Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЭНСА: “Я ЦЕШУСЯ, ШТО МЫ ДАЛУЧАЕМСЯ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Тыя палякі, хто змагаўся за незалежнасьць Польшчы ад Савецкага Саюзу адразу пасьля сканчэньня другой сусьветнай вайны і тыя, хто чвэрць стагодзьдзя таму стваралі “Салідарнасьць” наўрад ці маглі марыць пра тое, што менавіта іхная краіна першай у Эўропе вызваліцца ад камуністычных ланцугоў, а ўжо ў 2004 годзе стане паўнапраўным сябрам Эўрапейскага Зьвязу.

(Валэнса: ) “Я цешуся, што мы далучаемся да Эўразьвязу ў тым ліку і таму, што менавіта Польшча найбольш паўплывала на тое, што аб’яднаньне Эўропы цяпер магчымае”,

Так сказаў былы прэзыдэнт Польшчы, легендарны лідэр “Салідарнасьці” Лех Валэнса.

Для людзей, такіх як Валэнса, далучэньне Польшчы да НАТО, а цяпер вось жа і да Эўразьвязу было без перабольшваньня сэнсам усёй іхнай барацьбы.

Цікава, аднак, што пасьля 15 гадоў рэформаў, толькі кожны другі паляк выказвае задавальненьне з нагоды далучэньня ягонай краіны да Аб’яднанай Эўропы. Прадстаўнікі гэтай часткі польскага грамадзтва ўпэўненыя што сяброўства ў Эўразьвязе дасьць ім магчымасьць браць удзел у вырашэньні лёсу ўсяго кантынэнту, магчымасьць свабодна працаваць, вучыцца і рабіць бізнэс ў Эўропе. А тады эканоміка краіны будзе разьвівацца хутчэй, зьменшыцца беспрацоўе.

Сапраўды, паводле адмыслоўцаў, карысныя тэндэнцыі, якія ёсьць у польскай гаспадарцы, а сярод іх і амаль 5% эканамічнага ўзросту ў першым квартале, павінны па далучэньні да Эўразьвязу яшчэ больш узмацніцца.

(Бэлька: ) “Яшчэ сёлета беспрацоўных у Польшчы будзе на 200 тысячаў менш”, – кажа кандыдат на прэм’ер-міністра Польшчы прафэсар Марэк Бэлька.

(Цімашэвіч: ) “Эўропы ня трэба баяцца – гэта памылка. Мы павінны верыць у свае сілы”, – заяўляе міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч.

Тым ня менш, амаль кожны трэці паляк з насьцярогай успрымае далучэньне сваёй краіны да Эўразьвязу. Праціўнікі эўраінтэграцыі кажуць, што ў Аб’яднанай Эўропе польскі народ можа згубіць свае галоўныя каштоўнасьці – незалежнасьць і тысячагадовую культуру. Акрамя гэтага, на думку эўраскептыкаў, пасьля 1 траўня моцныя эўрапейскія карпарацыі давядуць да банкруцтва польскіх вытворцаў.

Прыкладна такі самы падзел на прыхільнікаў і праціўнікаў далучэньня Польшчы да Эўразьвязу і сярод беларусаў Беласточчыны. Гаворыць Дарафей Фіонік, гарадзкі радны зь Бельска Падляшскага.

(Фіонік: ) “З аднаго боку мы зможам атрымаць фонды з Эўразьвязу на патрэбы гораду. Але з другога боку, простыя беларусы баяцца новых коштаў, новых абмежаваньня ў і празьмернай лібэралізацыі”.

Аднак што тычыцца правоў беларускай меншасьці ў Польшчы, тут беларусы Беласточчыны згодныя – у Эўрапейскім зьвязе іх можна будзе забясьпечыць лепш, бо гэта прадугледжвае агульнаэўрапейскае заканадаўства.

Як бы там не было, але большасьць польскіх грамадзянаў усё ж цешацца, што іхная краіна будзе ў Эўразьвязе. Сьведчыць пра тое хаця б такі факт, што швачныя прадпрыемствы не пасьпяваюць задаволіць попыт на сьцягі Эўразьвязу, а музычныя калектывы па ўсёй краіне вучаць гімн Аб’яднанай Эўропы. Каб засьпяваць яго сёньня ўначы ў сваіх гарадох. Па-польску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG