Андрэй Юхнавец, кіраўнік праекта extreme.by – галоўны беларускі экстрэмал, загінуў падчас адкрыцьця байкерскага сэзону, 19 красавіка. Ён пераляцеў праз руль і патрапіў пад кола ўласнага матацыкла. Юхнавец быў добра вядомы ў колах бізнэсоўцаў, якія цікавяцца экстрымам, таму ягоная сьмерць выклікала вялікі рэзананс.
Людзі зноў загаварылі пра тое, як замінаюць на дарогах байкеры, як равуць іхныя маторы без заглушальнікаў… “Хлапцам пара ўсьвядоміць, што матацыкл – вельмі небясьпечная штука”, – падвяла высновы адна зь дзяржаўных беларускіх газэтаў. Матацыклістаў асуджалі нават іхныя калегі-экстрэмалы. Трэнэр па скалалазаньню Аляксей лічыць, што актыўны спорт мусіць мець сэнс і мэту.
(Аляксей: ) “Калі чалавек возьме бляшанку тушонкі і ўзьлезе на сьнежную гару, васьмітысячнік і там памрэ – гэта экстрэмал. Такім учынкам ён хоча выявіць свой від спорту”.
Праз два дні пасьля сьмерці Фідэля загінуў другі малады байкер – Аляксандар Кадоўбін “Немец”.
38-гадовая жанчына-кіроўца з Калінінграду папросту “не заўважыла” матацыкліста. І гэтая сьмерць прымусіла грамадзтва гаварыць пра іншую, больш небясьпечную зьяву, чым байкерства – гэта нізкую культуру аўтамабілістаў. Гаворыць Жэня Хан, культавая асоба сярод менскіх байкераў:
(Хан: ) “Нас не заўважаюць. З гэтым трэба штосьці рабіць. Скутэраў і матацыклаў усё больш у горадзе, а ДАІ нічога ня робіць. Мы будзем ладзіць дэманстрацыі й мітынгі, будзем дамагацца”.
Гаворыць Андрэй, байкер-адзіночка.
(Андрэй: ) “Мы езьдзім заўсёды з улучаным бліжнім сьвятлом, ставім глушыльнікі, каб нас было чуваць, але ў выпадку з Сашам гэта не дапамагло”.
Некалькі байкерскіх клюбаў, што ёсьць у Менску, зьбіраюцца патрабаваць, каб ДАІ вешала расьцяжкі й плякаты на вуліцах, якія б тлумачылі аўтамабілістам, што яны на дарогах не адныя.
У прэсавым цэнтры ДАІ мне патлумачылі, што культура дарожнага руху ў Беларусі нізкая і зьніжаецца надалей, у гэтым вінныя ўсе – пешаходы, раварысты, матацыклісты, але паколькі аўтамабілісты маюць перавагу, яны й “перамагаюць” у гэтай вулічнай вайне ўсіх супраць усіх.