Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНСТЫТУТ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ВАРШАВЕ ПРАВЁЎ ШТОГАДОВЫ СХОД


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Варта адзначыць дзьве імпрэзы, зь якімі асацыюецца Інстытут беларускай культуры тут, у Варшаве. Гэта традыцыйнае беларускае калядаваньне і ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтыя два сьвяты ладзяцца сябрамі інстытуту штогод і штогод зьбіраюць усё больш людзей. Напрыклад, на апошнім калядаваньні ў адным з варшаўскіх клюбаў было больш за 200 чалавек.

Кожны раз напрыканцы калядаваньня, калі ўжо паказаныя традыцыйныя беларускія калядкі, а госьці пачаставаліся дранікамі, смальцам, гуркамі і квасам, адбываецца канцэрт з удзелам найбольш вядомых беларускіх музыкаў. Апошнім часам тут былі, прыкладам, Віктар Шалкевіч і Кася Камоцкая. Сябры інстытуту, натуральна, ладзяць ці бяруць удзел яшчэ і ў шэрагу іншых імпрэзаў, дзе ёсьць магчымасьць прапагандаваць беларускую культуру.

У часе сёньняшняга сходу сябры інстытуту паслухалі справаздачу старшыні арганізацыі Вольгі Мазярскай, зацьвердзілі яе, ды абралі спадарыню Мазярскую кіраўніком Інстытуту на наступны тэрмін. Цікава, што намесьнікам старшыні Інстытуту быў абраны паляк Міхал Жэйміс, а сакратаром таксама паляк Марцін Зяневіч. Апошні, нават, вывучыў беларускую мову. Прапаную паслухаць, што ён сказаў нашаму радыё.

(Зяневіч: ) “Мой сябра ўжо даволі даўно працуе ў гэтай арганізацыі і распавёў таксама мне пра гэтую ініцыятыву. Мне спадабалася. Я хачу дзейнічаць у гэтай арганізацыі, каб пашыраць беларускую культуру сярод палякаў тут, у Польшчы”.

Варта адзначыць, што практычна ўсе акцыі інстытуту робяцца выключна намаганьнямі і коштам сябраў гэтай арганізацыі – варшаўскіх беларусаў ды палякаў, што цікавяцца беларускай культурай.

Пасьля сходу я запытаўся у спадарыні Вольгі Мазярскай, ці супрацоўнічае Інстытут зь цяперашнімі беларускімі ўладамі, ці прыкладам, зь беларускім дыпляматычным прадстаўніцтвам у Польшчы?

(Мазярская: ) “Я думаю, што гэта было б абразай для нашага Інстытуту сказаць, што мы супрацоўнічаем зь цяперашнімі афіцыйнымі ўладамі. Плямай, якую потым будзе вельмі цяжка змыць. Мы ад пачатку ігнаруем цяперашні рэжым, зь якім мы ня хочам мець нічога супольнага”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Вольга, а якія пляны ў Інстытуту беларускай культуры на будучыню, акрамя арганізацыі вашых традыцыйных імпрэзаў?”

(Мазярская: ) “Калі няма плянаў, дык я кажу сваім калегам – перачытайце Караткевіча. Пачытайце ізноў “Каласы пад сярпом тваім” і адразу зьявяцца і ідэі, і натхненьне, і жаданьне нешта рабіць. Нашыя пляны – рабіць як мага болей, каб прапагандаваць беларускую культуру, пры кожнай нагодзе нагадваць палякам, што ёсьць такая краіна, што там цяпер кепска, і што ёй трэба дапамагаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG