Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІ АКАДЭМІК РАСКАЗВАЕ ПРА СУЧАСНЫ СТАН ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ СТАНЦЫІ


Юры Дракахруст, Прага

Падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС сумарны выкід радыяцыі, як падлічылі экспэрты, быў раўназначны выбуху 500 атамных бомбаў. Радыяцыйнае забруджваньне распаўсюдзілася на вялікую тэрыторыю і агульная колькасьць пацярпелых перавысіла 3 мільёны чалавек.

Чарнобыльскую АЭС вывялі з эксплюятацыі ў лістападзе 2000 году. Аднак і пасьля закрыцьця станцыі колькасьць зьвязаных зь ёй праблемаў не нашмат зьменшылася. У апошнія гады ўзьнікла пагроза разбурэньня саркафагу.

Унутры гэтага аб'екту знаходзяцца да 200 тонаў ядзернага паліва. Нават слабы землятрус можа справакаваць абвал састарэлай канструкцыі і моцны выкід ядзерных рэчываў. Існуе таксама небясьпека, што ў саркафаг патрапіць вада і выкліча ланцуговую ядзерную рэакцыю. Паводле дырэктара навукова-тэхнічна цэнтру “Сховішча” акадэміка Віктара Бар'яхтара такія перасьцярогі не пацьвярджаюць апошнія дасьледаваньні.

(Бар’яхтар: ) “З тэарэтычных меркаваньняў і практычных разьлікаў ды назіраньняў нельга казаць пра магчымасьць узьнікненьня ланцуговай рэакцыі. Але і выключыць гэта цалкам таксама немагчыма”.

Асаблівыя спадзяваньні навукоўцы ўскладаюць на новую абарончую абалонку над разбураным рэактарам. Заходнія краіны выдзелілі каля мільярду даляраў на распрацоўку і пабудову аб'екту "Сховішча". Пачатак яго пабудовы чакаецца ў наступным годзе.

(Бар’яхтар: ) “Рашэньне пра пабудову новага бясьпечнага ўкрыцьця, якое будзе зьдзейсьняць перапрацоўку радыяактыўнага паліва, даюць надзею, што не праз 1000 гадоў, як атрымліваецца паводле законаў фізыкі, а ўжо гадоў праз 100 Чарнобыльская зона стане зялёным садам, дзе можна будзе бесклапотна гуляць абсалютна бясьпечна для здароўя”.

Пакуль жа “чарнобыльская зона” робіць вельмі змрочнае ўражаньне на тых, хто ўпершыню наведвае гэтыя мясьціны. Турыстычныя фірмы ўжо некалькі гадоў запар прапаноўваюць усім, хто пажадае, ня толькі наведаць атамную электрастанцыю, але і прайсьціся па некалі жылых кварталах сучасных гарадоў-прывідаў у зоне адсяленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG