На паседжаньні ў якасьці судзьдзяў выступаюць сябры камісіі МАП, абвінаваўцаў — Міжнародны кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, адказчыкаў – урад Рэспублікі Беларусь, а сьведкамі — сябры незалежных прафсаюзаў і прадстаўнікі вышэйшых уладаў Беларусі.
Слуханьні распачаліся адмысловым дакладам прэзыдэнта Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Гай Райдара, у якім выкладаліся факты парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі. Затым з прамовай у абарону ўраду краіны выступіла намесьніца міністра працы Алена Колас. А далей прамаўлялі сьведкі: ад незалежных прафсаюзаў першым выступіў лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. У інтэрвію Радыё Свабода ён паведаміў, як гэта адбывалася:
(Ярашук: ) “Гэта быў напружаны дыялёг: прадстаўнікі ўраду знаходзілі розныя падставы, каб задаваць усялякія пытаньні. Я ня буду гэта камэнтаваць — і так зразумела, дзеля чаго гэта робіцца. Але ўсе, хто сьведчылі цягам гэтых некалькіх гадзінаў, давалі годныя адказы, і, як мне падаецца, гэты першы іспыт мы здаем”.
Праграма першага дня працы суду была прысьвечаная слуханьням пра парушэньне канвэнцыяў МАП у частцы ўмяшальніцтва ўраду Беларусі ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, прымусовага вываду сябраў з шэрагу незалежных прафаб’яднаньняў, а таксама ўціску і пагрозаў на адрас лідэраў і шараговых сяброў прафсаюзаў. Прадстаўніком ураду, які стараўся зьняпраўджваць гэтыя факты, выступіў дырэктар менскага заводу “Інтэграл” Віктар Емельянаў. Прадстаўнік МКСП Вадзім Барысаў, які ўдзельнічае у працэсе ў якасьці вінаваўцы, ягоную прамову пракамэнтаваў наступным чынам:
(Барысаў: ) “Я не магу казаць за камісію, але тыя факты, якімі мы валодаем пра парушэньне правоў прафсаюзаў: і на ўзроўні прафкамаў, і на ўзроўні прадпрыемстваў, і на ўзроўні фэдэрацыі — сьведчаць самі за сябе. І можна плесьці любыя палітычныя інтрыгі, але супраць фактаў ураду супрацьпаставіць няма чаго”.
Судовае слуханьне прадоўжыцца заўтра і, як мяркуецца, будзе завершанае ў першай палове дня.