Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫРВОНЫ КРЫЖ ПАВЕДАМЛЯЎ ПРА ЗЬДЗЕКІ З ПАЛОННЫХ ЯШЧЭ ЛЕТАСЬ


Кастусь Бандарук, Прага

“Калі нават прэзыдэнт ЗША настойвае на тым, што дрэннае абыходжаньне зь вязьнямі, і што гэта адзінкавыя злоўжываньні з боку некалькіх недысцыплінаваных салдатаў, але ўсё адно непакоіць той факт, што прадстаўнікі найвышэйшага кіраўніцтва ЗША як мінімум заплюшчвалі вочы на такія паводзіны ахоўнікаў, а магчыма і заахвочвалі да гэтага”, – так лічыць аналітык з цэнтру Стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне Энтані Кордэсмэн.

Ён нядаўна вярнуўся з Іраку і ў інтэрвію для Радыё Свабода заявіў, што ў турме панавала атмасфэра варожасьці да вязьняў, якая спрыяла жорсткаму абыходжаньню зь імі.

(Кордэсмэн: ) “Па-мойму, відавочна, што на розных узроўнях амэрыканскае кіраўніцтва перавышала або дрэнна скарыстоўвала свае паўнамоцтвы. Як мінімум ускосна яно падахвочвала да таго, што адбывалася. Выглядае, што пасьля 11 верасьня ўзьнік клімат, у якім зьдзек зь вязьняў дапускаўся з практычных меркаваньняў”.

Паводле Энтані Кордэсмэна, усяго гэтага не было б, калі б сьледчым адкрыта забаранялася зьдзекавацца з палонных, і іх не падахвочвалі да збору інфармацыі любымі мэтадамі. На ягоную думку, абыходжаньне зь вязьнямі ў турме Абу-Грайб дазваляе меркаваць, што нешта падобнае адбываецца і ў іншых турмах, у прыватнасьці на вайсковай базе Гуантанама на Кубе, дзе ўтрымліваюцца вязьні, што былі арыштаваныя падчас вайны ў Аўганістане.

Стала вядома, што яшчэ летась у кастрычніку інспэктары Чырвонага крыжа былі гэтак усхваляваныя тым, што ўбачылі ў турме Абу Грайб, што скасавалі свой далейшы візыт і запатрабавалі тлумачэньняў з боку турэмных уладаў. У адмысловай справаздачы інспэктары напісалі, напрыклад, што голыя вязьні ўтрымліваліся цягам некалькіх дзён у поўнай цемры ў бэтонных камэрах. Ахоўнікі, у тым ліку жанчыны, зьдзекаваліся зь вязьняў і фатаграфавалі іх голымі, з паднятымі ўгару рукамі.

У дакумэнце канстатавалася, што “мэтады фізычнага і псыхалягічнага ціску з боку сьледчых былі часткай стандартнай практыкі, разьлічанай на атрыманьне паказаньняў”.

Паводле прадстаўніка Чырвонага крыжа, сёлета, у першай палове студзеня, у часе свайго двухдзённага візыту ў Вашынгтон, прэзыдэнт арганізацыі Джэйкаб Кэленбэргэр паведаміў пра гэта асабіста дзяржсакратару ЗША Коліну Паўэлу і дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандалізе Райс, а таксама намесьніку міністра абароны Полу Ўолфавіцу.

У мінулую пятніцу намесьнік камандзіра ўзброеных сілаў ЗША генэрал Сьміт заявіў, што яшчэ ў сьнежні летась былі пададзеныя скаргі з боку інспэктараў Чырвонага крыжа, і сытуацыя ў турме Абу Грайб зьмянілася. Генэрал адзначыў, што паляпшэньне стаўленьня да вязьняў пацьвердзілі і самі інспэктары Чырвонага крыжа ў часе свайго наступнага наведваньня турмы сёлета, напачатку студзеня.

Паведамленьні пра катаваньні і зьдзек з ірацкіх вязьняў прывялі да таго, што ў ЗША і па ўсім сьвеце гучаць заклікі да адстаўкі міністра абароны ЗША. Хаця прэзыдэнт Буш ня схільны адхіляць яго ад пасады, аднак апанэнты падкрэсьліваюць той факт, што Пэнтагон праігнараваў усе ранейшыя весткі пра тое, што адбывалася ў багдадзкай турме, і нясе непасрэдную адказнасьць за паводзіны сваіх салдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG