Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВУ ЛЕВАНЕЎСКАГА КГБ ПЕРАДАЎ У ПРАКУРАТУРУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня а 9-й вечара стане вядома: ці выпусьцяць Валерыя Леванеўскага, ці надалей будуць трымаць пад вартай. Яго арыштавалі на 15 дзён за распаўсюд улётак, а затым працягнулі арышт яшчэ на тры дні і перавялі яго зь міліцэйскага спэцпрыёмніку ў ізалятар. На сям’ю Леванеўскага аказвалі ціск. 13 дзён сядзеў пад арыштам ягоны сын Уладзімер. Ператрус адбыўся ў кватэры Леванеўскіх, на допытах у КГБ былі ягоныя дзеці — сын Зьміцер і дачка Кацярына.

(Леванеўская: ) “Вельмі цяжка нам, канечне, без гаспадара ў кватэры, дзьверы трэба рамантаваць. І ніхто на сябе гэтага не бярэ — хто ламаў. Траўма псыхалягічная. Каця, дачка, якая прысутнічала пры гэтым ператрусе, гаворыць: я нават згадваць не хачу, а калі згадваю, то кажа, мяне ўсю трасе. АМОН у масках з шчытамі — вось гэта ўсё, як яны дзьверы ламалі”.

Марына Леванеўская гаворыць, што тэлефануюць родныя, падтрымліваюць маральна, дапамагаюць крыху з харчамі. Тэлефанавалі таксама прадпрымальнікі, у тым ліку зь іншых гарадоў вобласьці, і таксама гаварылі аб сваёй падтрымцы. А вось што гавораць прадпрымальнікі на цэнтральным гарадзенскім рынку:

(Спадар: ) “Безумоўна, пра гэтую сытуацыю ведаюць амаль што ўсе, хто хоць трошкі цікавіцца гэтай справай. Большая падтрымка ў Леванеўскага, канечне, на “Паўднёвым” рынку. Канечне, і тут падтрымліваюць, па-чалавечы спачуваюць, і штосьці робяць людзі, але асноўная маса сядзіць ціха”.

(Другі спадар: ) “Разумееце, рэч у тым, што, як бы вам сказаць, ён піша рэклямкі ўсякія на страйк, але нічога толкам ён канкрэтнага ня робіць.Усе грошы, якія ён зьбірае на гэта ўсё, ідуць на ягонае ж утрыманьне, яго і ягоных дзяцей”.

Марына Леванеўская, аднак, гаворыць, што Валеры шмат займаўся дабрачыннасьцю, дапамагаў жаночай арганізацыі “Крыніца міласэрнасьці”, у якой яна працуе. Дарэчы, у офісе арганізацыі таксама ўзламалі дзьверы і зрабілі ператрус, дзьверы дагэтуль апячатаныя, гэта я бачыў сёньня сам.

Супраць Валерыя Леванеўскага распачатая крымінальная справа на падставе ўлёткі зь вершам, у якім, як лічаць сьледчыя, ёсьць абраза прэзыдэнта Лукашэнкі. Верш падпісаны прозьвішчам “Чукоўскі”. Марыну Леванеўскую таксама ўчора выклікалі ў КГБ да сьледчага Севярына.

(Леванеўская: ) “Пыталі: хто такі Чукоўскі, ці ведаю я паэта Чукоўскага? І пыталі: як вы думаеце, хто мог напісаць гэтыя вершы? Адно і тое ж пытаньне — пра Чукоўскага і пра верш было ў некалькіх варыянтах. Словы перастаўляліся месцамі, а сэнс адзін і той жа: дзе гэты паэт і хто пісаў гэты верш? Ну, я ня ведаю, адкуль я ведаю?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG