Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗЬЯВІЛАСЯ НЕДЗЯРЖАЎНАЯ ГАЗЭТА ДЛЯ МОЛAДЗІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Новае віцебскае моладзевае выданьне — беларускамоўнае, і гэта прынцыповая пазыцыя рэдакцыйнае калегіі. Што да іншых вызначальных рысаў, то пра іх, мабыць, гаварыць яшчэ рана, бо выйшаў пакуль усяго толькі адзін, першы нумар гэтае газэты. Таму рэдактарка газэты “СТУдыЯ”, студэнтка Віцебскага ўнівэрсытэту Ганна Дашкевіч распавядае ў асноўным пра пляны новага выданьня:

(Дашкевіч: ) “Плянаў вельмі шмат. Але паколькі выйшаў толькі першы нумар, мы зараз сочым, як яго ўспрымае моладзь, студэнты… Пакуль што водгукі, дзякаваць богу, нядрэнныя! Увогуле ж мы хацелі зрабіць газэту, каб яна была адначасова і нефармальная, і інтэлектуальная. Каб яе адначасова было і цікава чытаць, і каб нейкая карысьць была ад яе “для галавы”, а ня так што — пачытаў, парагатаў ды выкінуў газэту гэтую”.

Дарэчы, сваю газэту выдаўцы назвалі “СТУдыЯ” ня толькі таму, што яна адрасаваная перадусім студэнцкай моладзі. “СТУдыЯ” — гэта яшчэ і свайго кшталту навучальнае выданьне, бо выпускаюць газэту будучыя журналісты. Так што павучыцца журналістыцы практычна — гэта таксама яшчэ адзін “пункт” са шматлікіх плянаў рэдакцыйнае калегіі.

Ёсьць у гэтых плянах і яшчэ адна задача — рэгістрацыя газэты. Яна актуальная ўжо таму, што Віцебшчына з усіх іншых абласьцей мае самую меншую колькасьць зарэгістраваных недзяржаўных выданьняў. Аднак тут рэдактарка Ганна Дашкевіч мае пэўныя сумневы:

(Дашкевіч: ) “Было бы выдатна, канечне, зарэгістравацца. Але пра гэта гаварыць, я лічу, пакуль што рана, трэба яшчэ “раскруціцца”. І што яшчэ да рэгістрацыі, то, я думаю, гэта няпроста будзе зрабіць пакуль у краіне такая ўлада. Давядзецца нам яшчэ пасядзець у падпольлі! Бо тая ж “Віцебская трыбуна” таксама мела посьпех у чытачоў, але ж яе ўлады зачынілі. Моладзеваму выданьню будзе прабіцца да рэгістрацыі яшчэ цяжэй!”

Ганна Дашкевіч згадала сумны прыклад — як нядаўна пазбавілі рэгістрацыі недзяржаўную газэту “Віцебская трыбуна”.

Што да адмыслова моладзевых выданьняў, то такое ў Віцебску таксама памятаюць: ня так даўно тут была зьявілася ды неўзабаве зьнікла моладзевая расейскамоўная газэта “Привет”. Зрэшты, у большасьці віцяблянаў застаўся пра яе хіба адзіны ўспамін: назву газэты друкавалі дагары нагамі, мабыць, дзеля прыцягненьня чытацкае ўвагі. І хаця газэта была належным чынам зарэгістраваная, дый увогуле была абвешчаная адзіным тутэйшым выданьнем, якое прызначалася адмыслова для моладзі, свайго чытача яна так і не знайшла, і “Привет” паціху проста спыніў існаваньне.

Ганна Дашкевіч згадала ягоны назоў дагары нагамі, зазначыўшы, што ён шмат у чым сымбалічны: маўляў, стаўленьне дзяржавы да сучаснае моладзевае палітыкі якраз такое і ёсьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG