Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАЛАРЫЦКІМ РАЁНЕ ХОЧУЦЬ ПРАВЕСЬЦІ МЯСЦОВЫ РЭФЭРЭНДУМ СУПРАЦЬ РАДЫЯКТЫЎНАГА МАГІЛЬНІКА


Алег Супрунюк, Маларыцкі раён

Сходы ў вёсках Струга і Пажэжын адбыліся паводле прапановы дэпутата Маларыцкага раённага савету Ўладзімера Малея, які ёсьць сябрам БНФ. Спадар Малей паведаміў вяскоўцам, што яны маюць магчымасьць празь мясцовы рэфэрэндум прадухіліць будаўніцтва на мяжы Берасьцейскага і Маларыцкага раёнаў адмысловага могільніку. На ім зьбіраюцца захоўваць забруджаны радыяцыяй грунт зь берасьцейскага аб’екту “802”. Яшчэ ў савецкі час на гэтым аб’екце перагружалі выпрацаваную ўранавую руду, якую прывозілі з атамных электрастанцыяў Ўсходняй Эўропы.

Паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, узровень радыяцыі на гэтай тэрыторыі ў некаторых месцах у сотні разоў перавышае дапушчальныя нормы. Некалькі гадоў таму было прынятае рашэньне перавезьці забруджаны грунт не ў чарнобыльскую зону, а ў ваколіцы Берасьця. Ад вёскі Струга да меркаванага могільніку менш за тры кілямэтры, і мясцовыя жыхары ў роспачы ад такога небясьпечнага суседзтва.

(Жанчына: ) “Навошта я купляла ў чыстым раёне хату? У мяне бацька загінуў, муж з Чарнобылю не вярнуўся — яго туды накіравалі. Я вэтэран працы, ганаровы донар, 36 гадоў здавала кроў. Хто мне заплаціць за гэтую хату, якую купіла і сама адбудавала? Што за агіднасьць такая!”

Начальнік аддзелу інфармацыі Маларыцкага райвыканкаму Сяргей Строк спрабаваў пераканаць вяскоўцаў, што могільнік радыяактыўных адкідаў не пагоршыць экалягічнай сытуацыі ў раёне і ня варта слухаць апазыцыю, якая, паводле ягоных словаў, наўмысна драматызуе наступствы гэтага будаўніцтва. Пасьля чаго спадар Строк заявіў:

(Строк: ) “Я вам скажу болей: гэты таварыш (калі яго можна назваць таварышам) Уладзімер Малей — сябра Партыі БНФ. Гэтая партыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі вы былі маладыя, была на баку фашыстоўскай Нямеччыны”.

Гэтыя словы маларыцкага чыноўніка абурылі прысутных, большасьць зь якіх памятае, што БНФ быў створаны праз 45 гадоў пасьля заканчэньня вайны.

Паводле беларускага заканадаўства, каб правесьці мясцовы рэфэрэндум, трэба сабраць подпісы ня менш як 10% грамадзянаў, што жывуць на тэрыторыі дадзенай адміністрацыйнай адзінкі. Сябры абранай на вясковых сходах ініцыятыўнай групы перакананыя, што здолеюць сабраць неабходную колькасьць подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG