Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 6 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

6 траўня ў Беларусі вялікае традыцыйнае сьвята – Юр'я. Менавіта гэты дзень нашыя продкі лічылі пачаткам сапраўднае вясны, на Юр'ю першы раз пасьля зімы аглядалі палеткі і выганялі на пашу жывёлу, якой да гэтага дня мусіла хапіць зімовых запасаў корму. Сьвяты Юры ў гэты дзень адмыкаў ключамі зямлю і пускаў расу. Праўда, ёсьць у фальклёры і іранічныя вершы пра гэты дзень: "У годзе два Юр'і, ды абодва дурні, адзін халодны, другі галодны".

Сёньняшні дзень багаты на славутых людзей, што нарадзіліся ў розныя гады шостага траўня. Гэта галоўным чынам палітыкі і паэты. Дзяяч Францускай рэвалюцыі Максімільен Рабэсп'ер і сёньняшні ангельскі прэм'ер-міністар Тоні Блэр, індыйскі паэт і філёзаф Рабіндранат Тагор і беларускі перакладчык Шэксьпіра Юрка Гаўрук. А яшчэ ў гэты дзень прыйшлі на сьвет заснавальнік псыхааналізу Зыгмунт Фройд і прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, ваенны лётчык, герой мінулай вайны Мікалай Гастэла і паэт Юрась Сьвірка.

6 траўня – гэта таксама дзень рэвалюцыйных закалотаў і будаўнічых дасягненьняў. Праўда, апошніх усё ж болей. Мяркуйце самі. У 1966 годзе ў Менску ўрачыста адкрываюць новы Палац спорту, а праз два гады ў такі самы дзень у Парыжы закрываюць галоўны ўнівэрсытэт Сарбону – у зьвязку з вулічнымі баямі так званай студэнцкай рэвалюцыі. Яшчэ праз чвэрць стагодзьдзя, 6 траўня каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ і прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран урачыста адкрываюць тунэль паміж Францыяй і Англіяй пад пратокай Ла-Манш.

Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня беларускага паэта Паўлюка Труса.

Падаюць сьняжынкі – дыямэнты-росы,
Падаюць бялюткі за маім вакном...
Расчасалі вішні шоўкавыя косы
І ўранілі долу сьнегавы вянок.

Гэтыя радкі Паўлюка Труса кожны памятае са школы. Родам паэт быў зь вёскі Нізок Узьдзенскага раёну і пражыў усяго 25 гадоў – хвароба забрала яго ў 1929-м. Аднак за кароткае жыцьцё пасьпеў ён нямала – выпусьціў з друку дзьве кнігі паэзіі і стаў клясыкам айчыннае літаратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG