Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙКУЮЦЬ МАГІЛЁЎСКІЯ І БАБРУЙСКІЯ МАРШРУТНІКІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Сёньня ў Магілёве на плошчы Леніна сабраліся прадпрымальнікі — кіроўцы і ўладальнікі маршрутных таксовак. Больш за 200 чалавек прыйшлі, каб заявіць уладзе свае патрабаваньні.

(Спадар: ) “Два патрабаваньні — адмена касавага апарату і адмена мыты”.

(Спадар: ) “Я гэтых грошай не адаб’ю, ніколі ў жыцьці. Мне трэба сям’ю карміць і дзяцей”.

(Спадар: ) “Людзі працавалі на маршрутным таксі, і атрымліваецца, што яны засталіся недзе за агароджай, і ўладам на ўсё гэта напляваць”.

Маршрутнікі гавораць, што дадатковыя выдаткі ў першую чаргу паўплываюць на кошт праезду, які сёньня складае ў Магілёве ў сярэднім 500 рублёў.

(Спадар: ) “Мы трымаем самыя танныя кошты, а нас яшчэ і прыціскаюць. Усё ж гэта адаб’ецца ўрэшце на жыхарах гораду”.

Апошнім разам магілёўскія маршрутнікі страйкавалі ў сьнежні мінулага году, і тады сярод іншых патрабаваньняў гучала таксама адмена касавых апаратаў. Аднак з таго часу сытуацыя не зьмянілася. Прадпрымальнікі выказваюць свае меркаваньні, чаму ўлады ня хочуць да іх прыслухоўвацца.

(Спадар: ) “Хоча пазбавіцца ад прадпрымальнікаў, паставіць якія-небудзь свае структуры падкантрольныя, больш паслухмяныя”.

(Спадар: ) “Таму што мы — свабодныя людзі, атрымліваецца асобная кляса, незалежная ад дзяржавы. Заплаціў падакі — і ўсё!”

(Спадар: ) “Уладзе, відаць, нявыгадна, што мы плацім ёй падаткі, і чамусьці падабаецца, каб мы стаялі тут на плошчы і не працавалі”.

(Спадар: ) “Таму што ўлада людзьмі не цікавіцца. Улада глядзіць толькі сваю кішэню”.

Магілёўскія улады прапанавалі прафсаюзу аўтаперавозчыкаў “Садружнасьць”, у які ўваходзяць прыватныя маршрутнікі, прыпыніць страйк і пакуль адпрацаваць травень бяз касавых апаратаў і выплаты мыты.

(Спадар: ) “Просьба выехаць для таго, каб яны маглі за гэты час усе пытаньні, які мы задалі, прапрацоўваць у міністэрствах і ведамствах, і яны дадуць адказ”.

Аднак магілёўскія прадпрымальнікі не пагадзіліся з такой прапановай і заўтра абласны цэнтар зноў застанецца бяз большасьці маршрутных таксовак.

(Спадар: ) “Не, пры такіх умовах я ні ў якім разе ня буду выходзіць на працу. Хоць і буду шчыльней зацягваць папругу!”

(Спадар: ) “Таму што няма нармалёвых умоваў працы. Мы бы працавалі, але “абклалі” ўсім”.

(Спадар: ) “Заўтра мы страцім яшчэ болей, калі пагодзімся з гэтымі ўмовамі працы. Прычым нашмат болей. Ды ўсё страцім увогуле…”

Заўтра магілёўскія маршрутнікі дамовіліся зноў сустрэцца раніцай на цэнтральнай плошчы каля Дому саветаў. Іх бабруйскія калегі, паводле зьвестак прафсаюзу “Садружнасьць”, таксама заўтра працягнуць акцыю пратэсту ля будынку Бабруйскага гарвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG