Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ПАКАРАЛІ АРЫШТАМ АКТЫВІСТА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАГА РУХУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У будынак Ленінскага суду не пускалі нікога, хто прыйшоў на суд над Зьмітром Іваноўскім. А сабраліся каля трыццаці прадпрымальнікаў. Пяцёра міліцыянтаў ахоўвалі дзьверы, а насупраць увесь час дзяжурыла машына з амонаўцамі.

Міліцыянты таксама папярэдзілі, што тым больш забаронена пускаць журналістаў.

Увогуле разам з Іваноўскім дазволілі зайсьці толькі чатыром сьведкам зь ягонага боку. Сярод іх быў і намесьнік галоўнага рэдактара газэты “День” Андрэй Пачобут. Яму адразу сказалі пакінуць на вуліцы ня толькі дыктафон і фотаапарат, але і ўсе рэчы. Але гэта было яшчэ ня ўсё.

(Пачобут: ) “На ўваходзе намесьнік начальнік Ленінскага РАУС капітан Хілько загадаў, каб мне зрабілі асабісты догляд. Ён патлумачыў гэта загадам судзьдзі. Мне вывернулі кішэні. На судзе, пасьля таго, як я даў паказаньні як сьведка, я спытаў у судзьдзі Натальлі Козел — ці давала яна загад мяне абшукваць? Яна вельмі зьдзівілася. Ну, а прысутны міліцыянт патлумачыў, што мой асабісты догляд — гэта патрабаваньні бясьпекі суду. Пратакол асабістага догляду складзены ня быў”.

А вось за што склалі пратакол на спадара Іваноўскага:

(Іваноўскі: ) “Толькі за тое, што, як міліцыя гаворыць, – я сам задаваў пытаньні і адказваў на пытаньні прадпрымальнікаў. Гэта ўжо, паводле іх, зьяўляецца актыўным удзелам у несанкцыянаваным сходзе”.

Судзьдзя па адміністрацыйных справах Натальля Козел выслухала сьведкаў і сказала пачакаць прысуду на вуліцы. А 18-й суд скончыў сваю працу. А ў 18.45 міліцыянты запусьцілі ўнутр толькі самога Зьмітра Іваноўскага, забаранілі ўвайсьці нават ягоным сьведкам. Праз пяць хвілінаў дзьверы Ленінскага суду замкнулі на ключ.

З чорнага ходу вывелі і пасадзілі ў “варанок” Зьмітра Іваноўскага. Ён толькі пасьпеў крыкнуць, што яму далі 15 сутак арышту.

Нагадаем, дзесяцьцю суткамі арышту Іваноўскага пакаралі напачатку сакавіка за арганізацыю “мітынгу маўчаньня” прадпрымальнікаў. Усе 10 сутак ён галадаў за кратамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG