Менскі заапарк мае ўнікальную гісторыю – яго запачаткавала прадпрыемства цяжкой прамысловасьці. Людзі клапаціліся пра зьвяроў, прыносілі іх у “жывы куток”. Але праз два гады разваліўся Савецкі Саюз, і для зьвяроў насталі ня лепшыя часы. Дзяржаве й прадпрыемству было проста не да іх. Працаўнікі заапарку гадоў 16 працавалі амаль бясплатна. Зьбіралі харчы з прыватнага сэктару Чыжоўкі ды коньмі прывозілі іх у заапарк.
Гады чатыры таму сытуацыя пачала мяняцца – горад нарэшце вырашыў, што заапарк патрэбны і ўзяў яго пад сваю апеку. Сюды нарэшце правялі ваду й каналізацыю.
Сёлета гарадзкія ўлады выдзялілі на ўтрыманьне заапарка мільярд рублёў, і справы пайшлі на папраўку. Зьявіліся новыя адміністрацыйныя карпусы, кармакухня, жывёлаў сталі лепей карміць.
Аднак вальеры па-ранейшаму вельмі цесныя, і гэта, на думку заолягаў, прыводзіць да зьменаў, так бы мовіць, у натуры жывёлаў. Гэтак, два гады таму мядзьведзіха – прыязная цыркавая пэнсіянэрка – ашалела ад цеснаты і скусала супрацоўніцу заапарка, так што жанчына апынулася ў раэнімацыі. Колькі дзён таму уцёк амурскі тыгр, якога лавілі цэлы дзень.
Падчас наведваньня менскага заапарку ўзьнікае пачуцьцё жалю да жывёл, якія знаходяцца ў такім становішчы, як вязьні беларускіх турмаў. Пра гэта гавораць і наведнікі. Вось на хлопчыкаў напаў гусак белакрылай казаркі, які ахоўвае сваю жонку, якая сядзіць на яйках.
Менскі заапарк застаецца адным з апошніх заапаркаў у Эўропе, дзе зьвяры ўтрымоўваюцца ў вальерным рэжыме. Што-небудзь робіцца для таго, каб зьмяніць сытуацыю?
Аматары жывёлаў былі настроеныя скептычна што да пазыцыі ўладаў, бо ўсе памятаюць жорсткія выказваньні старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Паўлава наконт зьнішчэньня бадзяжных жывёлаў і падзеяў вакол новапабудаванага прытулка для бадзяжных жывёлаў, дзе запраўляюць скуралупы.
Але датычна заапарку распрацаваны плян, спрыяльны да жывёлаў. Улады выдзялілі 42 гэктары пад заапарк – дагэтуль ягоная тэрыторыя складала 4 гэктары, на якой скучыліся 130 відаў жывёлаў.
Дырэктар заапарку Юры Рабаў кажа, што зьвяроў адпусьцяць на адкрытую тэрыторыю і аддзеляць ад наведнікаў электрапастухамі й глыбокімі ірвамі. Для паўднёваамэрыканскіх жывёлаў пабудуюць сёлета экзатарыюм – шкляны купал вышынёю ў 10 м і плошчаю ў 1000 квадратных мэтраў, дзе будзе створаны кавалак вольнага трапічнага лесу.
Такі тып заапарку ўжо не зьяўляецца турмой для жывёлаў і называецца парк сафары. Па такім прынцыпе будуюцца заапаркі па ўсім сьвеце. Мой спадарожнік па заапарку, малады палітык, зазначыў нават, што, калі пляны Юр’я Рабава зьдзейсьняцца, жывёлы ў Беларусі атрымаюць свабоду раней за людзей.