё людзкое "Я".



"Вызваленьне!" – гэта наш кліч і мэта, гэта наш назоў, пад якім мы прамаўляем да Вас сяньня і прамаўляць будзем кожны дзень. Мы ўважаем свой грамадзкі й людзкі абавязак інфармаваць Вас таксама аб'ектыўна й праўдзіва аб тым, што адбываецца навокал Вас, у Савецкім Саюзе, аб чым Вы нават ня маеце магчымасьці даведацца з хвальшывых інфармацыяў савецкага радыё й прэсы.

Слухайце нашага голасу, лавеце кожную магчымасьць, каб пачуць яго. Інфармуйце пра нашыя радыёперадачы ўсіх, да каго маеце давер, пры кожнай нагодзе. Не забывайцеся аб тым, што да Вас прамаўляюць Вашыя сыны і дочкі, Вашыя браты і сёстры, якія зьяўляюцца неадрыўнай часткай Вас саміх.

Памятайце, што мы ў вольным сьвеце робім усё магчымае для вызваленьня нашай бацькаўшчыны, і што пры супольным высілку з Вамі, з Божай помаччу мы пабачым яшчэ шчасьлівы дзень вольнасьці нашае любае Беларусі.

20.05.1954

Азымут сэрца

У тапаграфіі кут, мераны ўправа ад магнітнай поўначы, завецца азымутам. Азымут паказвае нам напрамак простага маршу да мэты. Зьмераны на карце рут досыць добра запамятаць – пасьля, гледзячы на стрэлку компасу, можна ў дзень і ў ночы ісьці проста да мэты.

Мы – беларускія эмігранты, маем свой зьмераны і добра запамятаны азымут ад месца нашага прабываньня да нашай мэты – Беларусі. І гэты азымут мы завём азымутам сэрца. Залежна ад нашага месца лічбы азымуту мяняюцца: і так, азымут з Аўстраліі іншы, чым з Англіі, а яшчэ іншы з Канады, але мэта застаецца адна і тая самая – дарагі, родны, паняволены наш край.

Ня лёгкі хлеб эмігранта і не зайздросная доля на чужыне, хоць матэрыяльна маемся пераважна няблага. Вольны, дэмакратычны сьвет прыняў нас наагул добра і даў усе правы вольных і поўнавартасных людзей. Але на асабістага дабрабыту мы тут шукаем, набіваючы ногі па ўсіх дарогах і бездарожжах чужога сьвету. Мы, як нашыя птушкі ў выраі: гнёздаў ня ўём – павароту чакаем. Ярдан ці Ніл, Тыбар ці Таміза, Амазонка ці Гудзон шумяць нам разьліўным Нёманам, сьветлай Дзьвіной. Пад ружовым урукам, шэрай аліўкай ці стромкім кіпарысам нам сьняцца нашыя родныя, вечназялёныя хвоі, белыя плакучыя бярозы.

Аднак мы ўпэўненыя, што Вы там, на паняволенай бацькаўшчыне, ня скажэце нам з дакорам: "Дык калі так сумуеце, чаму не вяртаецеся?" Бо Вы ведаеце, што мы тут маем выканаць адказную місію: супольна з вольным і дэмакратычным сьветам змагацца за зьнішчэньне найгоршага зла й няшчасьця якога людзтва ня знала ніколі ад свайго пачатку – дзікай, жудаснай, камуністычнай тыраніі ды вызваленьня нашага і іншых народаў з-пад гэтай злыбяды. Мы маем выканаць тое, чаго ня можаце выканаць Вы там, дзе ня толькі дзейнасьць і слова, але нават думка здушаная ў абцугох страху.

Мы гэтае заданьне выконваем і маем дасягненьні. Адным зь іх ёсьць наш голас радыё "Вызваленьне", празь якое мы сёньня прамаўляем да Вас.

Дарагія суродзічы! Ад вякоў і праз шэрагі стагодзьдзяў наш народ усё пачынаў ад Бога. Калі вясной наш араты ці сявец выходзіў на сваё поле, першае, што ён рабіў – хрысьціўся і казаў: "Памажы-ж Божа!", а пасьля кідаў першую жменю зярнят у ральлю. Дык і мы сёньня, кідаючы зерне вольнага слова з вольнага сьвету да Вас, дарагія суродзічы, таксама пачнем з таго, што нас жывіць і творыць, з чаго наш пачатак і наш канец.

Дык дай нам, Божа! Памажы нам, Божа!

Дык дай нам, Божа, каб нашае слова дайшло да Вас цераз усе запоры і барыкады, каб яно, дайшоўшы, знайшло ў вашых сэрцах пажаданы водгук!

І мы, верым, што так станецца. Хоць ноч і зіма лютуюць над нашым краем, мы верым у вясну і сьветлы дзень.

Дык накіроўваем хвалі Вызваленьня на азымут сэрца.

20.05.1954
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG