30 красавіка 1632 году завяршылася жыцьцё аднаго зь сярэднявечных кіраўнікоў Беларусі караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы. Ягонае кіраваньне ўвайшло ў гісторыю падтрымкаю ідэі Берасьцейскай царкоўнай уніі, дапамогаю Ілжэдзімітрыю заняць расейскі дзяржаўны пасад, а таксама вяртаньнем у склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленшчыны.
30 красавіка 1930 году пакінуў гэты сьвет Мікалай Судзілоўскі. Родам ён быў з Магілёва, займаўся мэдыцынай і палітычнай дзейнасьцю ў розных краінах сьвету. У прыватнасьці, быў прэзыдэнтам Гавайскіх выспаў.
30 красавіка 1945 году скончыў жыцьцё самагубствам адзін з найвялікшых злачынцаў у гісторыі чалавецтва Адольф Гітлер.
Сярод тых, хто прыйшоў на сьвет 30 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня літаратуразнаўцу Мар'яна Зьдзяхоўскага і паэта Янку Журбу, чэскага пісьменьніка Яраслава Гашка, які пісаў пра прыгоды ўдалага ваякі Швэйка, і польскага філёляга Флярыяна Няўважнага, на рахунку якога дасьледаваньні беларускай літаратуры і пераклады твораў Купалы, Багдановіча, Барадуліна ды шмат іншых творцаў.
Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.
Плянуючы заўтрашні дзень, нашыя продкі сказалі б: на Кузьму. Менавіта так у народнай традыцыі называлі дзень першага траўня. А плянавалі на Кузьму сеяць моркву і буракі.
За савецкім часам першага траўня было афіцыйным сьвятам салідарнасьці працоўных. Але сваім паходжаньнем яно ніякага дачыненьня ні да Беларусі, ні да Савецкага Саюзу ня мае. Пачынаючы з 1890 году першамайскімі дэманстрацыямі адзначаецца ў сьвеце страйк амэрыканскіх работнікаў у Чыкага, які адбыўся чатырма гадамі раней. Тады работнікі патрабавалі 8-гадзінавага працоўнага дня. А запомніўся іхны страйк тым, што паліцыя адкрыла па дэманстрантах агонь і шмат людзей загінула.
А вось некалькі каляндарных датаў, зьвязаных са славутымі людзьмі.
1 траўня 305-га году рымскі імпэратар Дыяктэліян добраахвотна адмовіўся ад улады. Два гады перад тым гэты імпэратар-паганец задаўся мэтай канчаткова зьнішчыць хрысьціянства, але безвынікова. Расчараваны ўладца пакінуў пасад і адправіўся на пэнсію, каб рэшту жыцьця прысьвяціць вырошчваньню капусты.
Першага траўня ў сьпісе народжаных у гэты дзень славутых беларусаў знаходзім літаратараў Аляксандру Бергман, Алеся Петрашкевіча і Алега Лойку, мастака-графіка Міхася Басалыгу. Таксама ў гэты дзень нарадзілася вядомая эстрадная сьпявачка Ядвіга Паплаўская, што некалі сьпявала ў “Верасах”, а цяпер выступае дуэтам са сваім мужам Аляксандрам Ціхановічам.