Удзельнікі акцыі трымалі ў руках сьцягі Свабоднага прафсаюзу і плякаты, сярод якіх быў і такі: “Па кантракце працуй-не працуй — атрымаеш у выніку…” Апроч таго, распаўсюджваліся інфармацыйныя бюлетэні Свабоднага прафсаюзу і зьбіраліся подпісы грамадзянаў пад зваротам з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі супраць прафсаюзных актывістаў. Апошнім часам у рэгіёне апынуліся за прахадной сваіх прадпрыемстваў пяць такіх актывістаў. Карэспандэнт Радыё Свабода пацікавіўся ў аднаго зь іх, старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Наваполацкай ЦЭЦ Вадзіма Духаменкі: ці ўладкаваўся хто са звольненых на працу?
(Духаменка: ) “Афіцыйна ўсе звольненыя актывісты сядзяць бяз працы. Што тычыцца мяне, дык я па цэнтрах занятасьці бегаць не зьбіраюся, бо зьбіраюся судовым парадкам аднавіцца на старой працы — начальнікам зьмены ЦЭЦ. Амаль у кожнага са звольненых па двое дзяцей, так што настрой у сем’ях адпаведны. Аднак, я перакананы: сьлёзы нашых жонак камусьці адальюцца”.