Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ОФІС АБСЭ Ў МЕНСКУ ЗАКЛАПОЧАНЫ СПРАВАЙ МІХАІЛА МАРЫНІЧА


Юры Сьвірко, Менск

Свой чарговы брыфінг прэсавая сакратарка офісу АБСЭ ў Менску Гайдзі Сьміт распачала з тэмы арышту Міхаіла Марыніча. Яна паведаміла, што офіс ужо накіраваў у Вену некалькі паведамленьняў пра гэтую справу, пасьля чаго на сталай радзе АБСЭ адбылася буйная дыскусія, дзе гучалі й пратэсты.

(Сьміт: ) “Я бы хацела сказаць, што існуе вельмі вялікая цікавасьць да справы спадара Марыніча — ня толькі ў Беларусі, але й за межамі”.

У гэтую сераду ў Варшаве распачнецца канфэрэнцыя аб ролі дэмакратычных інстытутаў, арганізаваная баўгарскім старшынёўствам АБСЭ ды яе Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). Туды накіроўваюцца дзьве беларускія дэлегацыі — адна ад уладаў, другая ад няўрадавых арганізацыяў. Якое месца на канфэрэнцыі зойме беларуская праблематыка ды ці мае яшчэ БДІПЧ спадзевы на зьмены Выбарчага кодэксу да сёлетніх парлямэнцкіх выбараў? Вось як на гэтае пытаньне адказала спадарыня Сьміт:

(Сьміт: ) “Нам дала зразумець Цэнтральная выбарчая камісія, што ня будзе ніякіх зьменаў у Выбарчым кодэксе да выбараў сёлета. БДІПЧ некалькі разоў прапаноўвала прыехаць і зрабіць захады ў справе паляпшэньня Выбарчага кодэксу. Але на гэты момант мы не спадзяемся на гэта. Мы чакаем, што ацэначная місія прыбудзе ў Беларусь у сярэдзіне наступнага месяца ці крыху пазьней”.

Гайдзі Сьміт закранула таксама праблемы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які апынуўся пад пагрозай закрыцьця, і зрабіла асаблівы акцэнт на рэзалюцыях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы наконт зьніклых і перасьледу сродкаў масавай інфармацыі. Паводле спадарыні Сьміт, офіс АБСЭ пільна вывучыў усе гэтыя дакумэнты ПАРЭ ды раіць зрабіць тое самае афіцыйнаму Менску:

(Сьміт: ) “Мы заахвочваем беларускія ўлады старанна вывучыць дакумэнты Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і заклікаем іх зрабіць усё, каб знайсьці злачынцаў і аддаць іх правасудзьдзю. Што да свабоды мэдыяў, дык офіс АБСЭ ў Менску рэгулярна паведамляў сталай радзе пра пагаршэньне сытуацыі зь незалежнымі СМІ, у тым ліку пра закрыцьцё сродкаў масавай інфармацыі ды перасьлед прадстаўнікоў мэдыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG