Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОМНІКУ КАРАТКЕВІЧУ Ў ВІЦЕБСКУ НЕВЯДОМЫЯ ВАНДАЛЫ НАМАЛЯВАЛІ СВАСТЫКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньня ніхто ня можа сказаць дакладна, калі на помніку Ўладзімеру Караткевічу, што стаіць у сквэры каля плошчы Леніна, зьявілася выява свастыкі ды яшчэ колькі нецэнзурных словаў, напісаных сіняй фарбай. Першыя тэлефонныя званкі са скаргамі грамадзянаў прагучалі ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі сёньня зранку. Разам зь міліцыянтамі на месцы здарэньня зьявіўся і супрацоўнік аддзелу культуры гарвыканкаму Яўген Клемянцёнак, які напачатку нават адмаўляўся камэнтаваць гэты факт, як, на ягоную думку, надта дробязны ды нязначны.

(Клемянцёнак: ) “Ну, ня трэба гэтага камэнтаваць! Я думаю, што той, хто намаляваў гэтую свастыку, нават добра ня ведае, што гэты сымбаль азначае. Зважаючы на зьмест астатніх надпісаў, я думаю, што гэта — звычайнае хуліганства. Ну, якая ў адносінах да Караткевіча можа быць міжнацыянальная варожасьць! Хаця падобныя праблемы былі: тройчы ў нас бурылі помнік Пэну на віцебскіх могілках. Але каб сказаць, што падобныя выпадкі маюць масавы характар, дык не!”

Больш насьцярожана да гэтага факту паставіліся віцебскія літаратары ды сябры Таварыства беларускай мовы, у тым ліку супрацоўніца Віцебскай абласной управы аховы помнікаў Ніна Сулецкая:

(Сулецкая: ) “Ведаеце, калі там намалявалі свастыку, гэта ўжо іншае — гэта ўжо ня толькі абраза помніка, але й прапаганда фашыстоўскіх сымбаляў, фашыстоўскае ідэалёгіі. І гэта ўжо артыкул Крымінальнага кодэксу! У нас жа і ў турму садзілі за гэта”.

Спадарыня Сулецкая згадала выпадак, калі за бойку са студэнтамі-замежнікамі асудзілі чатырох віцяблянаў, адзін зь якіх прызнаў сябе сябром мясцовай арганізацыі РНЕ. Ці мае дачыненьне РНЕ да апошняга здарэньня з помнікам Караткевічу, будуць высьвятляць сьледчыя. Але хіба ў тым выпадку, калі паводле гэтага факту будзе заведзеная крымінальная або адміністрацыйная справа. Пра гэта будзе вядома толькі заўтра.

Дарэчы, падобная крымінальная справа, заведзеная паводле факту пашкоджаньня помніка Ўладзімеру Караткевічу ў Воршы, так і ня скончылася станоўчым вынікам: злодзеяў, якія скралі шыльду зь вершаванымі радкамі пісьменьніка, дагэтуль не знайшлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG